4 мая 2017 года ў раённым цэнтры культуры трымалі творчую справаздачу літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” і Клуб “Грацыя” названай установы . Тэматычным выступленнем, дзе ўласныя вершы і песні “рунеўцаў”, грацыёзнае дэфіле ўдзельніц “Грацыі” так прыгожа дапаўнялі і аздаблялі адно другое, гэтыя калектывы ў чарговы раз дастойна пацвердзілі ганаровыя найменні “народны калектыў” і “ўзорны Клуб”.
Цёпла і сардэчна сустракалі кожны нумар прысутныя ў зале. А гэта былі не толькі родныя выступоўцаў, але і іх сябры, калегі і нераўнадушныя да творчасці землякоў жыхары Валожына.
На завяршэнні выступлення шчырыя словы ўдзячнасці за самаадданую творчую працу названым аматарскім калектывам і іх кіраўнікам Валянціне Францаўне Русакевіч і Інэсе Сяргееўне Іода выказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч. Высока ацэнена праца “Руні” і “Грацыі” камісіяй з Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.


