У рамках трэцяга этапу акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!» у Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі прайшло мерапрыемства, на якім у чарговы раз нагадалі аб шкодзе курэння.
Усіх навучэнцаў падзялілі на тры групы. Групы па чарзе мяняліся. З першай групай занятак правёў урач-рэнтгенолаг установы аховы здароўя "Валожынская раённая паліклініка", які ў цікавай форме раскрыў тэму ўплыву курэння на здароўе чалавека. Другой групе навучэнцаў першы сакратар раённага камітэта грамадскай арганізацыі БРСМ дала магчымасць абмеркаваць тэму "Для чаго людзі кураць і што мы ведаем аб цыгарэтах?" Трэцяя група працавала з інспектарам прапаганды Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якая прапанавала ліцэістам аформіць агітацыйныя плакты "Я супраць курэння ў ложку!" Інспектар таксама распавяла аб выпадках гібелі людзей, якія здарыліся ў гэтым годзе ў раёне па прычыне курэння ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення.
Навучэнцы ліцэя актыўна задавалі пытанні, якія іх цікавяць і атрымалі кампетэнтныя адказы. Актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі прызы, а ўсе астатнія - памяткі аб мерах пажарнай бяспекі.


