“Роднага Слова вытокі” –так называлася літаратурна-пазнавальная сустрэча, якую ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК і супрацоўнікі раённай бібліятэкі ладзілі 1 верасня для вучняў школ г.Валожына з нагоды Дня ведаў, Дня беларускага пісьменства і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Напачатку, з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі, вядучыя напомнілі школьнікам пра людзей, якія ў розныя часы праславілі сваёй асветніцкай і творчай дзейнасцю Валожынскі край, а пасля зрабілі завочны экскурс па ўсіх гарадах, дзе праходзіла Свята роднага Слова, пачынаючы з 1994 года. Вядома ж найбольшую ўвагу ўдзялілі слаўнаму Полацку, якому сёлета ў трэці раз выпаў гонар стаць сталіцай Дня беларускага пісьменства, чаму паспрыялі дзве такія адметныя падзеі, як 1155-годдзе гэтага горада і 500-гадовы юбілей першай беларускай друкаванай кнігі Францыска Скарыны – сына Полацкай зямлі.
Атрыманую вучнямі інфармацыю замацавала віктарына. За правільныя адказы на пытанні хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі прызы.
Аздобіла мерапрыемства і тэматычная кніжная выстава, дзе можна было пазнаёміцца з ранейшымі і апошнімі выданнямі пра Скарыну, Полацк, кнігадрукаванне.


