
Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую Радзіму і ганарыцца ёй.
ФАКТ 23.
… Канец красавіка 1945 года. Апошнія баі ў Берліне. Ішла падрыхтоўка да чарговага штурму дома. І раптам з аднаго дома на нямецкім баку выйшла жанчына з дзяўчынкай на руках і стала пераходзіць вуліцу. Яны былі ўжо на яе сярэдзіне, калі з нямецкага боку раздалася кулямётная чарга. Прайшоў нейкі час, і байцы пачулі гучны плач дзіцяці. Дзяўчынка поўзала каля забітай маці і плакала.
І тады на вуліцу выйшаў баец. Закінуўшы за плечы аўтамат, ён папоўз у бок дзяўчынкі. Гэта быў старэйшы сяржант Трыфан Лук'яновіч, ураджэнец Лагойскага раёна.
Лук'яновіч дапоўз да забітай жанчыны, узяў дзяўчынку і папоўз назад. Але паўзці з дзіцем было нязручна. Ён устаў і, прыціскаючы дзяўчынку да грудзей, прыгнуўшыся, пабег. І калі ўжо дабег да сваіх, з нямецкага боку пачуўся адзіны стрэл... Лук'яновіч пахіснуўся, але паспеў перадаць сваю ношу ў працягнутыя рукі байцоў і ўпаў.
Праз пяць дзён Трыфан Андрэевіч Лук'яновіч памёр у ваенным шпіталі, не дажыўшы да перамогі некалькі дзён.
На Мінскім прыборабудаўнічым заводзе, дзе працаваў Трыфан да вайны, усталявана памятная дошка. Там жа ёсць невялікі музей, прысвечаны герою. У мікрараёне Зялёны Луг, дзе жыў герой у даваенны час, ёсць вуліца, названая яго імем.
У Германіі на месцы подзвігу ўстаноўлена памятная пліта. Помнік воіну-вызваліцелю ў Берліне ў Трэптаў-парку прысвечаны Трыфану Андрэевічу Лук’яновічу.



