Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Адбыўся раённы этап IX фестывалю работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў “Я – даследчык”

09.12.2019

На базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” і гімназіі № 1 г. Валожына адбыўся раённы этап IX фестывалю работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў “Я – даследчык”. Ён накіраваны на тое, каб спрыяць развіццю інтэлектуальна-творчага патэнцыялу рабят, удасканаленню навыкаў даследчых паводзін і развіццю здольнасцей.

У арганізацыйны камітэт паступіла 40 работ з 21 установы адукацыі раёна. У фінале выступілі 13 дашкольнікаў і 19 малодшых школьнікаў. Юныя чамучкі прадставілі свае работы на адкрытай стэндавай абароне ў 8 намінацыях: “Бюро знаходак”, “Мая радзіма – Беларусь”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Дзіця і прырода”, “Гуманітарныя веды”, “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”, “Прыродазнаўства (жывая прырода)”, “Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка”.

Рабяты вывучалі, якія лялькі больш падабаюцца сучасным дзяўчынкам, што такое шыпшыннік і за што чапляецца фасоля, са стараннасцю разбіраліся, ці можа цвіль “захапіць” школьны партфель, чым карысная капуста, яны разгадвалі таямніцы электрычнага току і іншыя загадкі і сакрэты.

Па выніках фестывалю былі вызначаны восем хлопчыкаў і дзяўчынак (па адной рабоце ў кожнай намінацыі), якія прадставяць Валожынскі раён на вобласці. З дашкольнікаў у іх лік увайшлі выхаванка ясляў-сада № 2 “Вясёлка” Ксенія Кеўра, што пад кіраўніцтвам Таццяны Бацян правяла даследаванне “А масліца не простае?”, выхаванец дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Цімафей Глінскі з работай “Чаму ў футбол гуляюць футбольным мячом?” (кіраўнік Святлана Загорская) і Дар’я Уласенка з гэтай жа навучальнай установы, якая дазнавалася “Ці бываюць прафесіі ў сабак?” (кіраўнік Аксана Сахнова), выхаванец ясляў-сада “Лесавічок” г. п. Івянец з даследаваннем “Што прынеслі мае боты?” (кіраўнік Ірына Роман). Таксама ў спіс лепшых трапілі такія работы малодшых школьнікаў, як “Выкарыстанне пасудамыечнай машыны ў побыце эканамічна выгадна?” вучаніцы Івянецкай СШ Лізаветы Кучынскай (кіраўнік Ніна Бібік), “Уплыў звычайных і электронных цыгарэт на жывыя арганізмы” вучаніцы Ракаўскай СШ Софіі Марынай (кіраўнік Алена Кавалёва), “Пра што раскажа прыпеўка” вучаніцы СШ № 1 г. Валожына Марыі Завацкай (кіраўнік Таццяна Каланцар), “Танцуючы малюнак, або сакрэты ЭБРУ” вучаніцы гімназіі № 1 райцэнтра Аляксандры Нахай (кіраўнік Святлана Краскоўская). Пажадаем гэтым рабятам далейшых поспехаў.