Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

15 СТУДЗЕНЯ МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ СВЯТКАВАЛА СВОЙ 80-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ

12.07.2018

15 СТУДЗЕНЯ

МІНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ

 СВЯТКАВАЛА  СВОЙ  80-ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ

Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект

“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”

у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.

Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.

У другім паўгоддзі мы пачынаем Вас знаёміць з гарадамі і раёнамі   Мінскай вобласці і некаторымі іх адметнасцямі.

ФАКТ 41.

ЖОДЗІНА.

 7 сакавіка 1963 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Жодзіна прысвоены статус горада абласнога падпарадкавання.

Жодзіна з'яўляецца адным з цэнтраў сельскагаспадарчай навукі рэспублікі. Тут размешчаны Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробству і Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі, якія ўслаўляюць Жодзіна далёка за межамі краіны.

...На сёмы дзень Вялікай Айчыннай вайны сяло Жодзіна занята нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але жыхары не  падпарадкоўваюцца ворагу. Многія сыходзяць у партызанскія атрады брыгад «Разгром» і «Смерць фашызму». На фронт пайшлі і не вярнуліся пяцёра сыноў Анастасіі Фамінічны Купрыянавай, малодшы з якіх, Пётр, за  подзвіг пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Памяць пра іх і маці – простай беларускай жанчыны, выхаваўшай сыноў-герояў ўвасоблена у мануменце «Маці-патрыётка».

 

 

ФАКТ 42.

БЯРЭЗІНСКІ РАЁН.

 З 20 верасня 1944 года раён у складзе Мінскай вобласці.

1501 год - першае згадванне у пісьмовых крыніцах аб мястэчку Беразіно як тарговым цэнтры на рацэ Бярэзіне.

Гісторыя горада цесна звязана з такімі сур'ёзнымі падзеямі, як вайна Рэчы Паспалітай з Расійскай дзяржавай, Паўночная вайна і Айчынная 1812 года, падчас якой Беразіно і яго наваколлі сталі адным з месцаў канчатковага разгрому войскаў Напалеона.

Бярэзіншчына – радзіма многіх выбітных грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў і артыстаў. У в. Калюжыца нарадзіўся мастак Валенцій-Вільгельм Ваньковіч, у в. Капланцы – кампазітар Мікалай Якаўлевіч Ровенскі, у  п. Лучных Мост – фізік, акадэмік НАН Беларусі Мікалай Аляксандравіч  Барысевіч.

На тэрыторыі раёна  170 помнікаў гісторыі і культуры. Сярод іх – сядзібны дом графа Патоцкага (1-я палова XIX ст.).

  

ФАКТ 43.

БАРЫСАЎСКІ РАЁН.

 Паводле легенды, у 1102 годзе полацкі князь Барыс Усяслававіч заснаваў на левым беразе Бярэзіны горад, назваўшы яго сваім імем. Дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу ўжо да сярэдзіны XIII стагоддзя Барысаў увайшоў у лік вядомых гандлёва-рамесных цэнтраў.

У перадваенныя гады Барысаў з'яўляўся буйным адміністрацыйным, прамысловым і культурным цэнтрам Міншчыны. Тут размясціліся самыя вялікія ў краіне дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, якія вырабляюць запалкі, піламатэрыялы, фанерныя вырабы, а таксама піяніна. Імклівае развіццё барысаўскага краю перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Тры гады горад знаходзіўся пад акупацыяй. Загінулі 33 тысячы барысаўчан, 80 вёсак былі спалены фашыстамі цалкам або часткова.

У  2009 годзе Барысаў удастоены вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

У лістападзе 2017 года у Барысаўскім раёне адкрылі  «БЕЛДЖЫ» - завод па вытворчасці аўтамабіляў.  Прадпрыемства пабудавалі за два з паловай года сіламі беларускіх і кітайскіх спецыялістаў.

 

ФАКТ 44.

ВІЛЕЙСКІ РАЁН.

 Вілейшчыну многія лічаць «прыморскім» краем дзякуючы вадасховішчу, якое мясцовыя жыхары з любоўю называюць Вілейскім морам. Гэты вадаём і рака Вілія, бясконцыя лясныя масівы – своеасаблівая прыродная візітная картка краю.

Вілейскі край – радзіма многіх знакамітых дзеячаў культуры. Тут шануюць акадэміка Нікадзіма Селіванавіча, які удзельнічаў у роспісу Ісакіеўскага сабора у Санкт-Пецярбургу. Ганарацца сваім земляком – народным артыстам Беларусі, вядомым дырыжорам, музыкантам і педагогам Міхаілам Казінцом.

На Вілейшчыне больш 300 помнікаў гісторыі і культуры, 25 з якіх унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.  Тут размяшчаецца адзіны у Беларусі музей Першай сусветнай вайны. У вёсцы Заброддзе намаганнямі творчай сям'і Цітовічаў, пры падтрымцы райвыканкама, ўзведзена капліца ў памяць святых Барыса і Глеба.

ФАКТ 45.

ВАЛОЖЫНСКІ РАЁН.

 Налібоцкая пушча, серабрыстыя ніткі хуткабежнай Заходняй Бярэзіны,  Іслачы, Волмы і тысячы сцюдзены крыніц – усё гэта, наша, валожынская зямля, авеяная легендамі і паданнямі.

З 1921 г. па верасень 1939-га Валожын і Валожынскі раён былі часткай тэрыторыі Польшчы. Паблізу вёскі Ракаў праходзіла савецка-польская мяжа. Затым раён быў уключаны у склад Баранавіцкай і Маладзечанскай абласцей. Толькі 15 студзеня 1965 года яго аднавілі як адміністрацыйна- тэрытарыяльную адзінку сталічнай вобласці.

Многія населеныя пункты маюць багатую гісторыю, звязаную з жыццём і дзейнасцю вялікіх людзей. У вёсцы Багданава размяшчалася радавая сядзіба сусветна вядомага мастака Фердынанда Рушчыца.

Вёска Лоск праславілася дзякуючы філосафу, гуманісту, пісьменніку і кнігавыдаўцу Сымону Буднаму. У мясцовай друкарні Будны выдаў Новы Запавет і першы беларускамоўны «Катэхізіс».

Непаўторная прырода Малой Люцінкі сілкавала творчыя сілы беларускага  драматурга, тэатральнага дзеяча В. І. Дуніна-Марцінкевіча, магіла якога знаходзіцца у вёсцы Тупальшчына.

Наведаўшы мястэчка Ракаў ў 1908 годзе, польская пісьменніца Эліза Ажэшка назвала яго «паўночныя Афіны». У Ракаве жыў і тут жа пахаваны беларусскапольскі кампазітар Міхал Грушвіцкі. Тут адкрыта прыватная артгалерея «Янушкевічы», музей поліэтнічнай культуры. На тэрыторыі Ракаўскага сельсавета актыўна развіваецца аграэкатурызм, праводзяцца асноўныя рэспубліканскія, абласныя і раённыя мерапрыемствы.

Гарадскі пасёлак Івянец здаўна славіцца сваёй керамікай.

Валожынская зямля - радзіма дзяржаўных дзеячаў: старшыні Вярхоўнага Савету БССР В. Ф. Кебіча і нобелеўскага лаўрэата, прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Шымона Пэрэса. 

Сёння раён дынамічна развіваецца. Сельгасарганізацыі і фермерскія гаспадаркі спецыялізуюцца на вырошчванні збожжавых і зернебабовых, а таксама буракоў, гародніны, рапсу; на вытворчасці мяса і малака. Пяць прамысловых прадпрыемстваў выпускаюць тавары з пласмасы і керамікі, вырабляюць кандытарскія вырабы, займаюцца перапрацоўкай.

Валожыншчына з'яўляецца лідэрам у рэалізацыі многіх інавацыйных пачынанняў: «зялёных маршрутаў», безбар'ернага асяроддзя і турыстычных кластараў.  Наладжана супрацоўніцтва з рэгіёнамі-пабрацімамі Расіі, Балгарыі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Польшчы.