Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Форма жаноцкасці не перашкода

16.10.2020

Дзве прыгажуні ў ваеннай форме, якія шчыра ўсміхаюцца са здымка, – маці і дачка ЛЕЎЧЫКІ з Валожына. Вольга Георгіеўна – начальнік фінансавай службы часці, Кацярына Алегаўна – аператар.

Пагоны на плячах старэйшай жанчыны з’явіліся яшчэ ў 2004 годзе. З той пары граматны, не пазбаўлены амбіцый спецыяліст расла і ў сэнсе прафесіяналізму, і адносна званняў. Пачынала радавой тэлефаністкай. Была яфрэйтарам, малодшым сяржантам, сяржантам, старшым сяржантам. Стаўшы афіцэрам, прайшла шлях ад малодшага лейтэнанта да капітана. За гады службы да дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі дабавіла дыплом аб вышэйшай эканамічнай. Сёння яна на адказным пасту, таму адчувае сваю значнасць і запатрабаванасць як прафесіянал, а як чалавек – павагу ад калег. Вольга Георгіеўна смела сцвярджае: «Сваю работу люблю!» І гэта не дзіўна. Менавіта ў службе яна знаходзіць магчымасць для ўласнага асобаснага ўдасканалення. А сямейнаму жыццю яе занятак ніколькі не супярэчыць.

Кацярына Алегаўна – пакуль радавы. Дзяўчына толькі-толькі стала на няпросты армейскі шлях. Учарашняя студэнтка зусім нядаўна прыняла прысягу. Гэта быў адзін з незабыўных момантаў яе юнага жыцця. Асаблівае хваляванне адчувала з-за прысутнасці на ўрачыстасці капітана Леўчык. Дачка разумее, што не мае права ў чымсьці падвесці роднага чалавека. А аўтарытэт у матулі высокі. Таму малады спецыяліст з дыпломам праграміста старанна асвойвае азы хоць і блізкай да таго, чаму вучылася, а ўсё ж новай прафесіі. Як сцвярджае маці, за дачушку ёй не сорамна. У свае 19 гадоў Кацярына досыць дарослы і адказны чалавек. Відавочна, што ёй

не проста прывыкаць да жыцця па статуце. Тым не менш, цвёрда настройвае сябе на тое, каб годна выконваць свае абавязкі і ні ў чым не падвесці каманду, у складзе якой служыць ужо трэці месяц.

І маці, і дачка прызнаюцца, што з гонарам апранаюць форму. Яны ні ў якім разе не лічаць, што неабходнасць яе нашэння абцяжарвае іх жыццё. Упэўнены: заставацца жаноцкай пры жаданні можна ў любым уборы і пры любой рабоце.

Па-за рамкамі службы і капітан, і радавая Леўчыкі вядуць жыццё звычайных прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва. Цудоўныя кулінаркі, яны шмат часу праводзяць разам на кухні. Хоць густы і не ва ўсім супадаюць, аднак з задвальненнем могуць наладзіць сумесны прагляд фільма ці нават мультфільма. Паколькі абедзве клапоцяцца пра знешнасць, пастаянна абменьваюцца думкамі наконт чыста жаночых пытанняў – стылю, выкарыстання касметыкі, трэндавых фасонаў у адзенні і абутку.

Мне не аднойчы даводзілася сутыкацца з начальнікам фінансавай службы часці, аднак і падумаць не магла, што ў маладой жанчыны такая дарослая дачка. Яшчэ больш здзівілася, калі даведалася, што Кацярына ў яе – малодшая. Старэйшая Віялета ваенную форму не апранае. Яна – банкаўскі работнік. Ва ўсім жа астатнім з матуляй і сястрой, так бы мовіць, на адной хвалі. У Дзень маці разам з дочкамі любую матулю і жонку віншаваў муж і бацька Алег, які шчыра ганарыцца кожнай са сваіх прыгажунь.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/11418-forma-zhanotskastsi-ne-perashkoda#sigProIdabd560410d