10 верасня ў Ракаве прайшоў Фестываль культур «Ракаўскі фэст». Ракаў - полікультурнае мястэчка. Здаўна тут цесна пераплецены культуры розных народаў, якія на працягу стагоддзяў мірна і плённа разам працавалі і адпачывалі. Асаблівага росквіту Ракаў дасягнуў у 1930-я гады мінулага стагоддзя, калі апынуўся на мяжы Польшчы і СССР, і нават атрымаў неафіцыйны статус «сталіцы кантрабандыстаў».
У праграме фестывалю: прэзентацыя польскай, беларускай, літоўскай і яўрэйскай культур, выступленні музычных і харэаграфічных калектываў з Польшчы, Беларусі і Літвы, кірмаш "Горад майстроў", выставы «Польшча - краіна аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА», «Валерыя Гайшун - майстар яўрэйскай лялькі», « Выстава ілюстрацый да ізраільскіх дзіцячых кніг»
і многае іншае. Гасцей таксама чакаў цікавы квэст «Сцежкамі кантрабандыстаў», які дазволіў акунуцца ў атмасферу Ракава 1930-х гадоў.
А для самых маленькіх удзельнікаў фестывалю гульнявую праграму арганізавалі ратавальнікі. Вялікая чырвоная машына і незвычайная лялька
з першых хвілін прыцягнулі ўвагу малых. Для ўдзелу ў конкурсах выстройваліся нават чэргі з цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак. Кожны хацеў паспрабаваць свае сілы. Некаторыя ўдзельнічалі нават цэлымі сем'ямі. У гульнявой форме ратавальнікі нагадвалі гасцям свята самыя важныя правілы бяспекі. А за правільныя адказы дарылі прыемныя і карысныя падарункі.


