Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.
У другім паўгоддзі мы пачынаем Вас знаёміць з гарадамі і раёнамі Мінскай вобласці і некаторымі іх адметнасцямі.
ФАКТ 54
МЯДЗЕЛЬСКІ РАЁН

Мядельшчына – азёрны край. Тут 52 возера, у тым ліку і самае вялікае ў нашай краіне – Нарач. Асаблівасць гэтага раёна ў тым, што амаль трэць яго тэрыторыі – курортная зона. Штогод сюды прыязджае на аздараўленне больш за 100 тыс. чалавек, у тым ліку нямала грамадзян СНД і далёкага замежжа. На Мядзельшчыне размешчаны унікальны прыродны комплекс «Блакітныя азёры», які аб'ядноўвае групу вадаёмаў незвычайнай прыгажосці.
Мядзельская зямля мае ўнікальную гісторыю. Памятае яна набегі рыцараў крыжакоў Тэўтонскага ордэна, мангола-татарскіх ордаў, парады войскаў польскага караля Стэфана Баторыя, адступленне французскіх войскаў у час вайны 1812 года, цяжкую, з шматлікімі ахвярамі, Нарачанскую аперацыю 1916 года, гераічную барацьбу партызан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Сведкамі многіх падзей у Мядзельскім раёне сталі 8 касцёлаў і 9 цэркваў, узведзеных у XVII–XXI стагоддзях. Немагчыма абыйсці увагай велічную базіліку касцёла ў Будславе з цудатворнай іконай Маці Божай, якая прываблівае тысячы паломнікаў з розных краін.
Далёка за межамі нашай краіны вядомыя імёны ураджэнцаў гэтых мясцін – беларускага кампазітара, арганіста і педагога Яўхіма Глінскага; прафесара, мастака-графіка Васіля Шаранговіча; беларускай актрысы, першай выканаўцы ролі Паўлінкі ў аднайменнай камедыі Янкі Купалы, народнай артысткі рэспублікі Марыі Захарэвіч і інш. Мядзельскі край выгадаваў цэлую плеяду паэтаў, у тым ліку класіка беларускай літаратуры Максіма Танка, народнага паэта Беларусі.
ФАКТ 55
НЯСВІЖСКІ РАЁН

Нясвіж... Гэты горад нельга не любіць. Блукаць па гэтаму «музею пад адкрытым небам» можна бясконца. У 2005 годзе Нясвіж быў унесены у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як узор новай архітэктурнай традыцыі ХVІ– ХVІІ стагоддзяў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, як цэнтр ўкаранення і пашырэння культурных традыцый і перадавых ідэй.
Сёння прамысловы патэнцыял раёна складаюць 11 прадпрыемстваў. На іх выпускаюцца цукар і прадукты яго перапрацоўкі, кансервы з садавіны і агародніны, хлеб і хлебабулачныя вырабы, тавары фармацэўтыкі, адзенне і тэкстыльныя вырабы, паліграфічная і цэлюлозна-папяровая прадукцыя, корпусная і мяккая мэбля і іншае.
Нельга не сказаць аб брэндзе Нясвіжа – замку, былой рэзідэнцыі князёў Радзівілаў. Работы па яго рэканструкцыі пачаліся ў 2004-м і праз 8 гадоў, 20 ліпеня 2012 года, адрэстаўраваны замак быў урачыста адкрыты з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі. У цяперашні час гэта найбуйнейшы музей нашай краіны.
ФАКТ 56
ПУХАВІЦКІ РАЁН

Раён – аднагодак Мінскай вобласці: у яе склад ён быў уключаны 15 студзеня 1938 года. У 30-е гады мінулага стагоддзя раён з'яўляўся сельскагаспадарчым. Паспяхова развівалася мясцовая прамысловасць. Да 1941 годза ў раёне налічвалася 128 школ. Працуе адна з найстарэйшых у рэспубліцы устаноў адукацыі сельскагаспадарчага профілю – Мар'інагорскі дзяржаўны ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічны каледж імя У. Е. Лабанка.
Вядучай галіной гаспадаркі ў раёне з'яўляецца прамысловасць, якая прадстаўлена 15 асноўнымі прадпрыемствамі. Аграпрамысловы комплекс раёна складаецца з 16 сельскагаспадарчых арганізацый, якія спецыялізуюцца на вытворчасці малака і мяса, вырошчванні збожжавых культур.
Яркай падзеяй культурнай жыцця раёна з'яўляецца фестываль песні і музыкі «Майскі вальс» на прыз кампазітара Ігара Міхайлавіча Лучанка. У Мар'інай Горцы знайшоў пастаянную прапіску абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».
Гэты край багаты на таленты. Тут нарадзіўся вядомы цымбаліст, народны артыст СССР Іосіф Жыновіч. Сваёй другой радзімай Пухаўшчыну лічыць народны артыст СССР кампазітар Ігар Лучанок. З Пухаўшчынай цесна звязана і жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
У Пухавіцкім раёне знаходзіцца музейны комплекс “Дукорскі маёнтак”. Галоўны прынцып якога -«ажывіць» сухія гістарычныя звесткі на вачах у гледача, прымусіць старыя касцюмы, танцы, шляхецкае ўзбраенне, практычныя навыкі мілулай эпохі паўстаць не словамі з вуснаў экскурсавода, а жывым дзеяннем у выкананні арт-групы і майстроў комплексу.


