Дарагія мае парафіяне! 12 красавіка – Вялікдзень.
А 7 гадзіне пачнецца святочная працэсія, а затым будзем удзельнічаць у Святой Імшы-Рэзурэкцыі.
Праз увесь Вялікі Пост мы рыхтавалі свае душы да гэтай Велікоднай урачыстасці: удзельнічалі ў Рэкалекцыях, Крыжовых Дарогах, у нядзельных Святых Імшах, прыступалі да Велікоднай Споведзі, атрымалі поўны Адпуст, удзельнічаючы ў фэсце Святога Юзафа, разам з маці Божай спявалі «Песні журбы», кожны дзень супольна маліліся ў сваіх сем’ях. Шчаслівы той, хто скарыстаўся гэтымі духоўнымі магчымасцямі і з чыстым сэрцам сустракае Вялікдзень.
Вялікдзень – галоўнае свята нашай веры. Так як Хрыстос памёр і паўстаў з мёртвых, так і кожны чалавек пасля зямнога спачыну ўваскрэсне для жыцця вечнага. Толькі адно ёсць пытанне: да якога жыцця ўваскрэснем? Да шчаслівага, без хвароб і смерці, у небе, у раі, побач з Богам ці да вечных пакут у агні пякельным? Будучыню мы выбіраем самі ўжо цяпер, у гэтым зямным жыцці…
Сын Божы памёр на крыжы за кожнага чалавека і адкрыў перад намі дзверы Раю. Бог хоча, каб людзі атрымалі вечнае жыццё ў небе і не хоча смерці грэшніка. Малітва, пост, добрыя ўчынкі вядуць нас па правільным шляху. Сын Божы маліўся сам і навучыў маліцца Апосталаў, даў прыклад нам, людзям. Дарагі чалавек, а якая твая малітва? Ці чуе Бог яе з тваіх вуснаў, з вуснаў членаў тваёй сям’і? Ці бачыць Бог у нядзелю ўсіх вас на Святой Імшы? Ці рэгулярна ты прыступаеш да споведзі і Камуніі? Калі ў апошні раз Бог бачыў у тваіх руках, у руках тваіх дзяцей і ўнукаў малітоўнік, ружанец, Біблію? Маліцеся, не пераставайце – так нам гаворыць Бог. Праз шчырую штодзённую малітву, праз выкананне Божых Запаведзяў, праз удзел у нядзельнай Святой Імшы чалавек усё выпрасіць у Бога.
Пост – не толькі абмежаванне ў ежы. Перад усім – гэта поўнае выключэнне са свайго жыцця грахоў, слабасцей, дрэнных звычак. А яшчэ – добрыя ўчынкі, якія мы забяром з сабой на суд Божы. Добрыя ўчынкі – твой ключ да дзвярэй Раю. Няхай твая, шаноўны чалавек, асабістая Кніга Жыцця ўся будзе запоўнена прыгожымі ўчынкамі і хрысціянскімі справамі.
Свята Вялікадня напамінае нам, што мэта кожнага зямнога жыцця – зарабіць вечнасць у Божым Валадарстве.
Дарагія мае парафіяне! Шаноўныя браты і сёстры праваслаўныя! Паважаныя жыхары Валожынскага раёна! Віншую вас з Вялікаднем! Здароўя вам і вашым сем’ям, Божай апекі і дапамогі ў жыцці. Няхай уваскрэслы Хрыстос абароніць усіх людзей і нашу Бацькаўшчыну Беларусь ад грахоў, хвароб, ад усялякіх іншых бед, а Маці Божая Марыя няхай атуляе нас сваёй матчынай ласкай.
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Са святам вас, дарагія людзі! З Хрыстовай любоўю і малітвай за кожнага з вас.
Ксёндз Доктар
Гэнрык Акалатовіч,
пробашч Валожынскага касцёла
Распарадак Велікодных набажэнстваў
у Валожынскім касцёле:
10 красавіка, 18.00 – Вялікая Пятніца.
11 красавіка, 9.00, 12.00, 15.00, 18.00 – асвячэнне Велікоднай ежы, Вялікая Субота.
12 красавіка, 7.00 – Вялікдзень, Рэзурэкцыя.
13 красавіка, 9.00, 18.00 – другі дзень Вялікадня.
Сардэчна запрашаем кожнага ў касцёл!


