Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.
У другім паўгоддзі мы пачынаем Вас знаёміць з гарадамі і раёнамі Мінскай вобласці і некаторымі іх адметнасцямі.
ФАКТ 61
СТАЛБЦОЎСКІ РАЁН
"Мой родны кут, як ты мне мілы... " гэтыя радкі пісаў аб сваёй малой радзіме класік нацыянальнай літаратуры Якуб Колас - гонар жыхароў раёна.
Да 1939 года тэрыторыя знаходзілася ў складзе Польшчы, чыгуначная станцыя "Коласава" была памежнай. Тут паэт У. Маякоўскі, праходзячы мытны дагляд, напісаў свой знакаміты верш пра савецкі пашпар.
На тэрыторыі раёна нарадзіўся Ф. Э. Дзяржынскі. Стаўбцоўшчына ўзгадавала чатырох герояў Сацыялістычнай Працы, звыш 40 заслужаных работнікаў у розных галінах гаспадаркі, 29 дактароў навук і прафесараў, 36 пісьменнікаў і паэтаў.
Сёння традыцыйна ў раёне праходзяць адкрыты абласны конкурс маладых
выканаўцаў "Залатая труба" памяці заслужанага работніка культуры Беларусі І. С. Янкоўскага, абласное свята-конкурс юных музыкаў "Сымон-музыка», пленэр юных мастакоў "Дзе льецца Нёман срэбраводны", фестываль Тэатра "Казкі жыцця". Турыстычныя паслугі аказваюць 23 аграсядзібы, 4 турыстычна-экскурсійныя фірмы. Сядзібна-паркавы комплекс "Панскі маёнтак Сула " - унікальнае месца для адпачынку.

ФАКТ 62
УЗДЗЕНСКІ РАЁН
Уздзенскі раён - самабытны і маляўнічы край, размешчаны ў самым цэнтры Мінскай вобласці і Беларусі. Першае згадванне аб паселішчы Узда адносіцца да 1450 года. Афіцыйная дата заснавання – 8 мая 1494 года. Да верасня 1939 на паўднёва заходняй ускраіне населенага пункта праходзіла дзяржаўная мяжа СССР з Польшчай.
У гэтых месцах пачынае свой бег да балтыйскіх вод магутны Нёман. Статус геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння маюць валуны "Каменскія» – самая буйная па памерах група валуноў на Міншчыне.
Уздзеншчына – культуралагічны асяродак Рэспублікі, адно з першых месцаў беларускага кнігадрукавання. Выбітны дзеяч Нацыянальнага Адраджэння Сымон Будны у 1572 годзе напісаў у Цуглях уступ да Бібліі. Беларускі прыродазнавец, прафесар электраграфіі і магнетызму Якаў Наркевіч-Ёдкаў у сваім маёнтку Наднёман арганізаваў метэаралагічную станцыю.
У 1941-1944 гадах на тэрыторыі Уздзенскага раёна дзейнічала больш за 20 партызанскіх атрадаў і брыгад. Каля вёскі Хараміцкія загінуў юны партызан-разведчык Марат Казей. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады ваеннага ліхалецця, каля 3 тыс. жыхароў раёна узнагароджаны дзяржаўнымі узнагародамі.

ФАКТ 63
ЧЭРВЕНЬСКІ РАЁН
Сучасная тэрыторыя раёна сфармавалася ў студзені 1960 года, калі ў яе уключылі мястэчка Смілавічы і навакольныя вёскі. Сельская гаспадарка раёна прадстаўлены 14 арганізацыямі. Раён спецыялізуецца на вытворчасці малака, мяса, збожжа, бульбы, рапсу і гародніны.
У г. п. Смілавічы дзейнічае музей «Прастора Хаіма Суціна», прысвечаны жыццю і творчасці мастака з сусветным імем. У 2017 годзе ў філіяле Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея у Смілавічах адкрыта «Музычная гасцёўня Станіслава Манюшкі».
Чэрвеньшчына - радзіма многіх вядомых людзей, сярод якіх пісьменнік Генадзь Аўласенка, кампазітар Кім Цесакоў, кінарэжысёр Андрэй Булінскі, доктар біялагічных навук Міхаіл Пікулік, першы беларускі алімпійскі чэмпіён па цяжкай атлетыцы Валерый Шары, удзельніцы Алімпіяды-2004 у Афінах лёгкаатлеткі сёстры Святлана і Ілона Усовіч, паралімпійская чэмпіёнка Людміла Волчак.
Чэрвень - родны горад лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага, які двойчы
пабыў на калязямной арбіце, стаў Героем Расіі, ганаровым грамадзянінам
Мінскай вобласці і Чэрвеньскага раёна.



