Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Край як аб’ект краязнаўчай дзейнасці бібліятэчных устаноў

05.07.2018

 

У апошнія дні чэрвеня прайшоў рэгіянальны семінар бібліятэчных работнікаў Дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка” Гродзенскай вобласці і Дзяржаўнай установы “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка”.  Тэмай семінара была абрана краязнаўчая дзейнасць бібліятэк і абедзве стараны падрыхтавалі даволі насычаную  праграму.

27 чэрвеня бібліятэкары Валожынскага раёна наведалі Ашмянскую зямлю. Адкрыла семінар Людміла Антонаўна Каханоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, якая расказала  аб асноўных прыярытэтах развіцця культуры Ашмяншчыны. З бібліятэчнай сістэмай раёна калег пазнаёміла дырэктар ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка Марына Рамуальдаўна Белавус. Вопытам работы па экалагічным краязнаўстве падзяліліся работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі. У сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка бібліятэкары Валожыншчыны наведалі музейны краязнаўчы пакой, у сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны музей Дугі Струве. Удзельнікі семінару наведалі помнік прыроды “Валун “Нявесцін камень” і руіны Гальшанскага замка. Завяршыўся семінар на барунская зямлі. Пасля экскурсіі па Барунскім базыльянскім комплексе, бібліятэчныя работнікі накіраваліся ў сельскую бібліятэку аграгарадка Баруны.

29 чэрвеня сустракалі гасцей бібліятэкары ўстаноў Валожыншчыны. Першай кропкай у праграме стала наведванне Вішнеўскай сельскай бібліятэкі. Галоўны напрамак дзейнасці ўстановы – краязнаўства і гэта невыпадкова, у розны час на Вішнеўшчыне нарадзіліся і працавалі  Сымон Будны, Уладзіслаў Чарняўскі (музей памяці якога давялося таксама наведаць у рамках праграмы семінара), Канстанцыя Буйло, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (жонка Янкі Купалы), Пятро Бітэль, Хведар Чэрня.  Бібліятэкар Алена Генадзьеўна Жвірко пазнаёміла ашмянцаў з гісторыяй Вішнеўскага краю і правяла фотаэкскурсію “Шлях ад віленскай вуліцы ў Вішневе на прэзідэнцкую вуліцу ў Іерусаліме” у пакоі памяці, прысвечаным Шымону Пэрэсу – 9 презідэнту Ізраіля, які нарадзіўся ў Вішневе.

Затым удзельнікі семінара накіраваліся ў гарадскі пасёлак Івянец.  Загадчык бібліятэкі Ірына Бернардаўна Бурачэўская пазнаёміла калег з дзейнасцю ўстановы, удзельнікі семінара наведалі касцёл Святога Міхаіла Арханёла, дзе  Ігар Аляксандравіч Солтан – бібліятэкар установы,  правёў экскурсію і пазнаёміў прысутных з гісторыяй касцёла, манастыра манахаў -францысканцаў і ўвогуле гарадскога пасёлка Івянец. Наступнай была Дорская сельская бібліятэка - інфармацыйны і культурны цэнтр аграгарадка, гаспадыня якой Ганна Іванаўна Афоніна ветліва сустрэла гасцей і падзялілася вопытам сваёй работы. Затым  бібліятэкары наведалі Валожынскую дзіцячую бібліятэку і Валожынскую цэнтральную раённую бібліятэку – пазнаёміліся з дзейнасцю  бібліятэк па выкарыстанні гісторыка-культурнага патэнцыялу раёна ў бібліятэчным краязнаўстве.

Завяршыўся семінар круглым сталом у Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч пазнаёміў гасцей са станам і перспектывамі развіцця культуры і гісторыка-культурным патэнцыяле Валожынскага раёна, дырэктар галоўнай бібліятэчнай установы раёна Ірына Міхайлаўна Зянько – з сучаснымі тэндэнцыямі і перспектывамі развіцця бібліятэк Валожыншчыны.

Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі семінара падзяліліся асабістымі ўражаннямі і прапановамі аб далейшай рабоце бібліятэчных ўстаноў у краязнаўчым накірунку, выказалі меркаванні, што такія сумесныя мерапрыемствы садзейнічаюць росту прафесійнага майстэрства, павышэнню эфектыўнасці работы з чытачамі.