Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў аддзяленнем пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання ТЦСАН сумесна з раённым прадстаўніцтвам Беларускага саюза жанчын праведзена акцыя “Рэха вайны”. У першую чаргу спецыялісты і валанцёры завіталі ў вёску Зарэчную, дзе жыве Яніна Юльянаўна Падрэз. Яе сын Павел – адзін з маладых салдат, якія загінулі ў далёкія 80-я гады мінулага стагоддзя падчас баявых дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Афганістан.
Маці, што страціла адзінага сына, не забываюць ні прадстаўнікі ўлады, ні актывісты грамадскіх аб’яднанняў, а сама жанчына, нягледзячы на страшнае выпрабаванне лёсу, захавала дабрыню і веру ў людзей. Многія стараюцца падтрымаць на жыццёвым шляху матулю героя. З радасцю атрымлівае яна дапамогу ад сацыяльнага работніка, часта наведваюцца вучні і настаўнікі Багданаўскай школы. А яшчэ яна заўсёды рада вітаць у сваім доме дружную каманду былых афганцаў. Кожны з гэтых мужчын даўно стаў для яе сынам. З адкрытым сэрцам сустрэла жанчына гасцей і на гэты раз, шчыра падзякавала за ўвагу і падарункі.
У бліжэйшы час акцыя будзе мець працяг. Дабрачыннікі плануюць наведаць і перадаць падарункі воінам-інтэрнацыяналістам з інваліднасцю.


