Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.
У другім паўгоддзі мы пачынаем Вас знаёміць з гарадамі і раёнамі Мінскай вобласці і некаторымі іх адметнасцямі.
ФАКТ 46.
ДЗЯРЖЫНСКІ РАЁН

За сваю доўгую гісторыю цэнтр раёна меў тры назвы: Крутагор’е, Койданава, Дзяржынск. У 1932 годзе VII Надзвычайны з'езд Саветаў Койданаўскага нацыянальнага польскага раёна прыняў рашэнне аб перайменаванні раёна ў Дзяржынскі, а мястэчка Койданава – у горад Дзяржынск (у гонар Ф. Э. Дзяржынскага, які нарадзіўся непадалёк).
Прамысловасць раёна прадстаўлена двума дзесяткамі буйных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. 23 чэрвеня 2017 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта А. Г. Лукашэнка Дзяржынскі раён прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод раёнаў і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару.
Адкрытасць і інвестыцыйны патэнцыял прыцягваюць у рэгіён партнёраў з усяго свету. У лістападзе 2014 года кампанія «Штадлер» афіцыйна ўвяла ў эксплуатацыю завод па вытворчасці чыгуначнага транспарту сусветнага класа ў Фаніпалі. Раён прыняў на сябе важную місію – канцэнтраваць інавацыйныя вытворчасці для ўсяго сталічнага рэгіёну. 12 красавіка 2016 года ў пасёлку Станькава з удзелам Прэзідэнта Беларусі адбыўся сімвалічны запуск наземнага комплексу кіравання Нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання.

ФАКТ 47.
КЛЕЦКІ РАЁН

Невялікі у маштабах Клецкі раён мае багатую гісторыю і традыцыі, прамысловы і аграрны патэнцыял. Адразу пасля яго заснавання, 15 студзеня 1940 года, тут ствараюцца партыйная і камсамольская арганізацыі, райсавет дэпутатаў і працоўных. У Клецку адкрываюцца 2 школы – беларуская і руская, бальніца, аптэка, амбулаторыя. Зарабіў райпрамкамбінат, ствараюцца калгасы.
19 кастрычніка 1943 г. у падпольнай друкарні выйшаў першы нумар газеты Клецкага райкама КП(б)Б – «За Савецкую Беларусь». Пасля вызвалення жыхары хутка адбудавалі горад. Ужо ў 1945 годзе ў раёне працавалі ўсе прадпрыемствы, функцыянавалі 60 школ, бальніца, радзільны дом.

Клецкі раён – адна з найбольш экалагічна чыстых тэрыторый Мінскай вобласці: да 25% яе займаюць лясы. Чарэшчатыя дубы Галынкаўскага і Навінкаўскага лясніцтваў з'яўляюцца батанічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння.
ФАКТ 48.
КАПЫЛЬСКІ РАЁН

Капыльшчына – самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі. Гэта радзіма першага старшыні ўрада БССР Дзмітрыя Фёдаравіча Жылуновіча (Цішкі Гартнага), якому усталяваны памятны знак у цэнтры Капыля.
У славутым спісе жыхароў гэтага рэгіёну – 11 Герояў Савецкага Саюза, 12 Герояў Сацыялістычнай Працы, 1 Герой Беларусі і 41 чалавек узнагароджаны ордэнам Леніна. Больш за 50 пісьменнікаў, у тым ліку Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Адам Русак, Алесь Адамовіч, Сцяпан Аляксандравіч, нарадзіліся на капыльскай зямлі.
Штогод у Капылі праводзяцца рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы KOPYL TRAIL. Капыльшчына – радзіма абласнога фестывалю гульні і гумару «Капыльскія пацехі».
На тэрыторыі раёна 39 матэрыяльных гісторыкакультурных помнікаў і 2 нематэрыяльных (калядны абрад «Цары», тэхніка закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў). Калядны абрад «Цары» (в. Семежава) унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

ФАКТ 49
КРУПСКІ РАЁН

Знаходзячыся на скрыжаванні дарог і эпох, Крупкі пабачылі многае: падарожнікаў па знакамітаму Кацярыненскаму тракце, пажарышча 1812 года, пераломныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя, фашысцкую акупацыю, подзвіг абаронцаў Радзімы і самаадданую працу людзей.
Акупацыя раёна падчас Вялікай Айчыннай доўжылася тры гады. Вялася актыўная барацьба супраць захопнікаў. Адным з першых цэнтраў супраціву на тэрыторыі Крупскага раёна стаў атрад «Сяргей» пад камандаваннем Сяргея Жуніна.
Гэта край дзіўнай прыроды. 42 працэнта плошчы раёна займаюць лясы. Заказнік дзяржаўнага значэння «Сялява», жамчужынай якога з'яўляецца найчыстае возера Сялява, – адзін з найбуйнейшых на паўночным усходзе Беларусі.



