Як змагацца з п'янымі курцамі? Гэтае пытанне ўвесь час задаюць сабе ратавальнікі. Бо большасць пажараў, на якіх гінуць людзі, адбываюцца менавіта па віне тых, хто ў стане алкагольнага ап'янення любіць пакурыць лежачы ў ложку.
У Валожынскім раёне не перастаюць шукаць шляхі вырашэння гэтай праблемы. Ужо амаль два месяцы выкарыстоўваецца такая форма працы, як абсталяванне месцаў для курэння на вуліцы. Паўторныя рэйды паказалі, што праца праводзіцца не дарэмна. Відаць, што многія ўсё ж такі прыслухаліся да слоў ратавальнікаў і кураць цяпер на вуліцы.
Нядаўна паспрабавалі яшчэ адну форму правядзення прафілактычнай работы з гэтай катэгорыяй людзей. У зале пасяджэнняў Гародзькаўскага сельвыканкама сабралі ўсіх грамадзян дадзенага сельсавета, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. З імі былі праведзены прафілактычныя гутаркі аб выконванні правіл пажарнай бяспекі і аб недапушчэнні здзяйснення правапарушэнняў, а ўрач нарколаг расказаў пра шкоду ўжывання алкаголю. Таксама былі выслуханыя і грамадзяне. Ім далі магчымасць выказаць сваё меркаванне пра лад жыцця, які яны вядуць, і пра тое, якое выйсце з сітуацыі, якая склалася, яны бачаць. Трэба сказаць, што меркаванні былі самымі рознымі. У кагосьці з'явілася жаданне зрабіць сваё жыццё лепшым, хтосьці так і не ўсвядоміў, да чаго можа прывесці такое стаўленне да сваёй бяспекі. Прысутным былі прадэманстраваны навучальныя відэаролікі і ўручана наглядна-выяўленчая прадукцыя.


