Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Экспозиция

      Экспазіцыя музея складаецца з трох раздзелаў:

- “Гісторыка- этнаграфічны”,

- “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”,

-  “Работы А.Ф.Пупко”.

       У гісторыка–этнаграфічным раздзеле змешчаны рэдкія фотаздымкі, дакументы, кнігі, прадметы  к. XIX  -  пач. XX ст.ст.   Расказваецца пра быт і культуру жыхароў традыцыйнага заходнебеларускага мястэчка Івянец і яго ваколіц.     

        Цікавасць уяўляюць матэрыялы пра былых уладароў Івянца – Салагубаў і Плявакаў; графа Бенядзікта Тышкевіча, які ўвайшоў у гісторыю беларускай і сусветнай фатаграфіі як прызнаны майстар, які ў канцы ХІХ ст. накіраваў аб’ектыў фотакамеры на вобразы і побыт жыхароў маёнткаў роднай Валожыншчыны. Менавіта ва ўрочышчы Вялае, у сям’і графскага аб’ездчыка, прайшло ранняе дзяцінства будучай паэткі Канстанцыі Буйло.

        У экспазіцыі знайшлі адпаведнае месца фотаздымкі і рэчы антыфашыстаў Казіміра і Люцыі Дзяржынскіх, выратаваўшых ад смерці жыхароў Івянецкага раёна ў гады другой сусветнай вайны.

        Адметны след у культурным жыцці  мястэчка пакінуў выдатны беларускі хормайстр, адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнага народнага хору БССР, нястомны збіральнік і добры знаўца беларускай народнай песні,  непараўнальны майстар апрацоўкі народных песень - зямляк Канстанцін Паплаўскі, бацька народнай артысткі беларускай эстрады Ядзвігі Паплаўскай.

         Выстаўка “Кераміка. Традыцыі і сучаснасць”.

         Івянецкая кераміка вядома з XVI стагоддзя. “Сталіцай ганчарства” называлі Івянец  у к. XIX – пач. XX ст.ст. Славу прынесла “паліваная” кераміка, якая шырока прадстаўлена ў экспазіцыі. Гэта слаі, глякі, спарышы, рынкі, збаны, місы і інш.

         Вылучае івянецкую кераміку мясцовы дэкор - фляндроўка. Распрацоўку  яго выканаў у другой палове XX ст. знакаміты майстар Вітольд Кулікоўскі. Дзякуючы яго настойлівасці і ініцыятыве за кароткі час фляндроўка дасягнула такой выразнасці, што стварыла славу івянецкай кераміцы далека за межамі Беларусі. Пазней фляндроўкай авалодалі ганчары І.В.Малчановіч (1929-1988).  А.В.Пракаповіч (1935г.н.) і М.М.Звярко (1930-1989) . Фляндроўка сёння - візітная картка івянецкай керамікі.

        Асобным пластом  у развіцці  івянецкай ганчарнай вытворчасці  з’яўляецца ляпная дэкаратыўная кераміка. У адрозненне ад посуду  ёй надаваліся  дваякія функцыі – не толькі практычнага карыстання, але  і аздабленне інтэр’еру. 

       У канцы  ХІХст.- пач. ХХст. найбольшай вядомасцю карысталіся вырабы С.Мікуцкага, І.Сасноўскага, П.Собаля. Здзіўляюць сваімі формамі пасудзіны ў выглядзе жывёл, унікальныя букетнікі, падобныя да ствала дрэва з парасткамі.   У Беларусі ў другой палове ХХст. вытворчасць фігурных гліняных пасудзін была справаю найбольш умелых майстроў. Асаблівага развіцця фігурная кераміка дасягнула ў Івянцы, дзе традыцыя стварэння гліняных пасудзін адрадзілася і набыла  сваё прадаўжэнне. Заслуга  ў гэтым належыць аднаму з лепшых івянецкіх ганчароў старэйшага пакалення  - Міхаілу Звярко. Несумненнае дасягненне майстра - фігурныя пасудзіны ў выглядзе зубра, выява якога стала своеасаблівым сімвалам  Беларусі.

        Эстэтыка рукатворнасці найбольш яскрава выяўляецца ў ляпной дробнай пластыцы, асабліва гліняных музычных інструментах, цацках – свістульках. Выраб глінянай цацкі захаваўся без змен  ад старажытнасці   да пач.ХХ ст.- часу своеасаблівага росквіту гэтага віду народнага мастацтва.  Цацку масава ляпілі практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах. Свістулькі не размалёўваліся, а часцей пакрываліся палівай. Майстры кіраваліся падсвядома асаблівасцямі дзіцячай псіхалогіі: галоўнае залівісты свіст, а іншае дапоўніць дзіцячая фантазія.

       У 20-30гг. ХХ ст. жыхары Івянца  Фабіян Лотыш і  Калікст Дамброўскі  арганізавалі ў мястэчку дзве фабрыкі-мануфактуры па вытворчасці  кафлі. Да сёняшніх дзён захаваліся ў дамах івянчан каміны, кафляныя печкі, вырабленыя з паліванай кафлі з геаметрычным, раслінным, геральдычным арнаментам.

       Івянецкая кераміка дасягнула асаблівага развіцця. У 60-80гг. ХХст. з ёй не можа параўнацца ні адзін ганчарны цэнтр Беларусі. Разглядаючы яе мастацкія асаблівасці, традыцыйнасць у гістарычным плане, патрэбна адзначыць, што развіваліся яны ў адным рэчышчы як беларускае народнае мастацтва.

         Выстаўка работ Апалінара Пупко

        Творчая спадчына Апалінара Фларыянавіча Пупко (1893-1984) ўяўляе неацэнны пласт духоўнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала сапраўднага творцу-носьбіта найкаштоўнейшых, глыбінных традыцый народнага разьбярства, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка, які пакінуў пасля сябе рознапланавыя  скульптуры, рэльефныя пано, жывапісныя творы.  Экспазіцыя дапоўнена культавай пластыкай івянецкіх майстроў XVIII ст., якія складаюць гонар музейнай калекцыі.

Последнее изменение 21.02.2018