Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

За службу – падарунак і падзяка

20.11.2020

Жыхару Валожына Мацвею Жаўнерчыку 22 гады, з якіх год і шэсць месяцаў аддадзены тэрміновай службе ў воінскай часці роднага горада. Наша з ім сустрэча адбылася за чатыры дні да звальнення ў запас. Перад развітаннем з калектвам вайскоўцаў малады чалавек быў прызнаны лепшым ваеннаслужачым па выніках вучэбнага 2019-2020 гг. і адзначаны каштоўным падарункам ад Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – наручным гадзіннікам. Яго бацькам капітану часці 30695 Вользе Анатольеўне і прапаршчыку РАНС Міхаілу Міхайлавічу ўручана Падзяка міністра.

Юнак пакінуў школу сталення з самымі лепшымі пачуццямі як у адносінах да камандзіраў, так і да саслужыўцаў і старанна наладжвае грамадзянскае жыццё, да якога патрэбна прывыкнуць. Па словах Мацвея, кожны дзень па статуце – цяжка толькі ўпачатку, а пасля такі парадак зацягвае.

Адзіны сын у бацькоў заўсёды адрозніваўся выхаванасцю. Асабліва “заняньканым” сябе не адчуваў, але ўпэўнены: да прызыву вытрымкі і брутальнасці яўна не хапала. Ці былі праблемы? А як жа! Першыя паўгода даліся няпроста. Але ў нейкі момант цяжкасці перастаў заўважаць, а яшчэ пазней зразумеў, што служба нават падабаецца.

Прызнаецца: арміяй не трызніў, аднак па-сапраўднаму яна яго не палохала, таму ніколі не збіраўся прыдумваць штосьці, каб вызваліцца ад гэтага абавязку. Зараз, калі паўтара года сталі ўспамінамі, добра ўсведамляе: да таго, як апрануў салдацкую форму, дарослых, самастойных учынкаў не здзяйсняў. Набыўшы ж вопыт малодшага камандзіра, гатовы адказваць за кожны свой крок, мець падначаленых, прымаць рашэнні і дабівацца дасягнення акрэсленых задач.

Ён сапраўдны філосаф. Лічыць: што калі не можаш змяніць нейкія моманты жыцця, неабходна змяніць адносіны да іх. Гэткае стаўленне дапамагло годна прайсці армейскай дарогай, узмацнець фізічна і духоўна, займець сяброў і з пачуццём выкананага доўгу прыступіць да пошуку сябе па-за тэрыторыяй воінскай часці.

Да арміі юнак паспеў скончыць тры курсы гістарычнага факультэта БДУ. У адрозненне ад бацькоў не выбраў прафесію з тых, што адносяцца да сілавых структур. Не адчуваў падобнай схільнасці. А вось гісторыю любіў. Яго заўсёды цікавіла навука, якую можна прымяніць да кожнага імгнення жыцця, бо менавіта з іх і складваюцца як уласныя гісторыі асоб, так і гісторыя чалавецтва ў цэлым. Яго канёк – перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Чаму менавіта ён? Напэўна, падставай да такой зацікаўленасці сталі дзіцячыя ўражанні ад кінафільмаў і кніг пра барацьбу савецкага народа з фашызмам, што прывялі падлетка да паглыбленняў у дакументальную літаратуру, навуковыя працы. Праўда, спецыяльнасць, якую абраў, хоць і патрабуе добрага ведання гісторыі, неабавязкова звяжа будучага спецыяліста з гэтым прадметам у прафесійнай дзейнасці. Інфармацыйнае забеспячэнне кіравання – такі запіс у дыпломе дазволіць выбіраць сярод многіх кірункаў.

Задача, што стаіць перад ім сёння, – адпачыць (зусім непрацяглы час), аднавіць заняткі ва ўніверсітэце на завочным аддзяленні, уладкавацца на працу. Высокі (192 см) прыгажун мог бы скарыстаць сваю знешнасць і падацца ў мадэлі, аднак юнак відавочна занадта сур’ёзны для такога занятку. Да якой работы ляжыць яго сэрца, дакладна не сказаў, аднак намякнуў, што гэта будзе сур’ёзны выбар. Пасля гутаркі з інтэлігентным хлопцам, які захапляецца літаратурай кшталту “Авадзень” Этэль-Ліліян Войніч, такім словам верыш.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

Фота: Мацвей Жаўнерчык з матуляй Вольгай Анатольеўнай

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/11753-za-sluzhbu-padarunak-i-padzyaka#sigProIda29fbba338