Па выніках мінулага года лепшым прадпрыемствам раёна стаў калектыў ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» (дырэктар Павел Міхайлавіч Кухарэнка). Асноўнымі відамі гаспадарчай дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца прамысловая вытворчасць пластмасавых вырабаў, работы і паслугі, якія выконваюцца рамонтнай майстэрняй і перасоўнай механізаванай калонай.
Калі звярнуцца да лічбаў, то можна заўважыць, што найбольшую ўдзельную вагу ў аб’ёме вытворчай прамысловасці займаюць вырабы пластмасавага цэха – 82,6 працэнта, удзельная вага работ і паслуг рамонтнай майстэрні складае 7,2 працэнта, перасоўнай калоны – 10,2 працэнта. Агульны аб’ём прамысловай прадукцыі вырас у параўнанні з папярэднім перыядам на 3,8 працэнта.
У выніку гаспадарчай дзейнасці скарбонка прадпрыемства папоўнілася грашовай выручкай у памеры 13069,0 тысячы рублёў і вырасла на 9,9 працэнта. Пры гэтым чысты прыбытак склаў 60 тысячы рублёў, што і было запланавана ў бізнес-плане.
Нягледзячы на тое, што прадпрыемства стваралася як суб’ект аграпрамысловага комплексу, яго эканамічныя інтарэсы пралягаюць і ў галіне прамысловасці. Партнёрамі РАПТ з’яўляюцца такія гіганты, як ЗАТ «Атлант», ААТ «МТЗ», вытворчыя кампаніі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.
Сельгасвытворцы раёна карыстаюцца паслугамі ААТ пры рамонце трактароў, камбайнаў, навясных агрэгатаў і абсталявання для жывёлагадоўчых ферм. На працягу ўсяго года нязменнай застаецца патрэба ў паслугах аддзела перавозак. Вадзіцелі займаюцца вывазам арганічных, вапнавых і мінеральных угнаенняў, адвозам сенажу і сіласнай масы, збожжа, цукровых буракоў, будматэрыялаў.
Прадпрыемствам арганізаваны гандаль харчовымі таварамі, аказваюцца паслугі цырульні, рэнтабельнасць якіх складае 4,3 і 16,5 працэнта адпаведна. У цэлым жа рэнтабельнасць арганізацыі – 4,0 працэнта.
Праблемныя пытанні ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка» – пагашэнне дэбіторскай і крэдытнай запазычанасцей, высокі знос машын і абсталявання, дэфіцыт абаротных сродкаў на мадэрнізацыю, забяспечанасць маладымі і перспектыўнымі кадрамі.
Вялікі ўплыў на культурнае жыццё раёна аказвае Ракаўскі цэнтр народнай творчасці, якім кіруе Хрысціна Лямбовіч. Па выніках мінулага года ён прызнаны лепшай установай культуры раёна.
На базе цэнтра працуюць 11 клубных фарміраванняў, з іх 7 – для дзяцей і падлеткаў.
Пры цэнтры творчасці дзейнічаюць заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Гасцінец» і ўзорны фальклорны калектыў «Вянок», якія сталі лаўрэатамі і дыпламантамі шматлікіх фестываляў і конкурсаў раённага, абласнога і міжнароднага ўзроўняў. Адна з апошніх іх вялікіх перамог – Гран-пры XVI абласнога фестывалю народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».
Фішкай установы культуры з’яўляецца ткацтва пояса «на ніту» – Хрысціна Станіславаўна ў свой час пераняла навыкі ад старэйшага носьбіта традыцыі Марыі Стасяловіч і за майстэрства ўжо атрымала званне «Народны майстар Беларусі». У мінулым годзе яна ў складзе дэлегацыі Мінскай вобласці пабывала ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, дзе правяла майстар-клас па пляценні паясоў. Наогул жа, элемент «Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне» ў 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей рэспублікі.
Быць лідарам арганізацыі, што стаіць на варце правоў працоўных, – справа няпростая. А Віктар Станіслававіч Гідлеўскі ўзначальвае Валожынскую раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўжо цэлае дзесяцігоддзе і стаў лепшым работнікам, што праявіў сябе ў грамадскай дзейнасці.
Ураджэнец вёскі Манькаўшчына з дзяцінства добра знаёмы з клопатамі і перажываннямі вяскоўцаў. Бацькі былі калгаснікамі, таму і ён пасля школы аб іншым лёсе не марыў.
Скончыўшы Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, па размеркаванні малады інжынер прыбыў у родны калгас, дзе два гады займаўся працаёмкімі працэсамі. Калі запрасілі на работу ў райаграпрамтэхніку, узрадаваўся. На прадпрыемстве адпрацаваў 15 гадоў.
З 2010 года нясе адказнасць за стан прафсаюзнай работы ў сельгасарганізацыях Валожыншчыны. Віктар Станіслававіч, як ніхто, умее наладжваць стасункі з асобнымі людзьмі і з цэлымі калектывамі. Выслухаць, пачуць, дасканала вывучыць пытанне і прыкласці ўсе намаганні, каб яго вырашыць, – прафесійнае крэда прафсаюзнага лідара. Валожынцы ведаюць В. С. Гідлеўскага не толькі за годны прафесійны шлях. Гэта цудоўны чалавек, верны сябар, любячы муж, бацька і дзядуля пяцярых унукаў.
Уладзімір Уладзіміравіч Гасціловіч у юнацтве не марыў пра кар’еру ў сферы прыватнага гандлю. Ды і хто з савецкіх школьнікаў мог штосьці ведаць пра тонкасці і нюансы бізнесу? Таму юнак, які з дзяцінства захапляўся аўтамабілямі і іншымі механізмамі, накіраваўся за спецыяльнасцю ў політэхнічны інстытут, дзе паспрабаваў вывучыцца на інжынера па распрацоўцы і стварэнні рабататэхнікі.
Тое, што абраны шлях не задавальняе, адчуў амаль адразу, але развітаўся з ВНУ толькі на трэцім курсе. Да гэтага часу за плячамі была армія, а гэта значыць, дастатковы вопыт, каб распачаць працоўную дзейнасць. Пашукаць сябе давялося працяглы адрэзак часу. Чым толькі не займаўся «рукасты» малады чалавек! Нядрэнна асвоіў сталярную справу, навучыўся рамантаваць тэхніку, пакуль не зразумеў, што пара адкрываць сваю справу.
Ідэю абмеркаваў з сябрамі дзяцінства Аляксандрам Музычэнкам і Ігарам Ражноўскім. Менавіта гэта трыа стала першым у Валожыне ўладальнікам вельмі дарагой тады навінкі – двух камп’ютараў. Маладыя людзі стварылі гульнёвы клуб, а разам з тым наладзілі студыю гуказапісу і сталі ганляваць
аўдыёкасетамі. Справа пачала прыносіць нядрэнны заробак. Затым прадпрымальнікі адкрылі гандлёвы ларок, а яшчэ пазней – магазін «Альянс». У той жа час з іх лёгкай рукі для моладзі адчыніў дзверы і бар «Лабірынт» у кінатэатры «Юнацтва». Сумесная дзейнасць даволі доўга прыносіла плён камандзе таварышаў, але кожны прыйшоў да высновы, што гатоў весці ўласны бізнес.
У самастойным «плаванні» Уладзімір Уладзіміравіч з 2005 года. Да дня, калі змог даць працу пятнаццаці землякам, ішоў паступова.
Зараз ён гаспадар самага папулярнага ў насельніцтва Валожына магазіна з гучнай назвай «Акіян». У ранейшым памяшканні наладзіў гандаль тэкстыльнымі вырабамі, на арандаваных пляцоўках адкрыў продаж мэблі і аўтазапчастак. Сёння літаральна кожны валожынец ведае: Уладзімір Гасціловіч гандляваць умее. У камандзе Уладзіміра Гасціловіча жонка Наталля і сястра Алена. Чалавек, які ўмее весці справу так, што яна застаецца «на плыве», забяспечвае работай, а значыць і зарплатай сваіх работнікаў, ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў дабрачынных акцыях. Ён ведае: міласэрнасць – справа высакародная і яшчэ нікога не разарыла. Да таго ж у яго заўсёды маецца ў запасе свежая крэатыўная ідэя наконт новага вітка прадпрымальніцкай дзейнасці. Нездарма яго прыватная арганізацыя названа лепшым суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.


