Глянуўшы ў бок гэтай жанчыны, абавязкова адзначыш яе прыгажосць, нават вытанчанасць. Цудоўная постаць, прыемны твар і надзвычай выразны позірк. Падчас гутаркі немагчыма не ацаніць меладычнасць голасу і багаты слоўнікавы запас. У галаве адразу ўзнікае думка: “А ці не з’яўляецца суразмоўца выпускніцай якой-небудзь ВНУ?” Што, між іншым, сапраўды так.
Аператар машыннага даення з ААТ “Агра-Дубінское” Святлана Аляксандраўна МАЙБІНА мае вышэйшую адукацыю. І не адну, а дзве! Так склалася, але інжынер і перакладчык з тэхнічнай французскай мовы, матуля трох дзетак сёння – адно з моцных звенняў жывёлагадоўлі дубінской гаспадаркі. Шматдзетная сям’я Майбіна – перасяленцы з Днепрапятроўскай вобласці Украіны. Стаміўшыся ад пастаяннага страху і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, 3 ліпеня 2018 года яны перасеклі граніцу з мэтай наладзіць жыццё пад небам мірнай Беларусі. Месца, дзе асядуць, ведалі загадзя – трохі раней у Дубіне знайшлі прытулак і занятак сваякі. Бежанцам дапамаглі вырашыць жыллёвую праблему.
З лёгкасцю працаўладкаваўся муж і бацька Віктар – механізатары заўсёды патрэбны. А вось Святлана спачатку перажывала. Пасады, што прапаноўваліся ёй, не задавальнялі з пункту гледжання заробкаў. Справа ў тым, што ў гэтай амаль кволай з выгляду жанчыны галоўны прыярытэт – дабрабыт сям’і. Таму яна, якая ніколі не мела дачынення да буйной рагатай жывёлы, свядома выбрала працу аператара машыннага даення і пакуль ніводнага разу не пашкадавала. Нараўне з вопытнымі прафесіяналамі шчыруе на комплексе “Дубіна Вяршыцкая”. Умовы тут адмысловыя, аднак працаваць, асабліва спачатку, усё роўна цяжка. Прывыкла, выйшла на добрыя паказчыкі.
Як будзе развівацца ў прафесійным плане – не загадвае, цэніць тое, што мае. Працавітасці дубінской “даяркі-інтэлігенткі” можна толькі пазайздросціць. Акрамя занятасці на МТК, яна цудоўна вяжа, шые, вышывае, асвоіла мноства ўменняў і тэхнік адносна рамонту і дызайну жылля. Святлана прызнаецца, што пасля таго, як адпрацавала першы дзень у якасці аператара, зразумела: “Магу ўсё!”.
Тыя, каму лёс падкідваў падобныя выпрабаванні, зразумеюць гэту прыгажуню. Я ж асабіста адчула сапраўдны гонар за разумную, актыўную жанчыну, якая ў складанай жыццёвай сітуацыі не разгубілася, не дазволіла сабе слёз і скаргаў, тым самым захавала сваю чалавечую і жаноцкую годнасць. Спадзяюся, з цягам часу яе вопыт па асноўных прафесіях таксама будзе рэалізаваны на Валожыншчыне. Тым больш, што дэвіз яе: толькі наперад.


