Вялікая Айчынная вайна карэнным чынам паўплывала на фарміраванне асобы творцы, яго цвёрдай грамадзянскай пазіцыі. У быкаўскіх франтавых аповесцях знайшло адлюстраванне амаль усё, што самому пісьменніку давялося перажыць на вайсковым шляху. Скразным матывам яго аповесцяў можна лічыць, несумненна, матывы выбару паміж дабром і злом. Такія творы як «Жураўліны крык», «Альпійская балада», «Здрада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», «Праклятая вышыня», «Сотнікаў» і інш. прынеслі пісьменніку сапраўдную вядомасць і папулярнасць як у краіне, так і ў свеце.
Творчасць Васіля Быкава стала значнай з’явай у нацыянальнай літаратуры. Таму яна не магла не прыцягнуць увагу іншых творцаў і не натхніць іх на стварэнне сваіх твораў мастацтва, якія б адлюстроўвалі як саму асобу пісьменніка, так і значнасць яго твораў. Філасофская, высока псіхалагічная проза Быкава сама прасілася на вялікі экран. Па яго сцэнарыях пастаўлены шматлікія кінафільмы: «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Дажыць да світання», «Воўчая зграя», 3-х серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» і інш.
Рацыянальна выкарыстоўваючы вітрыны вокнаў для арганізацыі экспазіцый рознага зместу, бібліятэка пашырыла сваю інфармацыйную прастору, зрабіла "крок на вуліцу", насустрач новым патэнцыйным чытачам. На працягу чэрвеня ў вокнах Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі экспануеца выстава “Кіналента памяці”, дзе творы празаіка прадстаўлены ў выглядзе кіналенты.


