Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Беларусамі ганарыцца Сібір

12.02.2020

На мінулым тыдні ў Валожын завіталі госці з Сібіры – старшыня прэзідыума грамадскага дабрачыннага фонду «Адраджэнне Табольска» Аркадзь Ялфімаў і вядомы расійскі паэт Юрый Пермінаў.

Сустрэча з вядомымі людзьмі прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Тут іх віталі работнікі гэтай установы на чале з дырэктарам Марыяй Шынгер, а таксама ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь».

Аркадзь Рыгоравіч і Юрый Пятровіч прыбылі ў Беларусь на XXVII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш, каб прэзентаваць сваю чарговую трыццатую па ліку кнігу гісторыка-культуралагічнага літаратурна-мастацкага альманаха «Табольск і ўся Сібір» – «Беларусы ў Сібіры». Яны як генеральны дырэктар і галоўны рэдактар выдавецкага праекта вырашылі скарыстацца сваім прыездам і правесці сустрэчы не толькі ў сталіцы рэспублікі, але і іншых гарадах, у тым ліку – Валожыне.

Госці паведамілі, што, пачынаючы працу над серыяй кніг, хацелі паказаць вялікую гісторыка-культурную спадчыну неабсяжнага краю, расказаць пра справы вялікіх продкаў і падзеі, якія тут адбываліся, пачынаючы з паходу Ермака. Менавіта ён паклаў пачатак асваенню Сібіры. Сярод 29 выдадзеных раней кніг шмат было прысвечана вялікім і малым гарадам неабсяжнага краю. Выйшлі тэматычныя выпускі пра ўдзел сібіракоў у Вялікай Айчыннай вайне. У мінулым годзе ўбачыў свет чатырохтомнік «Северны марскі шлях». Працуючы над зборнікамі, аўтары праекта звярнулі ўвагу на тое, што прасторы Сібіры асвойваў адзіны славянскі народ. Нельга пераацаніць уклад у гэту справу беларусаў, яны былі ўжо ў складзе атрадаў казачага атамана Ермака. З’явілася задума напісаць пра іх асобную кнігу. Пачалася карпатлівая праца. За складанне зборніка ўзяўся малады вучоны з Цюмені, кандыдат філасофскіх навук Раман Фёдараў, пазней да яго далучыўся Юрый Пермінаў. Вялікую дапамогу ў працы аказала Сібірскае аддзяленне Расійскай акадэміі навук.

У кнігу ўвайшлі шматлікія матэрыялы, якія распавядаюць пра след беларусаў у Сібіры на працягу чатырох з паловай вякоў. Цікава будзе пачытаць пра беларускіх самаходаў, што па 1-3 чалавекі праз бяскрайнія раўніны, Камень (Уральскія горы) ішлі, бывала па паўгода, каб прыгледзець сабе зямлю. Так паступова яны дабраліся аж да Ціхага акеана. Вялікая хваля перасяленцаў прыйшлася на час сталыпінскай рэформы. І сёння, як паведамілі аўтары выдання, калі ў некага з іх землякоў з’явіцца жаданне наведацца ў Беларусь, для гэтага не абавязкова пераадольваць вялікія адлегласці. Дастаткова ад’ехацца ад Омска, Табольска, Цюмені ці іншага горада на 60-100 кіламетраў і абавязкова натрапіш на беларускую вёску. Асабліва ўражвае тое, што людзі, якія жывуць тут па 120 і больш гадоў, збераглі мову, песні, абрады, традыцыі і не забываюць сваю гістарычную радзіму.

Наогул жа сустрэць беларуса ў Сібіры вельмі проста. Як сказаў Юрый Пермінаў, нават з пад’езда шматпавярхоўкі выходзіць не трэба. Многія з іх унеслі і ўносяць неацэнны ўклад у развіццё краіны. У двухтомніку можна знайсці імёны сусветна вядомых савецкіх і расійскіх вучоных беларускага паходжання: акадэміка Андрэя Трафімука – вучонага ў галіне геалогіі і разведкі нафтавых і газавых радовішчаў, акадэміка Валянціна Капцюга – доктара хімічных навук, які ўзначальваў Сібірскае аддзяленне Расійскай акаэміі навук. Зараз ім кіруе Валянцін Пармон. Вучоны Аляксандр Дунін-Гаркавіч даследаваў паўночную Заходнюю Сібір і сабраў унікальную этнаграфічную калекцыю, якая цяпер захоўваецца ў Табольскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

У зборніку змяшчаюцца звесткі пра дзеячаў культуры: мастакоў, пісьменнікаў, паэтаў. Многія імёны сталі адкрыццём нават для яго складальнікаў. Не засталіся па-за ўвагай і гістарычныя дзеячы. Так у час, калі Омск быў сталіцай Заходне-Сібірскага генерал-губернатарства, яго ўзначальваў герой Айчыннай вайны 1812 года Пётр Капцэвіч, прозвішча якога яскрава сведчыць пра паходжанне мужчыны. Кнігу можна назваць энцыклапедыяй беларускага жыцця ў гісторыі, асваенні і станаўленні Сібіры, далучэнні яе да Расіі. Відавочна, што яна будзе цікавай і карыснай для шырокага кола чытачоў.

Аркадзь Ялфімаў слушна заўважыў: «Калі б беларусы надумалі выдаць зборнік «Сібіракі ў Беларусі», то са здзіўленнем дазналіся б, што сярод гэтых сібіракоў – шмат беларусаў». Не выпадкова ў расійскіх інстытутах, акадэміі навук ёсць нямала вучоных, якія займаюцца беларускай тэмай.

Трэба сказаць, што двухтомнік выглядае вельмі дастойна, для яго створана спецыяльная падарункавая ўпакоўка, старонкі надрукаваны на глянцавай паперы, форзац і нахзац выраблены з паперы вержэ, над афармленнем кнігі працаваў геніяльны мастак Васілій Валерыус. Усё гэта было зраблена дзякуючы папячыцелям дабрачыннага фонду «Адраджэнне Табольска». У Беларусі таксама знайшоўся мецэнат, які заплаціў за частку кніг. Таму аўтары выдання маюць магчымасць перадаць зборнікі шматлікім установам, у тым ліку і ў Валожыне. Цэнтральная раённая бібліятэка, Валожынская дзіцячая бібліятэка і народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Рунь» сталі ўладальнікамі каштоўных падарункаў.

Удзельнікам мерапрыемства, якое праходзіла ў сяброўскай атмасферы, было прыемна паслухаць творы Юрыя Пермінава ў выкананні аўтара. Рунеўцы гасцінна прапанавалі ўвазе прысутных свае вершы. Незабыўнае ўраджанне ў сібіракоў пакінула экскурсія па райцэнтры, якую правяла работнік краязнаўчага музея Ніна Бобрык.

Галерея изображений

Смотреть встроенную онлайн галерею в:
http://volozhin.gov.by/ru/novosti-regiona/item/9024-belarusami-ganarytstsa-sibir#sigProId455174deed