Дзяржаўная ўстанова “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” далучаецца да мерапрыемстваў, прысвечаных гісторыі і культуры вобласці.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прадстаўляе праект
“80 ЦІКАВЫХ ФАКТАЎ АБ МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ”
у рамках якога мы будзем публікаваць на сайце Валожынскага райвыканкама займальныя, а часам і нечаканыя факты аб гісторыі, прыродзе, людзях Мінскай вобласці і многім іншым.
Сачыце за нашым праектам і ў вас з’явіцца яшчэ 80 падстаў больш любіць сваю малую радзіму і ганарыцца ёй.
ФАКТ 71
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭКА БЕЛАРУСІ –
ВІЗІТНАЯ КАРТКА КРАІНЫ.

Сёння гэта не толькі самае багатае кнігасховішча краіны, але і велізарны шматфункцыянальны цэнтр, дзе аб’ядналіся высокія тэхналогіі, ультрасучасны дызайн і незвычайная архітэктура.
Адкрыццё Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з удзелам Прэзідэнта адбылося 16 чэрвеня 2006 года.
Перад фасадам будынка ўстаноўлена бронзавая фігура беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Галоўны ўваход сімвалічна выкананы ў выглядзе раскрытай кнігі з выявамі на тэму развіцця сусветнай і славянскай пісьменнасці, а таксама словамі з Бібліі Францыска Скарыны "Каб быў дасканалым Божы чалавек" на 19 мовах свету.
"Алмаз ведаў" налічвае каля 9 млн. экзэмпляраў дакументаў на розных носьбітах. Гэта друкаваныя выданні, рукапісы, мікракопіі дакументаў, электронныя і іншыя матэрыялы, створаныя ў Беларусі і іншых краінах свету на больш чым 80 мовах.
У 2005 годзе па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў бібліятэцы створаны Цэнтр міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Ён абсталяваны шматфункцыянальным сучасным абсталяваннем і прыборамі спецыяльнай сувязі, што дазваляе праводзіць самыя буйныя палітычныя, культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы.
У вячэрні час фасад будынка ператвараецца ў шматколерны святлодыёдны экран. Усяго даступныя больш за 20 варыянтаў каляровых эфектаў, якія ўтвараюцца з дапамогай звыш 65 тысяч адценняў.
У студзені 2018 года калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Прэмія прысуджана за работу па факсімільным аднаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая спрыяе захаванню і памнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, умацаванню духоўных каштоўнасцей і міласэрнасці.
БІБЛІЯТЭКА БЕЛАРУСІ Ў СУСВЕТНЫХ РЭЙТЫНГАХ
* 11 месца ў рэйтынгу фантастычных архітэктурных работ па версіі амерыканскага выдання "Flavorwire" (2013)
* ўключана ў кнігу "100 самых удивительных достижений современной архитектуры" (Расія)
* 24 месца ў спісе 50 самых незвычайных збудаванняў свету па версіі сайта " Village of Joy"
* згадваецца ў Берлінскім выданні "Лучшие библиотеки мира"



