Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую Радзіму і ганарыцца ёй.
ФАКТ 24.
СЛУЦКІЯ АФІНЫ.
Слуцкая гімназія (цяпер ДУА «Гімназія № 1 г. Слуцка») — найстарэйшая адукацыйная ўстанова сучаснай Беларусі, другая пасля Віленскага ўніверсітэта, заснаваная ў 1617 годзе Янушам Радзівілам у Слуцку.
20 мая 1617 года Януш VI Радзівіл падпісаў грамату аб заснаванні кальвінісцкай школы, якая ў 1630-х гадах была пераўтвораная ў кальвінісцкую гімназію. Будынак гімназіі быў драўляным. Паводле даследванняў гімназія працавала на працягу трох стагоддзяў бесперапынна. Адукацыя ў гімназіі была платнай.
Кальвінская навучальная ўстанова ўжо ў XVII стагоддзі заваявала вядомасць і славу далёка за межамі Беларусі як «Слуцкія Афіны» і як «Узорная Слуцкая гімназія».
Сярод першых выпускнікоў, якія праславілі Слуцкую гімназію, быў заўзяты кальвініст, выдавец, перакладчык і паэт Ілля Капіевіч. Скончыў «Слуцкія Афіны» вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл. Вучыўся ў Слуцку і вядомы беларускі пісьменнік XIX стагоддзя Альгерд Абуховіч. Менавіта ён разам з Францішкам Багушевічам лічыцца родапачынальнікам басеннага жанру ў айчыннай літаратуры.
Слуцкая гімназія сёння – адно з лепшых устаноў не толькі у вобласці, але і ў краіне. У ВНУ паступаюць практычна 100% выпускнікоў. Традыцыйна гімназісты становяцца пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый.

ФАКТ 25.
ЖОДЗІНСКАЯ ЖАНОЧАЯ ГІМНАЗІЯ.
Гэта адзіная ў краіне ўстанова, дзе вучацца толькі дзяўчынкі. За 25 гадоў у гімназіі атрымалі адукацыю больш за 600 чалавек. 18 гімназістак сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Каля 90% выхаванак кожны год паступаюць у самыя прэстыжныя ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.
У гімназіі у дзяўчынак ёсць магчымасць не толькі асвоіць школьную праграму, але і набыць навыкі рукадзелля, кулінарыі, этыкету, танца, акцёрскага майстэрства, вакалу, вядзення хатняй гаспадаркі, эканомнага стаўлення да прыродных рэсурсаў. Асаблівая ўвага надаецца выхаванню у дзяўчат сямейных каштоўнасцей, усведамлення сваёй ролі ў грамадстве як будучых маці.

ФАКТ 26.
МІНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АБЛАСНЫ ЛІЦЭЙ
Гэта лідзіруючая ўстанова адукацыі Беларусі ў навучанні адораных дзяцей.
Сёння ліцэй ажыццяўляе павышаную адукацыйную падрыхтоўку па фізіка-матэматычным, прыродазнаўча-матэматычнаму, хіміка-біялагічнаму, хіміка-матэматычнаму, філалагічнаму, эканамічнаму і грамадазнаўчаму профілях. Як вынік – стабільна высокі паказчык паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ліцэісты паспяхова выступаюць і ў прадметных алімпіядах: за 14-гадовую гісторыю ўстановы яны заваявалі 382 дыплома ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды, 116 дыпломаў заключнага этапу, 13 дыпломаў міжнародных алімпіяд.
14 настаўнікаў і 164 ліцэіста з'яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 8 работнікаў ўдастоены нагруднага знака «Выдатнік адукацыі».
ФАКТ 27.
МІНСКАЕ АБЛАСНОЕ КАДЭЦКАЕ ВУЧЫЛІШЧА.
Гэта ўстанова ўпершыню адчыніла свае дзверы 1 верасня 2010 года. Сёння тут навучаюцца кадэты з розных абласцей Беларусі. У вучылішча прымаюцца як юнакі, так і дзяўчаты, якія скончылі 7 класаў. Таксама ажыццяўляецца дадатковы набор вучняў у 9-10 класы. Навучанне вядзецца па вучэбных праграмах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з абавязковым правядзеннем дадатковых заняткаў па асновам ваеннай службы, фізічнай падрыхтоўцы, плаванні.

ФАКТ 28.
«Я – ДАСЛЕДЧЫК».
Штогод, пачынаючы з 2010 года, у дні вясновых канікул на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі праходзіць фестываль даследчых работ малодшых школьнікаў і дзяцей дашкольнага ўзросту «Я – даследчык».
Міншчына першай у краіне арганізавала мерапрыемства для юных даследчыкаў у ўзросце ад 5 да 10 гадоў. Пастаяннымі гасцямі ўжо сталі хлопцы з іншых абласцей Беларусі, горада Мінска, Расіі і Латвіі. Пераможцы фестывалю прадстаўляюць не толькі Мінскую вобласць, але і ўсю нашу краіну на ўсерасійскіх конкурсах «Я – даследчык».



