Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую Радзіму і ганарыцца ёй.
ФАКТ 10.
Адзінае месца ў Беларусі, дзе можна ўбачыць практычна горныя пейзажы – Салігорскі раён Мінскай вобласці. У 1949 годзе тут было адкрыта адно з найбуйнейшых у свеце месцазнаходжанняў калійных солей.
За дзесяцігоддзі эксплуатацыі рудніка пад зямлёй склалася цэлая сетка заблытаных лабірынтаў– агульная працягласць гэтых лабірынтаў складае каля 320 км. Глыбіня рудніка перавышае 420 метраў (вышыня 140-павярховага дома).
Тут жа, пад зямлёй, размешчана Рэспубліканская бальніца. Тэрапеўтычны эфект дасягаецца дзякуючы стабільнаму мікраклімату, аптымальнаму іоннаму складу паветра і практычна поўнай адсутнасці бактэрый у паветры. У суткі ўнікальны цэнтр можа аздаравіць да 120 чалавек.


ФАКТ 11.
У 2013 годзе Мінская вобласць была прызнана лепшым рэгіёнам для вядзення бізнэсу. Найбольшыя надзеі ўлады рэгіёну звязваюць з будаўніцтвам Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне.
Парк уяўляе сабой адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай каля 80 кв. км. Аб намеры развіваць свой бізнэс у гэтым месцы выказалася больш за 10 буйных сусветнавядомых кампаній. Плануецца, што да 2020 года на тэрыторыі парку створаць горад, дзе будзе пражываць да 250 тыс. чалавек.



