Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Матуліна сэрца – крыніца любові…

10.01.2020

Нядаўна Ніна ГАНЧАРЫК з Ракава папоўніла спіс матуль Валожыншчыны, якія адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай – Ордэнам Маці. Гэты факт стаў падставай для больш блізкага знаёмства з цудоўнай шматдзетнай сям’ёй.

     Трапіўшы ва ўтульны дом Ганчарыкаў, пазнаёміўшыся з яго жыхарамі, адразу разумееш: вось такой і павінна быць ячэйка грамадства – вялікай, дружнай, вясёлай. Зразумела, гэта зусім не азначае, што ў прыгожых і шчырых людзей не бывае праблем і цяжкасцей. Паставіць на ногі семярых дзяцей, кожнага ахінуць любоўю, дапамагчы маральна і матэрыяльна – не жарт. Тым не менш, Ніна і Андрэй Ганчарыкі лічаць сябе вельмі шчаслівымі і па-сапраўднаму багатымі.

     На жаль, гаспадара дома застаць не ўдалося. Індывідуальны прадпрымальнік-будаўнік не можа дазволіць сабе вольна распараджацца часам. Не прыбыў на сустрэчу і старэйшы сын Леанід – жыве ў Мінску, мае жонку і маленькага сына. Так-так, гэта прыгажуня з усмешлівым позіркам, якая сустрэла мяне на парозе, ужо бабуля. Але пра ўсё па парадку.

    Ніна і Андрэй пазнаёміліся падчас работы ў Ракаўскай школе. Маладыя настаўнікі з першага погляду спадабаліся адзін аднаму. Кожны ацаніў не толькі надзвычай прывабную знешнасць калегі, але і неэгаістычны характар, адсутнасць шкодных звычак, выхаванасць. Пажаніліся зусім маладымі. Ёй – 20, яму – 22 гады. Зараз абое ўспамінаюць, якімі смешнымі былі ў сваіх намаганнях здавацца дарослымі. Пэўны час здымалі кватэру. Будоўляй дома, асновай для якога паслужыў стары магазін, заняліся, калі старэйшай дачушцы было паўтара годзіка. Засяліліся ў новабудоўлю, хоць прыдатным для жылля быў толькі адзін пакой. Маладой сям’і гэта здавалася найвялікшым шчасцем. Яны і зараз не могуць сказаць, што працэс добраўпарадкавання ў мінулым, але ставяцца да свайго “вечнага рамонту” па-філасофску. Што ж зробіш, калі сям’я паступова павялічваецца. Праз тры з паловай гады пасля першынкі Аліны нарадзілася Лізавета. У той жа час муж і жонка прыйшлі да высновы, што маюць духоўны, фізічны і матэрыяльны патэнцыял для таго, каб дапамагчы дзецям, якім пашанцавала значна менш, чым іх родным дачушкам. З невялікім часовым інтэрвалам у сям’і з’явіліся Кацярына і Лёня. Кацюшу ўзялі маленькай, таму першыя дні з ёй было цяжка, яна не пераставала плакаць. Праўда, хутка прывыкла да новай абстаноўкі, з дзіцячай непасрэднасцю даверылася ласкавым жанчыне і мужчыне, якія называлі яе дачкой. З той пары ніколі не лічыла сябе чужой. Лёня ж прыйшоў у сям’ю падлеткам. З аднаго боку праблем з ім не было – хлопчык усё разумеў, з удзячнасцю ставіўся да Ніны і Андрэя, але ж псіхалагічнае яднанне бацькоў з сынам адбывалася вельмі паступова. З нараджэннем Ванюшы і Леначкі старэйшыя дзеці адчулі: яны поўнасцю дарослыя. Кожны стараўся праявіць сябе і ў якасці нянькі, і ў якасці педагога. А двухгадовую Соню ўжо гадуюць поўнай сям’ёй. Малая ж відавочна адчувае: яна – цэнтральнае звяно ў шырокім коле сваякоў. Цікава, што яе пляменнік (Лёня ажаніўся з пляменніцай Ніны, і ў іх нарадзіўся Марк) – яе аднагодак.

    У доме Ганчарыкаў пануе дэмакратыя. Кожны мае права на самавызначэнне. Але пры гэтым усе абавязаны падтрымліваць  агульнасямейны парадак. Што тычыцца рэалізацыі здольнасцей і талентаў, тут – поўная свабода. Лёня, напрыклад, вырашыў стаць дальнабойшчыкам і паспяхова працуе ў адной са сталічных фірм. Аліна марыць стаць опернай спявачкай, нават крочыць у патрэбным кірунку – з’яўляецца студэнткай каледжа мастацтваў. Наперадзе ў яе – паступленне ў кансерваторыю. Вясёлая, смяшлівая Ліза цікавіцца піратэхнікай. Гэта не вельмі жаночае захапленне не перашкаджае ёй трызніць прафесіяй касметолага. Кацюша ўжо ў наступным годзе атрымае дыплом фельчара. Дарэчы, яна – маладая жонка. У снежні разам з нарачоным Аляксандрам заключылі шлюб. Ваня – практычны, працавіты, першы памочнік таты па гаспадарцы. А Сонечка асабіста мне падалася падобнай да вытанчанай балярынкі, вельмі ж прыгожа і гарманічна рухаецца маленькая прынцэса з неверагодна прыгожымі яснымі вачамі.

    Падзей у сям’і хапае – дні нараджэння літаральна кожны месяц. А калі ўлічыць, што і Ніна, і Андрэй са шматдзетных сем’яў, то, як кажуць, можна рабіць на адны балі. Праўда, у іх сваяцкім коле падыход да свят выключна еўрапейскі – накарміць гасцей смачна, але без перабольшванняў. Галоўнае – стварыць належную атмасферу. Яны творчыя і крэатыўныя. Ніколі не лянуюцца рыхтаваць галоўным героям урачыстасцей прыемныя сюрпрызы – квэсты, гульні, сцэнкі. Як і ў большасці хрысціянскіх сем’яў, у гэтай ніколі не трацяць грошы на алкаголь. Нават вяселлі абыходзяцца без падобнага “пачастунку”, а, між іншым, усё праходзіць весела і цікава.

   Мы сядзім з галоўнай жанчынай чароўнай сям’і ў іх утульнай гасцёўні. Дзеці – побач. Хто хоча – удзельнічае ў гаворцы, хто не гарыць жаданнем дзяліцца думкамі, шчыруе на кухні (пахвалюся: да майго прыезду агульнымі намаганнямі  спечаны выключна апетытны пірог). Ад спроб накіраваць гутарку ў бок філасофскіх разважанняў Ніна адмахваецца. Што тут разважаць, жыць трэба так, каб сабе і тым, хто побач, лёс не псаваць, працаваць, імкнуцца да лепшага, ствараць дабрабыт. А дзеці… Іх проста неабходна любіць. І тады Бог абавязкова дасць сілы на тое, каб кожнага дагледзець, накарміць, апрануць, вывучыць і… навучыць любові.