У г.п. Івянец Валожынскага раёна ратавальнікі правялі Дзень адчыненых дзвярэй. Усе жадаючыя змаглі атрымаць падрабязную інфармацыю аб службе ў МНС: умовах прыёму на службу, наяўных вакансіях, патрабаваннях да кандыдатаў, а таксама пра паступленне ва ўстановы адукацыі МНС. Прысутныя на мерапрыемстве людзі ўважліва слухалі выступоўцаў, а таксама задавалі пытанні, якія іх цікавяць. Усё сказанае было падмацавана праглядам відэаролікаў.
Мерапрыемства завяршылася дэманстрацыяй пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання. На плошчу гарадскога пасёлка, дзе праводзілася дэманстрацыя, прыйшлі як дзеці, так і дарослыя. Усе без выключэння былі ў захапленні ад убачанага і пачутага. Ад малых, якія жадаюць прымерыць на сабе баявую вопратку ратавальнікаў і пасядзець у пажарнай машыне і сапраўднай маторнай лодцы ратавальнікаў, не было адбою. Кожны з хлопчыкаў імкнуўся як мага хутчэй заняць месца за рулём. У натоўпе вясёлай малышні было чуваць: «Калі я вырасту, буду ратавальнікам!».


