13.10 адбылася сустрэча з ініцыятыўнай групай дапамогі дзецям Чарнобыля са Швейцарыі. Прадстаўнікі Ініцыятывы наведаліся ў Беларусь каб пазнаёміцца з сем’ямі дзяцей і краінай. Для знаёмства з традыцыйнай культурай была абрана УК Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Праграма сустрэчы была насычанай і цікавай. Па традыцыі гасцей сустрэлі з хлебам і соллю у фае ўстановы. Затым дзейства працягнулася ў зале. Пасля кароткага знаёмства з накірункам дзейнасці установы для гасцей выступілі фальклорныя калектывы “Гасцінец” і “Вянок”. Даспадобы прыйшліся гасцям не толькі беларускія спевы, музыка і танцы, але і традыцыйныя салодкія прысмакі, падрыхтаваныя ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “Рошчына”, якімі частаваліся госці пасля выступлення творчых калектываў.


