Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Міжнароднае супрацоўніцтва «Да рэалізацыі праектаў – разам»

25.11.2019

З 22 лістапада паміж кіраўніцтвам Валожынскага раёна і Самакіраваннем гміны Ленчна (Люблянскае ваяводства, Рэспубліка Польшча) дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве. Мэта падпісання дамовы – на падставе партнёрства і добрасуседства наладзіць сумесную дзейнасць мясцовых органаў улады ў кірунку абмену вопытам па зберажэнні агульнай гісторыка-культурнай спадчыны. Подпісы пад гістарычным для абодвух бакоў дакументам паставілі старшыня райвыканкама Яўгеній Круковіч і бургамістр польскага горада Лешак Владарскі. У правядзенні працэдуры прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік і старшыня мясцовай рады Ленчна Матэк Крыстаў.

 

    У сустрэчы прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама Ігар Шакун, Іна Сакалоўская, Уладзімір Чычкін, кіраўнік спраўрайвыканкама Вольга Багатырова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Адамовіч, з польскага боку – дырэктар цэнтра культуры Ленчна Яўгеній Станіслаў Місевіч, кіраўнік спраў адміністрацыі Ганна Агнежка Іра-Валенсік, Роман Гербут. З мэтай пазнаёміць шаноўных гасцей з гісторыяй Валожыншчыны, яе культурай і эканомікай адбылася дэманстарцыя новага відэароліка. Прэзентаваць па ўсіх кірунках польскі горад замежная дэлегацыя даручыла прадстаўніку адміністрацыі Ленчна, інспектару Томашу Себасцьяну Блашэку, які займаецца пытаннямі міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку і  рэалізацыяй праектаў. Дарэчы, ідэя наладзіць кантакт з Валожынам належыць яму і яго сваячцы, дырэктару ТЦСАН, Галіне Рай. Падчас прыватнай гутаркі родныя людзі закранулі тэму ўласнага ўдзелу ў міжнародных праектах. Пазней кожны з іх унёс свае прапановы на разгляд куратарам у адміністрацыях. Так нарадзілася ідэя сумеснай работы.

    Плануецца, што першым крокам на шляху трансгранічнага супрацоўніцтва стане рэалізацыя міні-праекта з вялікай паграмы “Польшча-Беларусь-Украіна”, якая фінансуецца Еўрасаюзам. У цэнтры ўвагі гэтай дзейнасці – аднаўленне гістарычных мясцін. Валожынска-ленчнянскі праект тычыцца польска-беларускага мастака Фердынанда Рушчыца, жыццёвы лёс і творчасць якога непарыўна звязаны з нашым раёнам. У Багданаве знаходзяцца сямейныя могілкі сусветнавядомай асобы. У маляўнічым наваколлі, дзе шукаў натхнення вялікі пейзажыст, штогод праходзіць міжнародны пленэр, сюды прыязджаюць сваякі Ф. Рушчыца, турысты з Польшчы і іншых краін. Планаў, звязаных з памятным месцам, мноства. Усе яны патрабуюць сур’ёзных інвестыцый. Магчыма, супрацоўніцтва ў рамках вялікай праграмы дапаможа зрабіць пэўныя крокі ў рэалізацыі задуманага.

   

     Падчас круглага стала кіраўнікі адміністрацый, старшыні заканадаўчай галіны ўлады, іншыя прысутныя змаглі абмяняцца думкамі, задаць пытанні і атрымаць на іх грунтоўныя адказы. План рэалізацыі непасрэдна міні-праекта, звязанага з асобай Ф. Рушчыца, агучыла намеснік дырэктара райбібліятэкі Настасся Пахолка, якая з валожынскага боку вызначана каардынатарам праекта. Вынік сустрэчы падвёў Яўгеній Круковіч. Ён падкрэсліў, што Валожышчына зацікаўлена ў прапанаваным супрацоўніцтве, і выказаў упэўненасць у тым, што сумесная работа абавязкова стане плённай.

    Зразумела, пасля перамоў, падставай для якіх стала Багданава, дэлегацыя замежнікаў не магла не наведацца ў гэты куток. У невялікай вандроўцы гасцей суправаджалі Пётр Бібік і Вікенцій Адамовіч. Яны паказалі польскім прадстаўнікам мясцовыя могілкі, дзе пахаваны Ф.  Рушчыц, пакой у школе мастацтваў, выдзелены пад будучы музей, мясцовы касцёл. Завіталі вандроўнікі і ў Вішнева. Там пабывалі на тэрыторыі касцёла, у цэнтры культуры. Падчас двухдзённага візіту дэлегацыя наведалася таксама ў раённы музей і аграсядзібу “Раўнавага”.

    Як стала вядома, ініцыятыва, што прэтэндуе на фінансаванне ў рамках вышэйназванай праграмы, дазволіць у хуткім часе правесці рад сумесных польска-беларускіх мерапрыемстваў. Чакаюцца абмен дэлегацыямі, некаторыя інфраструктурныя паляпшэнні (у прыватнасці ў Багданаве). Удзел у праграме дае магчымасць валожынцам прадстаўляць на разгляд новыя праекты, скіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян усходняй Польшчы і заходняй Беларусі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

 http://psl.by