Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Матулі мілыя, паклон вам!

16.10.2020

У Дзень маці ў кінатэатр «Юнацтва» запрасілі самых вядомых, прыгожых, працавітых, з маладой душой і гарачым сэрцам жанчын-матуль Валожынскага раёна, каб у атмасферы ўрачыстасці яшчэ раз выказаць ім любоў і павагу.

Сярод дат, што адзначаюцца ў нашай краіне, Дзень маці займае асаблівае месца. Гэта свята, да якога ніхто не можа застацца абыякавым. Яно нагадвае пра традыцыі беражлівых адносін да жанчын, што падарылі нам жыццё. На Валожыншчыне ганарацца жанчынамі, якія не толькі добрасумленна працуюць, дамагаюцца значных поспехаў на вытворчасці, у сельскай гаспадарцы, адукацыі і медыцыне, гандлі і культуры, а таксама актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна і сваіх працоўных калектываў. Пры гэтым яны застаюцца пяшчотнымі, клапатлівымі, выхоўваюць разумных і таленавітых сыноў і дачок. З кожным годам расце колькасць жанчын, якія рашаюцца на сапраўдны мацярынскі подзвіг – нараджаюць траіх і больш дзяцей. Сёння ў раёне пражываюць 556 шматдзетных сям’яў, дзе падрастаюць 1817 дзяцей. У бягучым годзе Ала Казіміраўна Каласоўская з Валожына і Алена Валянцінаўна Палішчук з Дораў сталі ўладальніцамі Ордэна маці. А два дні таму падобную ўзнагароду на ўрачыстасці ў Мінску атрымала жыхарка вёскі Каштаноўка Алеся Васільеўна Сцепаненка.

У святочны дзень гераіні аднаго з самых паважаных свят у краіне пачулі ў свой адрас безліч цёплых і сардэчных слоў. А выказалі іх людзі, чые пасады і грамадская нагрузка падразумяваюць клопат пра жанчын-маці, дзяцей, сям’ю ў цэлым.

У першую чаргу вядучыя запрасілі на сцэну старшыню райвыканкама Яўгенія Міхайлавіча Круковіча. Кіраўнік раённай адміністрацыі ўзгадаў усё лепшае, што звязваецца звычайна са словам «маці», і шчыра падзякаваў жанчынам за бязмежную любоў да дзяцей, цярпенне да мужчын, дабрыню і прыгажосць. Яўгеній Міхайлавіч падкрэсліў: менавіта жанчыны – галоўнае звяно ў ланцугу жыцця, бо толькі яны, нараджаючы нашых нашчадкаў, напаўняюць гэта жыццё сэнсам.

Цэлым блокам прайшло віншаванне ад вайскоўцаў. Спецыяльна, каб павітаць жанчын, што носяць пагоны, і ўсіх матуль Валожыншчыны, на ўрачыстасць прыбыў намеснік начальніка генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Руслан Анатольевіч Касыгін. Руслан Анатольевіч узгадаў прыгожую прытчу пра анёла, імя якому маці, і ўручыў каштоўныя падарункі і ганаровыя граматы пяці прадстаўніцам часці 30695. Да віншавання далучыўся камандзір часці Андрэй Віктаравіч Калач і прадоўжыў цырымонію ўзнагароджання.

Старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Фадзееўна Рай, выйшаўшы да мікрафона, адзначыла, што хоць сучасная жанчына даўно нараўне з мужчынам з’яўляецца будаўніком грамадства – робіць кар’еру, дасягае вышынь у навуковай дзейнасці і творчасці, займае адказныя пасады, але галоўным яе прызначэннем па-ранейшаму застаецца мацярынства.

Благачынны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч звярнуўся да прысутных з пажаданнем шчасця і здароўя, а таксама з віншаваннямі ў гонар вялікага праваслаўнага свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Гераіні ўрачыстасці атрымалі ад святара Божае благаславенне, а затым усе прысутныя памаліліся за будучыню Беларусі.

У гэты дзень работнікі культры падрыхтавалі для жанчын-матуль шыкоўны падарунак у выглядзе канцэртнай праграмы, якую складалі з самых прыгожых і кранальных нумароў, што прагучалі ў выкананні лепшых артыстаў раённай сцэны. У фае кінатэатра была разгорнута выставы работ майстроў дэкаратыўна-пракладнога мастацтва, арганізавана фотазона, а валанцёры БРСМ і ФПБ раздавалі жанчынам паштоўкі і цукеркі. У час канцэртнай праграмы на экране дэманстравалася слайд-шоу «Жанчыны розных прафесій».

Спачатку калектывам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне быў наведзены парадак на тэрыторыі вакол Алеі маці ў Валожыне. Затым там жа актывісткі жаночага руху высадзілі 12 туй, якія прадаставіла сялянская фермерская гаспадарка «М-Плантз» (кіраўнік Яўгеній Мілінчук). У другой палавіне дня працоўны дэсант накіраваўся ў Вішнева. Насупраць Дома культуры прадстаўніцы грамадскай арганізацыі разам са спецыялістамі Вішнеўскага сельвыканкама, мясцовых устаноў і ваеннаслужачымі тэрміновай службы высадзілі яшчэ 44 дрэўцы. Бярозы і дубы для ўпрыгажэння населенага пункта і стварэння ў ім Алеі маці выдзеліў ДЛГУ «Валожынскі лясгас».

Нягледзячы на нестабільнае надвор’е (асноўная работа вялася дажджом), удзельніцы акцыі атрымалі задавальненне ад сумеснай карыснай работы, якая не толькі падняла настрой ім, але ў далейшым будзе радаваць жыхароў Валожына і Вішнева.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/11417-matuli-milyya-paklon-vam#sigProIde0f89d63f8