Пад час абласнога Савета дырэктароў раённых цэнтраў культуры і цэнтралізаваных клубных сістэм, які прайшоў на базе Валожынскага раёна, своеасаблівую творчую справаздачу трымала і народнае літаратурна-мастацкае аб'яднанне "Рунь" раённага цэнтра культуры (кіраўнік В.Гіруць-Русакевіч). Канцэрт атрымаўся змястоўным і шматпланавым, у ім гучалі ўласныя песні і вершы рунеўцаў аб любові да роднага краю і ўсёй матухны-Беларусі, аб светлым і вечным пачуцці, якое трывожыць-хвалюе сэрцы ў любым узросце; сваімі жартоўнымі вершамі і песняй павесялілі Дзмітрый Краскоўскі і Галіна Філяноўская. Лагічным завяршэннем канцэрта сталі верш "Міншчына" Валянціны Гіруць-Русакевіч, песня "Край родной" на словы Марыі Шакун і, вядома ж, "Гімн Валожынскай зямлі", які на словы таленавітага ўдзельніка "Руні" Сяргея Маляўскага напісаў вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі.


