Интернет-ресурсы

Пятница, 09 Ноябрь 2018 13:50

ГАРМОНІЯ ІХ ДУШАЎ – АГУЛЬНАЯ ГАРМОНІЯ

 

     Ёсць людзі, пасля сустрэчы з якімі душа нібы аздараўліваецца. Здаецца, і жыць, і дыхаць становіцца лягчэй. Сустрэць такіх – вялікая ўдача. А тут – адразу цэлая сям’я.

   У дом Віктара і Надзеі ШЫМАК з г. п. Івянец трапіла не выпадкова. Падказалі супрацоўнікі пассельвыканкама. “Напішыце пра іх, людзі ж проста цудоўныя, а дзеці – само зачараванне!” Тое, што матуля і тата выхоўваюць чацвярых нашчадкаў, ведала, але не чакала ўбачыць толькі дзяўчынак. Між іншым, усе яны аказаліся такімі прыгажунямі, што, калі сястрычкі ў поўным складзе адчынілі мне дзверы, аж дух захапіла. Дарэчы, юныя прынцэсы яшчэ і моцна падобныя адна на адну.

    Віктар Дзмітрыевіч і Надзея Генрыхаўна зусім маладыя людзі. Гаспадар нарадзіўся на Валожыншчыне, гаспадыня – з Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Абое – педагогі. У кожнага – пасведчанні аб заканчэнні педкаледжа і дыпломы педуніверсітэта імя М. Танка. Пазнаёмілі юнака і дзяўчыну сябры, прычым першая сустрэча не дала старту адносінам. А вось другая падарыла будучай пары сапраўдны шанц на сумесную будучыню. З гэтага моманту яны амаль не развітваліся, і ўжо праз паўгода справілі вяселле.

    Яшчэ халасцякамі дзяўчына і юнак марылі пра вялікую сям’ю, дзе будуць панаваць любоў, дружба, спагада, клопат, добры настрой і… творчасць. Справа ў тым, што Віктар і Надзея – мастакі. Маладая жанчына валодае літаральна ўсімі відамі рукадзелля – малюе, вышывае, шые, робіць эксклюзіўныя ўпрыгожанні. На сценах у кожным пакоі іх утульнага дома – яе работы. Ёсць і некалькі карцін, створаных рукамі Віктара. Ён, хоць выдатна ўмее маляваць, на творчыя праекты час знаходзіць рэдка. Часцей займаецца справамі рацыянальнымі. Большасць будаўнічых і аддзелачных работ у доме выканаў самастойна. З нуля ўзвёў гаспадарчыя пабудовы, абсталяваў дзіцячую пляцоўку. Разам муж і жонка займаюцца гародам, развялі курэй. Цікавую экскурсію асабіста для мяне правялі па падвале свайго дома. Такога багацця з разнастайных “закатак”  бачыць яшчэ не даводзілася. Гэта з улікам таго, што мой візіт адбыўся ў самым пачатку сезона нарыхтовак.

     У гаспадарчых клопатах дапамагаюць і дзяўчынкі. Старэйшая Вікторыя – зусім дарослая. Ад матулі пераняла ўменне ствараць прыгажосць рукамі. Яе малюнкі, у якіх пануюць пазітыў і радасць, выклікаюць захапленне. Многія з іх – удзельнікі розных выстаў. Акрамя таго, адзінаццацігадовая дзяўчынка стварае макеты інтэр’ераў, вырабляе лялек і адзенне да іх, спрабуе кухарыць, вучыцца іграць на цымбалах. У Вікі шыкоўнае пачуццё гумару. З іроніяй расказвае пра тое, як карыстаецца сваёй “уладай” у дачыненні да малодшых. Дарэчы, на будучыню будуе даволі амбіцыйныя планы. Не выключае, што стане кіраўніком. “Ну што рабіць, люблю камандаваць”, – са смехам каментуе такія дапушчэнні.

   Вераніка – прыроджаны філосаф. У яе малюнках адчуваецца сапраўдная індывідуальнасць і вельмі дарослы погляд на жыццё. А, між іншым, юнай мастачцы толькі дзевяць гадоў. Летуценніца, яна з цікаўнасцю паглыбляецца ў літаратурныя творы. Вельмі падрабязна гатова расказваць пра кожнага са сваіх любімых герояў. Мае здольнасць артыстычна перасказваць прачытанае. Ёсць у яе і, на мой погляд, незвычайнае для дзяўчынкі хобі – сабірае розныя канструкцыі з дэталяў канструктара “Лега”.   

    Кацюша адрозніваецца ад старэйшых сястрычак маўклівасцю, кучаравымі валасамі і тым, што яе інтарэс па-за рамкамі малявання. Марыць стаць балерынай. Чароўны свет складанага мастацтва з узросту немаўляці ўзяў у палон яе сэрца. Імкненне выказваць эмоцыі праз танец заўважны ў кожным руху, нават міміцы. Лёгкая, спрытная, шасцігадовая балерына дэманструе асобныя па, якія засвоіла на занятках харэаграфіі, і здаецца, што ў гэты час пераносіцца ў нейкую далеч, настолькі адухоўленым становіцца твар, а вочы свецяцца так, нібы ў іх адлюстроўваецца святло сапраўднай тэатральнай рампы.

     Маргарыце пакуль толькі тры гады. Відаць, што яна агульная пястуння. Нягледзячы на ўзрост, малая разумее гэта і нават карыстаецца сваім статусам любіміцы. З радасцю хінецца да кожнай з сястрычак. Як і Вікторыя з Веранікай, імкнецца да алоўкаў і фарбаў, старанна паўтарае рухі за Кацюшай. Не моцна любіць выконваць чыесьці загады, але самую старэйшую сястру слухаецца, відавочна, тая – вялікі аўтарытэт.

   У кожнай з дзяўчынак ёсць сваё асобнае кола прыяцеляў, але гэта не замінае ім сябраваць між сабой. Шымакі не былі б творчымі людзьмі, калі б усё, пачынаючы ад вядзення гаспадаркі да сямейных свят, не стараліся арганізоўваць неардынарна, весела і крэатыўна. У іх шмат радні, сяброў. З усімі падтрымліваюць шчырыя адносіны, кожнаму ў іх прасторным доме знойдзецца месца і нават роля падчас мерапрыемстваў, што ладзяцца з нагоды шматлікіх дзён нараджэння.

     Я, сама гаспадыня са стажам, не магла не пацікавіцца ў Надзеі, як вырашаюцца ў іх сям’і пытанні харчавання. Яна не бачыць у кухонных клопатах нічога надзвычайнага. Гатаваць любіць, дзяўчынкі імкнуцца ўдзельнічаць у стварэнні кулінарных шэдэўраў, ды і сам гаспадар калі-нікалі спрабуе паказаць свой талент повара. Дачушкі ў адзін голас хваляць татавы лянівыя галубцы. Маміны ж стравы амаль не абмяркоўваюцца. Як адзначыла Вікторыя, усё настолькі смачна, што прыдумаць новы камплімент ужо складана.

     Здаецца, Шымакі жывуць проста, але, разам з тым, ад усяго іх сямейнага ўкладу ідзе адчуванне сапраўднага парадку, планавасці і арганізаванасці. Самі яны аналізаваць сваё жыццё часу не маюць. Што і казаць, падымаць чацвярых дзетак няпроста, на дабрабыт патрэбны грошы. Вось і стараюцца шматдзетныя бацькі іх не толькі зарабіць, але і з розумам спажыць. Віктар працуе ў Пяршайскай школе, Надзея ж завіхаецца ва ўласнай майстэрні, нядаўна выйшла на працу ў дзіцячы сад. Ніхто не скажа, што жывецца ім лёгка, але ёсць адчуванне, што кожны, уключаючы дзяцей, існуе ў ладзе з сабой. Відаць, таму і пануе ў іх доме тое, чаго не хапае большасці з нас, –  сапраўдная гармонія.

Прочитано 31 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://volozhin.gov.by/ru/home/novosti-regiona/item/4670-garmoniya-ih-dusha%D1%9E-%E2%80%93-agulnaya-garmoniya#sigProGalleriabd2d6190b0

Погода в Воложине

© 2008 - 2013 Воложинский районный исполнительный комитет
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
222357, г.Воложин, пл. Свободы, 2, тел. 8 (017-72) 55-57-2

О САЙТЕ | КАРТА САЙТА | КОНТАКТ

Яндекс.Метрика

Разработка и поддержка сайта:
УП «Минская волна» , тел. (017) 222-23-53 
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.