15 верасня супрацоўнікі Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі разам са сваімі шматлікімі чытачамі, адзначалі Дзень бібліятэк Беларусі. Гэта свята, якое з'явілася ў краіне ў 2001 годзе па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. А дата свята — 15 верасня — абраная ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, галоўнага кнігасховішча краіны. Гэта дзень усіх, хто не ўяўляе свайго жыцця без кнігі, ведаў і асветы.
Праграма дня ўключала: мультымедыйную прэзентацыю “Бібліятэка. Час. Мы.”, шматлікія кніжныя выставы - “З кнігай праз вякі”, “Навінкі літаратуры”, “Мы з імі сустракаліся”, “Сярод незвычайных кніг”, выставу перыядычных выданняў; акцыі “Чытаюць усе!” (чытачы атрымалі магчымасць любую кнігу з камерцыйнага фонда ўзяць бясплатна), “У свет інфармацыі праз бібліятэку” (чытачам прадастаўлялась магчымасць бясплатнага карыстання сеткай ІНТЭРНЭТ), “Дзень вернутай кнігі” (бібліятэкі прымалі не здадзеныя ў час кнігі і прабачалі сваіх забыўчывых чытачоў). А бібліятэкар аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі Діяна Гасціловіч ладзіла майстар-класс па модульнаму арыгамі.
У гэты святочны дзень у Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло літаратурнае свята, прысвечанае 210-годдзю з дня нараджэння Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцінкевіча, які больш 40 гадоў жыў і тварыў на Валожыншчыне. Мерапрыемства мела назву - “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы…” і было арганізавана сумесна з Валожынскім раённым цэнтрам культуры. Пад час мерапрыемства гучалі ўрыўкі з твораў Вінцэнта Іванавіча, якія чыталі ўдзельнікі літаратурна-мастацкага аб’ядання “Рунь”, прыгожа і эмацыянальна прачытаў урывак з кнігі “Млын жыцця” Генадзя Равінскага Валерый Мазура,супрацоўкі Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадставілі ўвазе прысутных урывак з фарсу-вадэвілю “Залёты”. Завяршылася свята вершам Валянціны Гіруць-Русакевіч, у аўтарскім выканні, які паэтэса прысвяціла Вінцэнту Іванавічу Дуніну-Марцінкевічу.
Мерапрыемствы , прысвечаныя Дню бібліятэк прайшлі і ў бібліятэках-філіялах. Валожынская дзіцячая бібліятэка запрасіла сваіх чытачоў на бібліясвята “Тут кнігі радуюць сяброў і душы грэюць добрым словам”, у Івянецкай гарпасялковай бібліятэцы прайшла юбілейная сустрэча да 100-годдзя установы “Жыццё, аддадзенае кнізе”.


