У Валожынскім раёне працягваюцца рэйды з мэтай прадухілення бяды з-за выпальвання сухой расліннасці або спальвання смецця з парушэннямі правілаў пажарнай бяспекі. Работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць тлумачальную працу сярод насельніцтва раёна, прыводзяць прыклады халатнасці людзей, якія дапусцілі ўзнікненне пажару з-за таго, што проста хацелі навесці парадак на сваіх прыдамавых тэрыторыях і абралі сабе ў памочнікі агонь. Большасці грамадзян такіх тлумачэнняў дастаткова. Але існуе і такая катэгорыя людзей, якія, нягледзячы на ўсялякія папярэджанні, працягваюць парушаць правілы пажарнай бяспекі. Вось зусім нядаўна жыхары вёскі Дзямідавічы Гародзькаўскага сельскага Савета пасля навядзення парадку ў двары вырашылі спаліць сабранае смецце ў полі. Але замест чаканага парадку, атрымалі спалены суседскі хлеў і пагрозу жылым дамам. На пытанне інспектара: «Няўжо вас не навучыў пажар, які адбыўся ў мінулым годзе, калі па гэтай жа прычыне згарэў хлеў вашых суседзяў?», яны толькі паціскалі плячыма і казалі, што былі ўпэўненыя, што з імі такога не здарыцца і што больш такога не дапусцяць. Вось такая самаўпэўненасць нашых грамадзян і прыводзіць да сумных наступстваў. І, здаецца, што толькі ўласны вопыт прымусіць такіх людзей задумацца і перастаць рызыкаваць сваім жыццём і гадамі нажытай маёмасцю.


