Интернет-ресурсы

Пятница, 13 Июль 2018 11:06

УСТАНОВА, ДЗЕ ПАНУЕ МУЗЫКА

 

   Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Івянецкая дзіцячая школа мастацтваў” адзначыла 60-гадовы юбілей.

   У далёкім 1958 годзе ў гарадскім пасёлку адбыўся першы набор таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. Ім прапанавалі навучыцца іграць на фартэпіяна і баяне. У 1974 годзе быў адкрыты клас цымбалаў, у 1999-м – дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. За апошнія два гады дабавіліся класы флейты і харэаграфіі. Няма дакладных звестак пра тое, у якім памяшканні працаваў калектыў пачынальнікаў пад кіраўніцтвам Георгія Васільевіча Чыстага (школа некалькі разоў мяняла прапіску). Будынак, дзе сёння знаходзяць творчую рэалізацыю адораныя дзеці івянецкага наваколля, перададзены школе ў 2008 годзе. У красавіку 2017-га ўстанове прысвоена імя Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага. Вядомы дзеяч мастацтва ў свой час быў адным з выкладчыкаў. У 2015 годзе намаганнямі педагогаў школы і пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама заснаваны рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага. Двойчы членам журы была дачка вядомага чалавека – спявачка і кампазітар Ядвіга. На першым мерапрыемстве прысутнічаў і яе муж Аляксандр Ціхановіч. Вясной 2018 года фестываль адбыўся ў 4-ы раз.

     Школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Сярод іх шоумен, лідар гурта “Дразды”, ураджэнец вёскі Сівіца Віталій Карпанаў. Цяперашні дырэктар Таццяна Анатольеўна Шыдлоўская, дарэчы, таксама тут спасцігала азы музычнай граматы. Тут жа калісьці працаваў і яе бацька Анатоль Фаміч Янкоўскі. Сярод тых, хто мае пасведчанне аб заканчэнні навучальнай установы, дырэктар Дома культуры Станіслаў Іванавіч Бурачэўскі, выкладчыкі школы, яе дорскага філіяла, іншых устаноў. Напэўна, па ўсёй краіне немагчыма адшукаць аркестр, дзе б не было хоць аднаго музыканта, пачатак кар’еры якога – у Івянцы.

    Цяпер музычныя здольнасці 103-х выхаванцаў развіваюць 16 выкладчыкаў. Намаганнямі творчага, апантанага любімай справай калектыву і іх таленавітых вучняў пры школе існуе некалькі вядомых далёка за межамі гарадскога пасёлка творчых фарміраванняў: дзіцячы ансамбль народных інструментаў “Усмешка”, дзіцячы ансамбль старадаўніх інструментаў “Рарог”, хор старшакласнікаў, хор вучняў малодшых класаў, інструментальны квартэт настаўнікаў “Настрой”, інструментальнае трыа настаўнікаў. У бягучым годзе запушчаны яшчэ адзін праект – вакальны ансамбль народнай песні “Вянец”. Безліч узнагарод за годны ўдзел у конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню – вось набытак дружнай каманды.

    Падчас мерапрыемства, прысвечанага юбілейнай даце, за ўклад у культурнае развіццё Івянца ўстанове ўручана грамата Івянецкага гарпасялковага выканкама. Асаблівую ўвагу дзеючыя выкладчыкі і іх выхаванцы ў гэты дзень удзялілі ветэранам працы – Валерыю Паўлавічу Лапыцьку і Тарэсе Мечыславаўне Карніцкай. Госці, што завіталі ў школу, змаглі атрымаць асалоду ад выканаўчага майстэрства гаспадароў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота з архіва

Прочитано 100 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://volozhin.gov.by/ru/home/novosti-regiona/item/4262-ustanova-dze-panue-muzyka#sigProGalleria20462215ba

Погода в Воложине

© 2008 - 2013 Воложинский районный исполнительный комитет
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
222357, г.Воложин, пл. Свободы, 2, тел. 8 (017-72) 55-57-2

О САЙТЕ | КАРТА САЙТА | КОНТАКТ

Яндекс.Метрика

Разработка и поддержка сайта:
УП «Минская волна» , тел. (017) 222-23-53 
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.