Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Бібліятэка ў часе і прасторы

15.09.2020

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання ў Валожыне публічнай бібліятэкі. Такі шаноўны юбілей – выдатная нагода падвесці своеасаблівы вынік дзейнасці, задумацца над тым, як жа будзе развівацца бібліятэчная сістэма далей, а таксама азірнуцца ў гістарычнае мінулае.

1920 годзе ў райцэнтры па ініцыятыве мясцовага старасты была арганізавана невялікая публічная бібліятэка. Размяшчалася яна ў яго доме па вуліцы Віленскай (цяпер – Савецкая). Кніжны фонд фарміраваўся шляхам збору кніг у насельніцтва і праз некаторы час налічваў ужо каля трохсот экзэмпляраў. Большасць выданняў была на польскай мове, і толькі прыкладна трэцяя частка прадстаўлена класічнай рускай літаратурай. На рукі кнігі бралі за невялікую плату. На кожнага чытача заводзілася картка, дзе рабілася адзнака аб унясенні ўзносу. Працавала ўстанова тры дні ў тыдзень, яе паслугамі карысталіся недзе 50 чалавек.

Пры Савецкай уладзе, у 1939 годзе, бібліятэка перайшла пад райвыканкам. Першым загадчыкам установы стаў Васіль Іванавіч Колка, а яго памочнікам Раман Эдуардавіч Гарбачэўскі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка згарэла. Яе адраджэнне пачалося толькі пасля вызвалення Валожына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе, і першым месцазнаходжаннем стаў будынак па вул. Савецкай. Кніжны фонд ствараўся, зноў жа, з ахвяраванняў гараджан і ўжо да 1949 года складаў каля 3 тысяч экзэмпляраў. Загадчыкам працавала Алена Нікіфарава, а бібліятэкарам – Вера Кавалёва. У 1949 годзе арганізавалася яшчэ гарадская бібліятэка, якой загадвала Еўдакія Сямёнаўна Церахава.

Такім чынам, у горадзе працавалі 2 бібліятэкі. У 1956 годзе іх аб’ядналі, 10600 экзэмпляраў кніг перадалі з гарадской у раённую бібліятэку. Агульны кніжны фонд склаў 24500 зборнікаў. У штаце ўстановы працавалі два супрацоўнікі – загадчыца і бібліятэкар. Колькасць чытачоў складала 530 чалавек.

У пачатку 60-х гадоў сельскія бібліятэкі раёна не мелі вялікіх кніжных фондаў і не маглі забяспечыць патрэбы насельніцтва ў інфармацыі. Таму раённая бібліятэка шырока выкарыстоўвала такія формы абслугоўвання, як перасоўныя бібліятэкі і пункты выдачы літаратуры. У сувязі з гэтым у штат увялі адзінку загадчыка перасоўнага фонду.

Да 1963 года ва ўстанове працавалі чатыры супрацоўнікі: загадчыца – Рыма Іосіфаўна Макей, загадчыца чытальнай залы – Роза Іосіфаўна Сямякіна, загадчыца перасоўнага фонду – Марыя Сцяпанаўна Трыч, бібліятэкар – Тамара Арсеньеўна Авяр’янава.

У 1970 годзе, калі раённая бібліятэка перайшла ў цокальнае памяшканне новага жылога дома па вул. Партызанскай, значна палепшылася яе матэрыяльна-тэхнічная база. Цяпер тут працавалі ўжо 5 чалавек. Наведвалі яе больш за 3 тысячы чытачоў. Былі створаны алфавітны і сістэматычны каталогі на кніжны фонд, вяліся картатэкі. Штомесяц праводзіліся масавыя мерапрыемствы. Працавалі 15 пунктаў выдачы, якія існавалі практычна на ўсіх прадпрыемствах і ўстановах раёна.

Пад кіраўніцтвам дырэктара Марыі Сцяпанаўны Трыч працавалі ўжо 4 чалавекі. Гэта загадчыкі метадычнага аддзела Алена Канстанцінаўна Радзевіч, чытальнай залы Ганна Канстанцінаўна Грамыка, перасоўнага фонду Ірына Станіславаўна Каткевіч і бібліятэкар Вольга Ягораўна Пруднікава.

У 1978 годзе ў раёне ствараецца цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма з кніжным фондам 583,5 тыс. экзэмпляраў. Яна аб’ядноўвала 69 бібліятэк, колькасць чытачоў складала 41 тыс., кнігавыдача – 569 тыс. экзэмпляраў у год. Усе ўстановы набылі статус бібліятэк-філіялаў на чале з цэнтральнай раённай. Раённая дзіцячая бібліятэка стала яе аддзяленнем. Падчас падрыхтоўкі да цэнтралізацыі быў створаны адзіны кніжны фонд і зводны даведачна-бібліяграфічны апарат на яго.

У выніку ў цэнтральнай раённай бібліятэцы арганізоўваюцца новыя аддзелы, значна пашыраецца штат работнікаў. Дзякуючы гэтаму павышаецца якасць і эфектыўнасць апрацоўкі літаратуры, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання насельніцтва. Узрастае роля метадычнай службы раёна. Актывізуецца масавая работа.

Праца па пераводзе фондаў і каталогаў на бібліятэчна-бібліяграфічную класіфікацыю не толькі раённых, але і сельскіх бібліятэк пачалася ў 1980 годзе. З гэтай працаёмкай задачай калектыў установы справіўся за год.

У 70-80-х гадах шырока распаўсюдзіліся грамадскія агляды бібліятэк. Суднікаўская сельская бібліятэка была ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры СССР. Многія ўстановы раёна ўдастойваліся звання “Бібліятэка лепшай працы”. У 1978 годзе грамату Вярхоўнага Савета БССР атрымала загадчыца раённай бібліятэкі Марыя Сцяпанаўна Трыч.

У пачатку 80-х гадоў у калектыў прыходзяць маладыя, ініцыятыўныя работнікі – загадчык аддзела абслугоўвання Таццяна Валянцінаўна Ланько, загадчык аддзела камплектавання і апрацоўкі Зінаіда Аляксандраўна Макар, метадыст Вольга Іванаўна Шыкуць, загадчык раённай дзіцячай бібліятэкі Алена Ігнацьеўна Барахоўская, бібліёграф Надзея Мікалаеўна Мацвеева і інш., узначальвала калектыў у той час Алена Канстанцінаўна Родзевіч. З іх прыходам актывізуецца метадычная і даведніцка-бібліяграфічная работа, наглядная і масавая прапаганда кнігі.

Пачатак 90-х гадоў характарызуецца пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, што адбіваецца на стане бібліятэчнай справы ў раёне. З-за памяншэння колькасці насельніцтва значна знізіліся асноўныя паказчыкі. Зніжэнне новых паступленняў у фонды бібліятэк значна пагоршыла абслугоўванне чытачоў. У 1995 годзе іх колькасць скарацілася да 28 тыс. чалавек, кнігавыдача склала недзе 500 тыс. экзэмпляраў, колькасць бібліятэк паменшылася на 10 адзінак.

У 1996 годзе, нягледзячы на цяжкасці, знайшлі магчымасць выдзяліць на камплектаванне 36 млн рублёў. Фонд ЦРБ папоўніўся на 500 экзэмпляраў новай літаратуры.

У 1999 годзе цэнтральную бібліятэчную сістэму, якая ў гэты перыяд аб’ядноўвала 52 установы, узначаліла Алена Ігнацьеўна Барахоўская. Агульны кніжны фонд склаў 373 тыс. экзэмпляраў, абслугоўвалася больш за 25 тыс. чытачоў.

У штогадовым рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў розныя гады былі ўзнагароджаны граматамі Беларускага фонду культуры, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і грашовымі прэміямі Валожынская дзіцячая бібліятэка, Ракаўская, Вішнеўская, Дорская сельскія, Івянецкая гарпасялковая бібліятэкі.

У 2002 годзе ЦБС раёна ўзначаліла Ірына Міхайлаўна Зянько, а ў 2004 – цэнтральная раённая бібліятэка пераехала ў новы двухпавярховы будынак на плошчы Свабоды, 5. Тут працуюць асноўныя структурныя падраздзяленні: аддзел абслугоўвання чытачоў і інфармацыі, аддзел бібліятэчнага маркетынгу, аддзел апрацоўкі, камплектавання і арганізацыі адзінага фонду. З мэтай поўнага ахопу бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва ў маланаселеных і аддаленых вёсках пры ЦРБ дзейнічае бібліёбус. Ён уваходзіць у структуру аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі.

За выкананне ў 2012 годзе асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, забеспячэнне высокіх паказчыкаў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны цэнтральная раённая бібліятэка была занесена на раённую Дошку гонару.

У студзені 2017 года ў выніку рэарганізацыі Валожынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма перастала існаваць, а была створана Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка”. Сельскія бібліятэкі з’яўляюцца яе структурнымі падраздзяленнямі.

1 снежня 2018 года ўстанову ўзначаліла Марыя Зыгмундаўна Шынгер. Сёння сетка ўключае 14 устаноў, 2 з іх – бібліятэкі-клубы. Агульны кніжны фонд складае 170 тысяч экзэмпляраў, карыстальнікамі з’яўляюцца 13 тыс. чытачоў. У сістэме працуюць 53 супрацоўнікі, 29 – з вышэйшай адукацыяй.

У практыку работы інфармацыйнага і сацыякультурнага цэнтра актыўна ўкараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, адбыўся поўны пераход на праграмнае забеспячэнне AlisWEB, ёсць уласны сайт, паспяхова развіваецца прапаганда кнігі і чытання ў сацыяльных сетках. Установа з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсаў. Традыцыйнымі сталі піар-акцыі, якія ладзяцца ў рамках гарадскіх і раённых свят.

На практыцы адчуваецца дзяржаўная падтрымка, што абумоўлена добрым камплектаваннем кніжнага фонду і перыядычнымі выданнямі, паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, увядзеннем Дня бібліятэк. Менавіта ў гэты дзень, 15 верасня, Валожынская ЦРБ і адзначае свой 100-гадовы юбілей.

Нягледзячы на змену часоў і пакаленняў, бібліятэка па-ранейшаму застаецца патрэбнай і карыснай для кожнага з чытачоў. Няхай гэта традыцыя доўжыцца бясконца!

Настасся ПАХОЛКА,

намеснік дырэктара Валожынскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі