На белым свеце ёсць словы, якія мы называем святымі. І адно з такіх цёплых і ласкавых слоў-слова "мама". Слова, якое дзіця кажа часцей за ўсё, - гэта слова "мама". Слова, пры якім дарослы хмурны чалавек усміхаецца, - гэта таксама слова "мама". Яно нясе ў сабе цяпло матчыных рук, цяпло вачэй роднага чалавека, цяпло мацярынскай душы.
Гэтыя словы вызначылі атмасферу мерапрыемстваў, якія з 8 па 14 кастрычніка прайшлі ў бібліятэках Валожынскага раёна і былі прысвечаны самаму дарагому чалавеку-Маме.
Адкрыўся Тыдзень Маці ў бібліятэках праглядамі літаратуры, кніжнымі выставамі і выставамі малюнкаў “Мама, матуля – чароўнае слова!”.
Усе бібліятэкі прынялі ўдзел у раённай бібліятэчнай акцыі-віншаванні “Букет для матулі”, пад час якой дарылі віншавальныя паштоўкі з выказваннямі класікаў літаратуры пра матуль. Акцыя доўжылася на працягу ўсяго святочнага Тыдня.
Удзельнікі літаратурнага клуба “Кругагляд” (Валожынская дзіцячая бібліятэка) запісалі віншавальную радыёпаштоўку “Пра маці – з любоўю, павагай, пяшчотай!”, якая прагучала ў святочны дзень.
Паэтычнае віншаванне “Матуліна песня”прайшло у Івянецкай гарпасялковай бібліятэцы. Удзельнікамі мерапрыемства сталі маладыя і шматдзетныя мамы. Для гасцей прагучалі пранікнёныя словы ў гонар маці, яе ролі ў жыцці кожнага чалавека. Яны суправаджаліся музычнымі і лірычнымі творамі Сымона Блатуна, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна прысвечаныя маці. Кожны з удзельнікаў, таксама ўспомніў любімыя песні сваёй матулі.
14 кастрычніка бібліятэкар Суднікаўскай сельскай бібліятэкі сумесна з супрацоўнікамі Суднікаўскага сельскага клуба правялі святочнае мерапрыемства “Святло душы тваёй”.
Напярэдадні свята бібліятэкар наведала шматдзетных матуль, якія выхавалі па 7-8 дзяцей і ў свой час атрымалі ордэн Маці- гэта Шкель Кацярына Аляксандраўна, Сяўрук Галіна Браніславаўна і ўрачыста запрасіла іх на свята.
На свяце шматдзетным матулям уручылі падарункі, зробленыя ўдзельнікамі гуртка “Бусінка”, была арганізавана выстава работ Маліцкай Яніны Лявонаўны. Прыемным падарункам для прысутных матуль стаў святочны канцэрт.


