Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.
ФАКТ 66
АРТ-ТЭРАПІЯ УРАДЖЭНЦА ВАЛОЖЫНА СЯРГЕЯ ПІСАРЭНКІ
У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы "Бязмежны свет Сяргея Пісарэнкі».
Як і належыць прафесіяналу, Сяргей Пісарэнка можа працаваць у розных жанрах, выкарыстоўваць розныя тэхнікі, шукаць і знаходзіць натхненне ў самых розных сферах. Але яго творчай ментальнасці найбольш блізкія пейзаж і нацюрморт, а яго любімая тэхніка - акварэль. Трэба адзначыць, што Сяргея Пісарэнка адабралі “у мастакі” ў школе: «У Валожын, дзе я жыў, прыехалі агенты з сярэдняй спецыяльнай школы-інтэрната імя Ахрэмчыка. Прыйшлі ў нашу школу, і завуч прапанавала мяне ў якасці кандыдата».
Карціны мастака могуць з лёгкасцю ўпрыгожыць як музейную экспазіцыю, так і інтэр'ер любога памяшкання. Прыхільнікі яго таленту адзначаюць, што карціны мастака валодаюць арт-тэрапеўтычным дзеяннем.

ФАКТ 67
ТРАДЫЦЫЯ ТКАЦТВА ПАЯСОЎ У ВАЛОЖЫНСКІМ РАЁНЕ
Традыцыя ткацтва паясоў на Валожыншчыне адметная тэхналогіяй ткацтва “на ніту” – раней распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але менавіта ў Валожынскім раёне захаваная носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч. Цікавы спосаб замацавання нітак падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы.
Валожынскія паясы – гэта вузкія ўзорыстыя “тасёмкі”. Шырыня паяскоў не перавышае 2 см. Яны рознакаляровыя і выраблены як з ільняных і шарсцяных нітак хатняга прадзення, так і з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага колераў і інш.
Ткацтва пояса на Валожыншчыне адрадзілася і мае працяг дзякуючы вопытным майстрам. Сярод іх непаўторнасцю работ вылучаюцца народныя майстры Беларусі Марыя Мікалаеўна Стасяловіч з Сакаўшчыны і Хрысціна Станіславаўна Лямбовіч з Ракава.



