Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Чужых дзяцей не бывае

09.04.2019

“Сэрца аддаю дзецям” – менавіта такую назву далі арганізатары – упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, сацыяльна-педагагічны цэнтр – раённаму конкурсу прыёмных бацькоў.

Мерапрыемства аб’яднала пяць жанчын, якія не пабаяліся ўзяць на сябе адказнасць за жыцці дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі. Разам з матулямі падрыхтаваліся да конкурсных выпрабаванняў і прынялі ў іх удзел прыёмныя сыны і дачушкі.

Ніна Анатольеўна Грыбкоўская, Алена Феліксаўна Дварэцкая, Ірына Феліксаўна Брылевіч, Святлана Мікалаеўна Родзевіч і Святлана Рамісаўна Асянава рознымі шляхамі ішлі да свайго прызвання. Першай у нашым раёне да высакароднай справы прыёмнага бацькоўства далучылася Алена Феліксаўна. Зараз жанчыну з Багданава ведаюць не толькі на Валожыншчыне. Яна паставіла на ногі некалькі дзясяткаў дзяцей. Першыя

гадаванцы даўно сталі дарослымі, атрымалі адукацыю, працуюць, стварылі сем’і. Сёння ў Алены ўжо ёсць унукі. Яе ўтульны дом па-ранейшаму поўніцца дзіцячым смехам.

Дырэктар СПЦ Святлана Іванаўна Мучынская ва ўступным слове падкрэсліла: “Зараз у раёне сем прыёмных сем’яў. Справа гэта нялёгкая, не кожны з тых, хто першапачаткова адчуваў у сабе сілы для работы з дзецьмі, здолеў працягваць дзейнасць на гэтай ніве. Акрамя прызвання, патрэбны адказнасць і дакладнасць. Прыёмныя бацькі – работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме”.

Першым конкурсным заданнем была візітоўка. Падчас яе каманды прадставіліся, расказалі свае гісторыі, падзяліліся інфармацыяй пра творчыя дасягненні. Сапраўдныя сцэнічныя нумары, што ярка адлюстравалі характары, уменні і жыццёвыя памкненні кожнага ўдзельніка, былі надзвычай цікавымі. Дамашняе заданне – сачыненні матуль і дзяцей – журы ацаніла яшчэ да пачатку конкурсу, да мікрафона запрасілі лепшых аўтараў. Кранальныя аповеды вызывалі ў гледачоў шчырыя ўсмешкі і няпрошаныя слёзы. Падчас віктарыны “Мае правы і абавязкі” канкурсанты прадэманстравалі веды ў галіне права, а пры рашэнні педагагічных сітуацый матулі паказалі педагагічны талент. І журы, і ўсе прысутныя з цікаўнасцю пагарталі альбомы пад назвай “Кніга гісторыі жыцця”, дзе адлюстраваны самыя яркія моманты жыцця прыёмных дзяцей. Здзівілі канкурсанты і сваімі ўменнямі – на спецыяльна аформленым стале былі прадстаўлены падзелкі, малюнкі, кулінарныя вырабы.

Як адзначыла вядучая мерапрыемства, педагог сацыяльны СПЦ Ірына Фёдараўна Шакун, ацэньваць чужую творчасць заўсёды складана. Тым не менш, журы – намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алена Іванаўна Мілюткіна, намеснік старшыні раёнай камісіі па справах непаўналетніх Ірына Леапольдаўна Жданюк, старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Віктараўна Загорская – старанна ўнікалі ў кожнае заданне, аналізавалі крэатыў і адказнасць, з якімі яны выконваліся.

Галоўны прыз – сертыфікат на значную суму – з рук Веранікі Віктараўны Загорскай атрымала Алена Феліксаўна Дварэцкая. Менавіта яе сям’я прадставіць раён на абласным этапе. Высока было ацэнена і выступленне С. Р. Асянавай і яе выхаванцаў. Усе ўдзельнікі адзначаны каштоўнымі падарункамі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/6062-chuzhykh-dzyatsej-ne-byvae#sigProId3b97e73d49