Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Пётр Канстанцінавіч Скарынка

15.06.2020

На гэтым  фотаздымку Пётр Канстанцінавіч Скарынка. Ён засяроджана  стараецца  злавіць цікавы сюжэт  аб’ектывам  фотакамеры, які, магчыма,   падкажа майстру  ідэю  для  новай  скульптурнай кампазіцыі, або карціны.

 Пётр  Канстанцінавіч  – скульптар – самародак, які падараваў нашаму гораду і раёну шмат дэкаратыўна-манументальных кампазіцый.  

Старэйшыя жыхары Валожына добра памятаюць пасляваенную пару, калі на ўтульных вуліцах горада  пачалі з’яўляцца скульптуры.  Цікавыя па кампазіцыі, выкананыя на высокім мастацкім узроўні, выразныя і дакладныя – яны хутка сталі звычнымі і дарагімі кожнаму валожынцу.

Творчая спадчына Пятра Скарынкі шматгранная і разнастайная. Гэта помнікі-манументы ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтры былых калгасаў  раёна: “17 верасня”, імя Горкага, імя Суворава, “Перамога”, імя Гастэлы, у калгасе “Ліпнішкі” (Гродзенская вобласць).

Скарынка – аўтар  скульптурных  партрэтаў  Герояў Савецкага Саюза Валынца і В.В. Шчарбіны. Апошні зараз  знаходзіцца на тэрыторыі сярэдняй школы № 1 горада Валожына.  

Працавітымі рукамі майстра зроблены  дэкаратыўныя скульптуры “Айбаліт” і  “Хлопчык з дэльфінам” (Валожынская цэнтральная раённая бальніца і “Райсельгастэхніка”),  дэкаратыўныя фантаны,  манумент у гонар 50-годдзя Кастрычніка (раён Райаграпромтэхнікі), указальны знак “Валожын” (каля сярэдняй школы №2).

Сярод шматлікіх твораў самадзейнага скульптара - манумент у гонар першых савецкіх касманаўтаў Ю.А.Гагарына і Г.С. Цітова, які раней стаяў  на плошчы горада. За гэту работу Пётр Канстанцінавіч атрымаў пісьмовую  падзяку ад касманаўта Цітова.

Усе скульптуры  і помнікі майстар вырабляў на сваім падворку разам з сынамі Вольтам і Юрыем. Сын Юрый у будучым стаў скульптарам. У горадзе Гомелі  можна ўбачыць яго работы.

Нарадзіўся Пётр Канстанцінавіч Скарынка 12 ліпеня 1898 года ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна. Адукацыю атрымаў у далёкім Арэнбургу, куды выехалі яго бацькі ў гады першай сусветнай вайны. Там   ён вучыўся ў настаўніцкім інстытуце.

На радзіму Скарынкі вярнуліся ў 1952 годзе. Спыніліся ў Валожыне. Спачатку здымалі пакой у  Рымшаў, а пасля пабудавалі свой дом  на вуліцы 17 верасня (дом №34).

Пётр Канстанцінавіч Скарынка выкладаў фізіку і працоўнае навучанне ў сярэдняй школе № 2 горада Валожына.  Быў вельмі ініцыятыўным настаўнікам. Для многіх старэйшых вучняў  фізіка стала любімым прадметам.  На ўроках Пётр Канстанцінавіч  падмацоўваў  тэорыю  цікавымі  доследамі,  рознымі  фізічнымі   “фокусамі”.  У кабінеце фізікі заўсёды прысутнічалі вучні. Ім было прыемна сустрэцца з любімым настаўнікам.

Пад непасрэдным  кіраўніцтвам Пятра Канстанцінавіча  на тэрыторыі школы была пабудавана спартыўная зала. Пазней тут  доўгі час месцілася  ДЮСШ.

 На рэчцы Валожынцы Пётр Скарынка зрабіў запруду, змайстраваў турбінку і ўзвёў міні-электрастанцыю невялікай магутнасці. І яна стала даваць  ток. Было ўрачыстае адкрыццё гэтай энергакрыніцы, на якім прысутнічалі бацькі і  вучні.

Пятра  Скарынку прырода адарыла вельмі шчодра.  Ён займаўся  музыкай, тэатральным  мастацтвам,  пісаў  вершы, якія друкаваліся  на старонках  раённай газеты, у школе  арганізаваў   студыю  выяўленчага мастацтва. Пётр Канстанцінавіч валодаў шматгранным талентам, заўсёды быў ў творчым пошуку і    шчыра дзяліўся сваімі находкамі   з людзьмі.

Вось такі цудоўны і яркі чалавек жыў у нашым горадзе. Памёр Пётр Канстанцінавіч   Скарынка 15 жніўня 1973 года. Пахаваны на валожынскіх могілках без тытулаў і званняў.  Над  яго апошнім прытулкам схіляецца вярба і стаіць помніць, які сваімі рукамі зрабіў сын Юрый.