Любая надзвычайная сітуацыя - гэта заўсёды рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей. Як паказвае шматгадовая практыка, менавіта ў перыяд летніх канікул пачашчаюцца выпадкі дзіцячага траўматызму, таму што часта дзеці застаюцца без належнага нагляду дарослых. З мэтай папярэджання гібелі і траўматызму дзяцей, а таксама правядзення адукацыйна-выхаваўчай работы ў галіне бяспекі жыццядзейнасці з падрастаючым пакаленнем на працягу ўсяго летняга перыяду работнікі Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзілі ў аздараўленчых лагерах і установах дашкольнай адукацыі рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Канікулы без дыму і агню!”
Пад час акцыі з дзецьмі былі праведзены прафілактыныя гутаркі з дэманстрацыяй навучальных відэафільмаў, спартыўныя гульні, падарожжы па краіне бяспекі. А для замацавання атрыманых ведаў выхаванцы атрымалі наглядны навучальны матэрыял. Дзеці радавалі сваімі адказамі, беспамылкова называючы прычыны пажараў, алгарытм дзеянняў пры пажары і выкліку службы выратавання.
Не праходзяць такія мерапрыемствы без мноства пытанняў, бо ў гэтым узросце дзецям хочацца даведвацца ўсё новае і нязведанае. Мора зададзеных пытанняў сведчыла пра тое, што яны цікавяцца спецыфікай прафесіі выратавальніка і паважліва ставяцца да гэтай працы. Самыя цікаўныя і смелыя пыталіся: «Колькі літраў вады выліваецца з рукава за 1 секунду? Дзе пажарныя бяруць ваду, калі яна скончыцца? Якая даўжыня самага доўгага рукава? Што выкарыстоўваюць выратавальнікі, каб засцерагчы сябе ад агню?” Пра гэта казалі і выставы малюнкаў рабят, прысвечаныя выратавальнікам.
Вельмі прыемна, што хлопчыкі i дзяўчынкi чакаюць гасцей з нецярпеннем. Адкрыты дыялог аб правілах пажарнай бяспекі і дэманстрацыя відэаролікаў аб дзіцячай бестурботнасці пакінулі ў свядомасці кожнага дзіцяці свой след.
Выратавальнікі ўпэўненыя, што такія мерапрыемствы павінны паслужыць дасягненню пастаўленай мэты - выхаванню ў падрастаючага пакалення культуры бяспечных паводзінаў.
Спадзяемся, што лета для кожнага дзіцяці прайшло бяспечна, прадуктыўна і з карысцю. Наперадзе навучальны год, а ён запатрабуе ад кожнага шмат сіл, энергіі і навыкаў, набытых за лета.


