Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Гудзеў дубінскі кірмаш

27.06.2019

У мінулую суботу Дубіна сустракала гасцей. Тут традыцыйна ладзілася IX свята народнага гумару “Дубінскія жартачкі”. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве завіталі не толькі калектывы аматарскай мастацкай творчасці сельскіх цэнтраў культуры Валожыншчыны, але і артысты з Вілейскага і Смаргонскага раёнаў.

Гулянне праходзіла ў фармаце кірмашу. Для гэтага загадзя падрыхтавалі гандлёвыя палаткі, на фоне якіх і адбывалася дзея. Непадалёк размясціліся выставы работ народнага аб’яднання народных

майстроў “Скарбніца”, Дорскага і іншых сельскіх цэнтраў культуры. Тут жа хлебасольныя гаспадыні частавалі гасцей беларускімі народнымі стравамі. Асабліва даспадобы ў спякотны дзень прыйшоўся халаднік.

Свята жартаў распачаў народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры”. Яго ўдзельнікі прапаноўвалі прысутным свой тавар: гумар, усмешкі, ласункі і песні. “Дубінскі чабайбургер” яны прыпаднеслі “адміністрацыі кірмашу”, у якую ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч, дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Г. В. Каспяровіч і старшыня Валожынскага сельвыканкама В. А. Комель. Яны ж у сваю чаргу выказалі ў адрас добрых, прыгожых, працавітых людзей, што жывуць на дубінской зямлі, шмат шчырых, сардэчных слоў і пажадалі, каб іх вёска яшчэ доўгія гады фанабэрылася.

Цудоўны гумарыстычны тавар прадставіў на кірмашы народны калектыў “Смехата” Ільянскага дома культуры Вілейскага раёна. З жартам артысты распавялі пра сяброўства суседак, сямейнае жыццё, каханне і, наогул, сялянскі быт. Ад душы гледачы пасмяяліся над сюжэтам, як матуля з бабуляй збіралі свайго сына і ўнука ў армію. А колькі задору, смеху і станоўчых эмоцый выклікала ў прысутных выступленне тэатра мініяцюр “Вясёлы калейдаскоп” Крэўскага дома культуры Смаргонскага раёна! Каго толькі не прывезлі яны на кірмаш весялосці, каб гандаль ішоў бойка. Былі тут і Верка Сярдзючка, і Папандопала, і прыгажуні з Новай Гвінеі, Японіі і Амерыкі, лепшай за якіх ва ўсім аказалася дубінская Магрэта.

Вясёлыя нумары і жыццярадасныя песні прапаноўвалі на свяце жартаў калектывы аматарскай мастацкай творчасці Сакаўшчынскага, Багданаўскага і Падбярэзскага сельскіх цэнтраў культуры, а таксама Вішнеўскага сельскага дома культуры. Кожнае іх выступленне было яркім, запамінальным і выклікала шквал апладысментаў. Пад задорлівыя спевы некаторыя гледачы проста не змаглі ўседзець на месцы і кінуліся ў скокі.

На дубінскім кірмашы прэзентаваў сваю творчасць гумарыст Д. Г. Краскоўскі. Ён прачытаў некалькі мініяцюр і вершаў. З задавальненнем прысутныя праслухалі новую песню паэта.

Шмат цудоўных нумароў падарылі гледачам “Дубінскія фанабэры”. Яны нават на кірмаш прывялі жывога дрэсіраванага мядзведзя, які паказаў нямала ўсялякіх фокусаў. Выступленні гэтага гурта на Валожыншчыне заўсёды чакаюць з нецярпеннем, бо ведаюць: сумаваць не прыйдзецца.

На заканчэнне мерапрыемства на імправізаваную сцэну выйшла арт-група “Новыя сваякі”. Тут ужо пачалася сапраўдная дыскатэка. Пад іх шыкоўнае папуры ў скокі кінуліся, як гавораць, і малыя, і старыя.