У гэты ж дзень В.Гіруць-Русакевіч і М.Шакун сустрэліся з наведвальнікамі аздараўленчага лагера Ракаўскай сярэдняй школы. У класе, дзе праходзіла сустрэча, была аформлена выстава ўласных кніг паэтэс і калектыўных зборнікаў, куды ўвайшлі іх творы. Вучаніцы-вядучыя прадставілі шаноўных гасцей, коратка расказалі пра іх творчы шлях. Вершы любові да роднай зямелькі і прыроды гучалі як у аўтарскім выкананні, так і ў выкананні маленькіх чытачоў школьнай бібліятэкі. Марыя Антонаўна і Валянціна Францаўна гаварылі пра тое, як патрэбна і важна цаніць сваё, роднае , берагчы і шанаваць спадчыну, наш навакольны свет, а таксама пра важнасць кнігі, як мудрага дарадчыка, сабра-усяведа, з якім заўсёды і цікава, і пазнавальна, і весела.
На ўспамін аб сустрэчах у абедзьвюх школах засталіся калектыўныя фотаздымкі і новая кніга В.Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу”.


