Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Дзеці – сапраўдная ўзнагарода!

24.01.2020

Паважаныя чытачы, знаёмцеся: перад вамі сям’я ЖАМОЗДЗІКАЎ з Валожына, пра якую сапраўды можна сказаць “7 Я”, бо менавіта столькі іх і ёсць – жонка, муж і пяцёра нашчадкаў.

 Наталля і Андрэй – людзі сур’ёзныя. У юнацтве вызначаліся высокай адказнасцю, нават, не пабаюся гэтага слова, перфекцыянізмам. Яшчэ да таго, як сустрэлі адзін аднаго, марылі аб сямейным шчасці. Кожны меў намер стварыць трывалыя адносіны на ўсё жыццё. Таму хлопец, прыглядаючыся да жаночага акружэння, апроч знешняй прыгажосці, звяртаў увагу на характар, а дзяўчына ў сваю чаргу прад’яўляла даволі высокія патрабаванні ў сэнсе паводзін да моцнай паловы чалавецтва.

Пазнаёміліся яны на вяселлі агульных сяброў. Сказаць, што адчулі ўзаемную сімпатыю – не сказаць нічога. Аднак, сыходзячы з уласных уяўленняў пра тое, як павінны развівацца адносіны, зрабіць адказны крок – стварыць сям’ю – не спяшаліся. Па сучасных меркаваннях, сустракаліся неверагодна доўга – тры гады.  Затое і ён, і яна ўжо мелі адукацыю, жыццёвы і працоўны вопыт. Андрэй спачатку скончыў вучылішча, тэхнікум, а пасля – Горацкую сельгасакадэмію. Наталля ў педвучылішчы атрымала дыплом настаўніка пачатковых класаў, паступіла ў інстытут, дзе набыла спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Першы час, зусім нядоўга, маладыя пажылі ў матулі і цешчы, а затым мужу – работніку райаграпрамтэхнікі – быў выдзелены блок у інтэрнаце прадпрыемства. Зараз сям’я мае ўтульную трохпакаёвую кватэру ў адным са шматлікіх дамоў у новабудоўлі па вуліцы Савецкай райцэнтра. Але ж, як жартуюць шматдзетныя бацькі, сёння не адмовіліся б і ад больш прасторнага жылля. І не дзіва – у сям’і падрастаюць чатыры хлопчыкі і дзяўчынка.

Старэйшаму Вадзіму ўжо споўнілася пятнаццаць – сапраўдны юнак. Дарэчы, такі ж сур’ёзны, як і бацькі, першы памочнік па гаспадарцы, выдатны выхавальнік для малодшых брацікаў, не гаворачы пра сястрычку, якая не злазіць з яго рук і сцвярджае: “Мой Вадзім”. Дарэчы, юнак да шасці гадоў быў адзіным і апантана марыў пра тое, як аднойчы тата з матуляй падараць яму браціка. Мары збыліся ў трайным памеры. Сёння ў яго камандзе дзевяцігадовы Ягор, шасцігадовы Арсеній і чатырохгадовы Глеб. На пытанне, ці не цяжка яму з малодшымі, адказвае шчыра: бывае па-рознаму, але аднаму значна горш.

Хочацца адзначыць, што ўсе дзеці, нягледзячы на розныя тэмпераменты, цудоўна выхаваныя. Старэйшыя Жамоздзікі кожнаму з іх перадалі ўласную самастойнасць, ветлівасць, павагу да дарослых, уменне паводзіць сябе ў любой сітуацыі. І Наталля, і Андрэй ганарацца тым, што іх сям’я вельмі дружная. Для гэтага прыкладваюць значныя намаганні. У першую чаргу ўлічваюць, што кожнае іх дзіця – асоба са сваім светапоглядам, густам, жаданнямі і марамі, а таму іх нельга “часаць пад адзіны грэбень”. Па-другое, у сям’і пануе галоснасць – кожнае пытанне падлягае абмеркаванню. На сямейных сходах, якія часцей за ўсё супадаюць з вячэрамі, выказаць уласную думку могуць і дарослыя, і дзеці. Малодшыя Жамоздзікі выключна самастойна выбіраюць заняткі, якім прысвячаюць вольны час. Вадзім, напрыклад, доўгі час займаўся маляваннем, у яго нават захоўваецца цэлая папка работ, што стварыў падчас вучобы ў ЦТДіМ. Зараз гэты занятак трошкі закінуў, стаў больш увагі надаваць вучобе, да таго ж у яго жыцці трывала ўсталявавалася захапленне басейнам.

Ягор – самы заняты з усёй сям’і. Мяркуйце самі: плаванне, валейбол, мадэліраванне, музычная школа. Будучы артыст (ён з дзіцячай непасрэднасцю шчыра падзяліўся марай) – пастаянны ўдзельнік тэатральных пастановак. Улічваючы тое, што мае нядрэнныя вакальныя здольнасці, не забываецца наведваць і заняткі хору.

Арсеній, як і старэйшыя браты, – заўзяты плавец, а яшчэ… кухар. Сапраўды, хлапчук добра арыентуецца ў маміным царстве – кухні, валодае кулінарнай лексікай і, як запэўнілі родныя, здольны накарміць усю сям’ю.

Глеба відавочна чакае спартыўная кар’ера. Рухавы, спрытны, поўны неўтаймоўнай энергіі, ён ні хвіліны не можа пасядзець на месцы.

Самая юная ў дружным коле родных – Ксенія, ці, як называюць яе брацікі, Ксюша. Дзяўчынцы хутка споўняцца два годзікі. Прыгожая і разумная, яна на першы погляд здаецца гэткім вытанчаным анёлам. Аднак уражанне памылковае. Што і казаць, уплыў чатырох старэйшых братоў не прайшоў дарэмна – малая пераняла іх захапленні. Прыгажуні-лялькі спяць на паліцах шафы, як і іншыя традыцыйныя цацкі для дзяўчынак. Яна ж гуляе з машынкамі, канструктарамі, не грэбуе нават рэчамі ваяўнічага кірунку – пісталетамі, іншай “зброяй”. Упэўнена, сітуацыя з цягам часу зменіцца, вельмі ж жаноцкая ў Ксюшы матуля.

У свае за трыццаць Наталля выглядае нібыта юная дзяўчына, і гэта – нягледзячы на вечную занятасць. Для яе галоўнае – усё паспяваць. Маладая жанчына прызнаецца, што літаральна жыве на кухні. Карміць вялікую каманду абы-як не можа – клапоціцца пра здароўе кожнага. Муж і дзеці, хоць і не капрызныя, густамі адрозніваюцца. Вось і шчыруе гаспадыня, каб дагадзіць абаронцам і адзінай дачушцы.

Андрэй ва ўсім адпавядае любімай палавіне – маладжавы, спартыўны. Да таго ж ён адказны работнік ацяпляльнай кацельні жылкамунгаса. Работа няпростая, патрабуе засяроджанасці, увагі і часу. Тым не менш, мужчына даўно навучыўся правільнаму размеркаванню часу і прыярытэтаў, таму таксама паспявае ўсё. Яшчэ да пачатку працоўнага дня адвозіць нашчадкаў у дзіцячы сад і школу, спраўляецца рабіць пакупкі, праводзіць неабходныя рамонтныя работы, выхаднымі максімальна стараецца дапамагчы жонцы з хатнімі клопатамі. А вось летам застаць яго дома даволі складана. Апантаны збіральнік грыбоў і ягад, ён назапашвае столькі дароў лесу, што “закатак” з іх хапае на доўгую зіму. Да адказнасці і выканання рознага віду работ мужчына прывучае і сваіх хлопчыкаў.

Вельмі спадабалася, якім чынам гэтыя людзі ажыццяўляюць фінансава-эканамічную палітыку сям’і. Тут пануюць добры разлік, планаванне і дэталёвае прадумванне кожнага кроку ў кірунку затрат. Менавіта такі падыход дазваляе жыць паўнацэнна. У іх ёсць і свае сакрэты, што тычацца эканоміі. Вось, напрыклад, абутак для хлопчыкаў купляюць самага высокага гатунку. За адзін сезон ён становіцца цесным, а з выгляду – новы, таму малодшыя даношваюць. Да таго ж прывыклі адсочваць зніжкі на самыя запатрабаваныя тавары. Усё пралічыць немагчыма, вядома ж, дзеці ёсць дзеці, здараюцца і незапланаваныя пакупкі, але бацькі пяцярых дзяцей упэўнены: без сістэмы жыць было б вельмі складана.

На мой погляд, сям’я жыве цікава і насычана. Тут адзначаюцца дні нараджэння, праваслаўныя святы і любімы Новы год. Падарункі, шыкоўны стол, госці – абавязкова. Здараюцца непрацяглыя падарожжы, экскурсіі, паездкі ў тэатр. Наталля і Андрэй упэўнены: без традыцый трывалыя сямейныя адносіны немагчымыя.

Шматдзетная матуля Н. Жамоздзік нядаўна адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай – ордэнам Маці. Я ад душы павіншавала жанчыну, на што пачула ў адказ: “Ці ж у нас гэта першая ўзнагарода? Вось яны нашы медалі!” – і кіўнула ў бок дзяцей, якія ў гэты час дружна і весела сервіравалі чайны стол.