
На тэрыторыі Валожынскага раёна знаходзіцца вельмі шмат садаводчых таварыстваў. І з надыходам вясны гараджане імкнуцца туды, каб адпачыць ад гарадской мітусні. Але свой адпачынак яны пачынаюць, як правіла, з навядзення парадку на сваіх участках. А каб прыемнаму знаходжанню на дачы нічога не перашкаджала, работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях выязджаюць у таварыствы, каб папярэдзіць дачнікаў аб магчымай бядзе. Ратавальнікі праводзяць з імі тлумачальныя гутаркі аб адказнасці за парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, прыводзяць прыклады загарання сухой травы і смецця, а таксама наступстваў, якія бываюць па гэтай прычыне. Усім грамадзянам, з якімі атрымоўваецца пагутарыць, уручаюцца памяткі, а тыя якія прыедуць пазней, змогуць азнаёміцца з адказнасцю за выпальванне сухой расліннасці і развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах на стэндах, якія размешчаны ў кожным садаводчым таварыстве.


