У творчы марафон “Дарогамі вызвалення”, які праходзіць па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама, уключыліся і ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры. Першымі іх віталі ў Адамоўскім сельскім Доме культуры. Рунеўцы дарылі гледачам толькі ўласныя вершы і песні толькі на іх словы, напісаныя як самімі, так прафесійнымі кампазітарамі. Адметным, шчырым вітаннем вяскоўцам сталі верш Марыі Шакун, які так і называецца – “Вітанне” і песня “Вёсачка-матулечка” ( сл.В.Гіруць-Русакевіч,муз. Я.Харук) , якую так прыгожа і шчыра выканала салістка РЦК Аляксандра Рэут.
Хвалююча і трывожна гучалі песні “Без весткі” і “Над спаленай вёскай” на вершы Зінаіды Гасціловіч у выкананні яе брата аўтара музыкі Дзмітрыя Краскоўскага, “Салдату” – у аўтарскім выкананні пад гармонік Станіслава Пупко. На вялікі жаль і сынам ветэранаў Вялікай Айчыннай давялося ваяваць -- на чужой вайне, на чужой зямлі, у далёкім Афганістане. “Афганская в’юга” – так называецца песня, якую напісаў і выканаў Дзмітрый Завацкі.
Гімнам міру і жыццю, любай старонцы прагучалі верш загадчыцы Адамоўскай бібліятэкі Людмілы Садоўскай “Берегите мир” , песні Зінаіды Гасціловіч і Дзмітрыя Краскоўскага “Жыццё за ўсё даражэй” , “Вот моё село” і “Мой Воложинскй край” Станіслава Пупко.
Сваёй матулі і ўсім матулям у зале прысвяціла свае творы Наталля Жызнеўская. Не абыйшлі ўвагай і вечнай, такой хвалючай тэмы кахання. Дзмітрый Завацкі выканаў уласную песню “Зелёные глаза” і “Дорогі” на словы былога, на жаль, рунеўца Мікалая Палякова . На яго ж словы прагучала і песня “Как снег на голову” (муз.А.Елісеенкава) ў выкананні яшчэ адной салісткі РЦК Ірыны Зянько. Песні перамяжоўваліся вершамі удзельнікаў аб’яднання ў аўтарскім выкананні і выкананні сяброў па творчай суполцы.
Вяскоўцы шчыра аддзячылі нас дружнымі апладысментамі і кветкамі. А мы гэтак жа шчыра ўдзячны людзям зямлі Адамоўскай за такі цёплы прыём.


