Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Славутасці Валожынскай вобласці

13.05.2020

Аляксееўскі касцёл г.п.Івянец

Пасля падаўлення паўстання 1863-1864гг. пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага многія каталіцкія храмы на тэрыторыі Беларусі былі закрыты ці перададзены праваслаўным вернікам. У 1904г. быў атрыманы афіцыяльны дазвол на будаўніцтва новага касцёла па праекту М.Гатоўскага. 22 мая 1905г. пачалося будаўніцтва з цэглы новага касцёла ў ансамблі з брамай галоўнага ўвахода на могілкі. Будаўніцтва святыні было звязана з вялікімі цяжкасцямі. Яно вялося гаспадарчым спосабам па фундацыі генерала Каверскага, і за грошы, сабраныя ў якасці ахвяры ад вернікаў. Чырвоную цэглу прывозілі з Вільні. Керамічную пасадку, дзверы, аконныя рамы рабілі майстры з Варшавы, алтар і амбон выканалі разьбяры з майстэрні Штароўскага з Вільні. Званы былі адліты вагой 120, 380 і 1600 фунтаў у Варшаве. Не хапала ні грашовых сродкаў, ні кваліфікаванай рабочай сілы. І заўсёды ў самыя цяжкія часы будаўніцтва і абсталявання храма на дапамогу прыходзіў генерал Каверскі. Ён і яго жонка Альжбета самаахвярна выдаткоўвалі грашовыя сродкі (каля 30 тысяч рублёў) на святую справу – будаўніцтва касцёла. 23.12.1907г. ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці вялікай колькасці народа біскуп Ежы Дуневіч асвяціў новы касцёл. Святыні надалі імя Святога Аляксея. Наданне касцёлу гэтага імя было дыпламатычным ходам генерала Каверскага, бо чынілася шмат перашкод з боку царскіх высокапастаўленых чыноўнікаў, каб не дапусціць будаўніцтва ў Івянцы каталіцкай святыні. Летам 1916г. памёр Эдвард Каверскі. Згодна з запаветам, яго пахавалі з воінскімі ўшанаваннямі ў падвале касцёла пад алтаром. З цягам часу спачыла ў сямейным склепе і яго жонка. А праз некаторы час быў устаноўлены мемарыяльны знак у алтарнай частцы касцёла ў памяць аб Каверскіх. У 1947г. савецкімі ўладамі касцёл Святога Аляксея ў Івянцы быў закрыты. Яго будынак выкарыстоўваўся пад кнігасховішча Дзяржаўнай бібліятэкі імя У.І.Леніна. За гэты час былі знішчаны алтар, амбон, арган, пашкоджана керамічная пасадка, знікла ўся касцёльная дакументацыя. Цудам уцалела насценная роспісь. На працягу многіх гадоў каталікі Івянца дабіваліся вяртання ім касцёла. і толькі ў 1990г. касцёл Святога Аляксея быў перададзены вернікам. Пасля рэстаўрацыйных работ, праведзеных за сродкі прыхаджан, у святыні ўзнавіліся богаслужэнні.

13 05 2020 01 3


Брацкая магіла, Валожынскі раён аг.Ракаў

Пахаваны 30 воінаў. Сярод іх – воіны 31-й танкавай брыгады, 108-га знішчальнага супрацьтанкавага палка, 121-га кавалерыйскага палка і 15 партызан злучэння Баранавіцкай вобл., якія загінулі ў 1944г. пры вызваленні вёскі і навакольных населеных пунктаў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

13 05 2020 01 4


Брацкая магіла, г.Валожын, пл.Свабоды

Пахаваны 160 воінаў. Сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза Васіль Васільевіч Шчарбіна, воіны 32-й стралковай дывізіі, 3-й і 18-й гвардзейскіх танкавых брыгад, 2-й гвардзейскай мотастралковай брыгады і 6 партызан злучэння Баранавіцкай вобл., якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

В.В.Шчарбіна нарадзіўся 27.3.1914г. на станцыі Нікітаўка Данецкай вобл. Скончыў Адэскае пяхотнае вучылішча (1938). У пачатку Вялікай Айчыннай вайны камандзір дыверсійнай групы, накіраванай са спецыяльным заданнем у раён Лепеля. 3 сакавіка 1942г. камандзір разведвальна-дыверсійнага атрада, які дзейнічаў у раёне Полацк – Маладзечна – Мінск. Атрад пад яго камандаваннем здабыў каштоўныя звесткі пра ворага, знішчыў 11 мастоў, 23км лініі сувязі, 23 аўтамашыны, самалёт, правёў 19 дыверсій на чыгунцы. Маёр В.В.Шчарбіна загінуў 24.9.1942г. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 20.1.1943г. У Валожыне яго імем названа вуліца, каля СШ №1 у 1972г. пастаўлены бюст героя.

13 05 2020 01 5

13 05 2020 01 6


Брацкая магіла, Валожынскі раён г.п.Івянец

Пахаваны 122 воіны. Сярод іх – воіны 134-й стралковай дывізіі, 8-й самаходнай артылерыйскай брыгады, 98-га гвардзейскага артылерыйскага палка і 20 партызан атрадаў “Бальшавік”, і імя К.К.Ракасоўскага, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну пры вызваленні гарадскога пасёлка і навакольных населеных пунктаў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.

13 05 2020 01 7


Брацкая магіла, г.Валожын, на могілках

Пахаваны 210 воінаў. Сярод іх – воіны 88,192,220-й стралковых дывізій, 142-й артылерыйскай брыгады, 14-га і 160-га санітарных батальёнаў, а таксама 14 партызан злучэння Баранавіцкай вобл., якія загінулі ў 1944г. у баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў.

13 05 2020 01 8


Ансамбль былой рэзідэнцыі графаў Тышкевічаў, г.Валожын,пл.Свабоды

Тышкевічы – апошнія ўладальнікі Валожына. У 1803г. за 100000 злотых яны набылі Валожын у князя А.Чартарыйскага. Пабудаваны паркавы ансамбль на працягу 1782–1806гг. Абодва палацы – аднапавярховыя прамавугольныя збудаванні на высокіх цокалях. Цэнтральная частка выдзелена мансардавым паверхам. Будынкі стваралі парадны двор, які завяршаўся вялізарнай аранжарэяй, яе цэнтральны аб’ём завяршаўся купалам, а доўгія бакавыя крылы былі драўляныя. Перад першай сусветнай вайной у аранжарэях раслі буйныя апельсінавыя дрэвы, пальмы і іншыя трапічныя расліны. За аранжарэяй цягнуліся шкляныя цяпліцы, у якіх вырошчваліся ананасы, апельсіны і іншыя трапічныя пладовыя расліны. Яны давалі вялікі прыбытак, плады ішлі на экспарт. Далей размяшчаліся парнікі, гадавальнікі, акружаныя пладовым садам. Пры Тышкевічу ў маёнтку працавалі садоўнікі з Варшавы. Палац графа Тышкевіча пабудавны на беразе р. Валожынка ў 1782-1806 гг. паводле праекта архітэктара А.Касакоўскага. Складаецца з галоўнага будынка і бакавых флігеляў, якія ўтвараюць прамавугольны паўадкрыты двор.

Некаторыя гаспадарчыя пабудовы цудоўны, нават раскошны. Дастаткова сказаць, што адны стайні, пабудаваныя ў французскім стылі, каштавалі каля 80.000 рублёў, а ўнутранае іх устройванне ні ў чым не саступала самым вытанчаным мадэлям ангельскага спорту.

У цяперашні час там аддзел міліцыі і вайсковая частка, натарыяльная кантора, рэдакцыя газеты “Працоўная слава”, раённы ваенны камісарыят, аддзел статыстыкі. Палацы добра захаваліся.

13 05 2020 01 9


Гарадзішча, а.г.Ракаў

Размешчана за 0,5км на поўдзень ад вёскі, на узвышшы, у пойме левага берага р.Іслач. Пляцоўка авальная, памерам 52*22м, умацавана валамі і равамі. вышыня валоў 2м, глыбіня равоў 0,3 – 0,4м. Вядома з канца 19ст. Абследавалі у 1976г. Э.М.Зайкоўскі, у 1979г. А.Р.Мітрафанаў. Культурны пласт 0,1 – 0,2м прасочаны у паўднёвай частцы пляцоўкі. У ім былі рэшткі ляпнога посуду (рабрыстыя гаршкі). На паверхні сабраны дробныя абломкі ляпнога і ганчарнага посуду. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі

13 05 2020 01 10


Гарадзішча, в.Калдыкі

Размешчана за 2-3км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Замак, на стромкім узвышшы. З заходняга боку працякае ручай-крыніца. Штучных умацаванняў няма. Пляцоўка здзірванела. Адкрыў і абследаваў у 1976г. Э.М.Зайкоўскі. Знойдзены абломкі рабрыстых і слоікавых гаршкоў. Адносіцца да куольтуры штрыхаванай керамікі, датуецца 1–4стст.н.э. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

13 05 2020 01 11


Гарадзішча, в.Камень

Размешчана за 0,4км на поўднёвы захад ад вёскі, на левым беразе ракі Каменка. Пляцоўка з паўночнага боку абмежавана высокім схілам першай надпоймавай тэрасы левага берага Каменкі. З астатніх бакоў прасочваецца роў глыбінёй больш за 3м і шырынёй каля 15м. З заходняга боку цераз роў насыпаны перашыек, магчыма, тут быў уваход. Абследаваў у 1983г. Э.М.Зайкоўскі. У паўночнай і паўднёва-усходняй частках пляцоўкі прсочаны рэшткі склепаў складанай формы, ганчарная кераміка, абломкі цэглы, пласт вуголля (сляды пажару). Відавочна, тут знаходзіўся сярэдневяковы замак. Раскопкі не праводзіліся. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

13 05 2020 01 1


Гарадзішча, в.Кашчэлічы

Размешчана за 0,5 – 0,6км на поўднёвы захад ад вёскі, на левым беразе ракі Бярэзіна, на ўзвышшы з высокімі і стромкімі схіламі. Пляцоўка авальная выцягнута з усходу на захад. Адкрыў у 1867г. А.Р.Мітрафанаў, абследаваў у 1976г. Э.М.Зайкоўскі. Знойдзены штрыхаваная кераміка, глінянае прасліца, косці жывёл, расколатыя і абпаленыя камяні. Адносіцца да куольтуры штрыхаванай керамікі, датуецца 1–4стст.н.э. Раскопкі не праводзіліся. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

13 05 2020 01 12


Гарадзішча, в.Лоск

Размешчана ў вёсцы, на паўднёва-усходнім мысе прыроднага ўзвышша. Пляцоўка авальная. Паўночная і паўднёвая часткі прыўзнятыя, сярэдняя заніжана. З паўночна-заходняга боку абмежавана шырокім ровам. Па краях прасочваюцца моцна аплыўшыя валы. Уезд на гарадзішча знаходзіцца з усходняга боку. Вядома з сярэдзіны 19ст., абследавалі ў 1956г. Л.В.Аляксееў, у 1985г. – Я.Г.Звяруга. Раскопкі не праводзіліся.

13 05 2020 01 13


Гарадзішча, в.Узбалаць

Размешчана за 1км на поўдзень ад вёскі. Пляцоўка авальная, выцягнута з усходу на захад. Адкрыў і абследаваў у 1967г. А.Р.Мітрафанаў. Культурны пласт не перавышае 0,2 – 0,25м, толькі каля заходняга краю дасягае 0,5-0,6м. У шурфе памерам 0,5х1м знойдзена ляпная кераміка. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца 1-4 стагоддзямі н.э.

13 05 2020 01 14


Гарадзішча, в.Яршэвічы

Размешчана за 0,6км на поўднёвы ўсход ад вёскі. Пляцоўка плоская, роўная, з паўночнага боку ўмацавана падковападобным валам вышынёй 1,5м. Вядома з 1838г., абследавалі ў 1893г. Ф.В.Пакроўскі, у 1983г. Э.М.Зайкоўскі. Культурны пласт у шурфах 0,3 – 0,7м. Знойдзены 18 фрагментаў штрыхаванай керамікі, абпалены крэмень, шлакі. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

13 05 2020 01 15


Гарадзішча, в.Ясенішкі

Размешчана за 1км на поўдзень ад вёскі. Пляцоўка авальная, выцягнутая з усходу на захад. Адкрыў і абследаваў ў 1967г. А.Р.Мітрафанаў. У шурфе памерам 0,5х1м знойдзена ляпная кераміка. Культурны пласт не перавышае 0,2-0,25м.

13 05 2020 01 16


Гарадзішча, г.Валожын, вул.Леніна

Размешчана паўднёва-усходняй частцы горада, за 0,5км на поўдзень ад аўтавакзала. Займае ізаляваны пагорак. Пляцоўка няправільнай авальнай формы, выцягнута з поўначы на поўдзень, паніжаецца на 1-1,5м у паўночным і паўднёвым напрамках і на 2,5-3м у заходнім. Схілы вельмі стромкія з захаду і поўначы і даволі спадзістыя з усходу і поўдня. У паўднёвай частцы прасочваюцца сляды 2 валоў. Абследавалі ў 1971-1973гг. Л.Д.Побаль, у 1985г. Я.Г.Звяруга. культурны пласт да 0,6м. Знойдзены фрагменты штрыхаванага посуду. У сярэднія вякі тут былі гарадскія могілкі. Раскопкі не праводзіліся.

13 05 2020 01 17


Капліца в.Дзесятнікі

Вайсковыя могілкі ў в.Дзесятнікі былі створаны нямецкім бокам ў 1916 годзе. Большасць магіл датаваны гэтым годам: Менавіта ў гэты час тут усталяваўся фронт. У 20-х гадах XX-га ст.немцы перазахавалі сюды астанкі сваіх салдат з акругі. Была добраўпарадкавана тэрыторыя і ўзведзена агароджа. Тады ж быў узведзены цэнтральны архітэктурны элемент могілак - манументальная ратонда з арлом (архітэктар Боллманн з г.Брэмена). На ратондзе змешчана мемарыяльная дошка з нумарам пахавання: «cmentarz wojskowy nr. 361 », у перакладзе з польскай« воінскія могілкі № 361 ».

Тут знайшлі свой апошні прытулак салдаты нямецка-аўстрыйскай арміі, а таксама і рускія салдаты. Пасля баёў у полі працавалі спецыяльныя санітарныя брыгады, якія збіралі целы забітых воінаў і хавалі іх побач адзін з адным.

У наш час, пры фінансавай падтрымцы нямецкага боку, на вайсковых могілках у в. Дзесятнікі праводзяцца работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі і навядзенні парадку.

13 05 2020 01 2


Касцёл Марыі з брамай-званіцай і агароджай; дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера касцёла: галоўны і два бакавыя алтары, дзверы, лавы ў алтары, в.Вішнева

Пабудаваны ў 1637-1641гг. з цэглы. У першай палове 16ст. віленскія епіскапы ператвараюць Вішнеўскі касцёл у адміністрацыйна-духоўны цэнтр – дэканат, у які ўваходзіла 12 суседніх парафій. Існуе легенда, што тутэйшым некалі цудам з’явілася Маці Божая на вішні. Адсюль, трэба думаць, і назва вёскі. А сам пянек таго дрэва знаходзіцца пад касцельным фундаментам і яго абмываюць гаючыя воды бруістай тут крыніцы. У 1637-1641гг. быў узведзены мураваны будынак новага храма. Асвячэнне яго адбылося 18.10.1675г. віленскім епіскапам М.Слубскім. Герб Храбтовічаў – шчыт, страла, карона – на картушы па-над бакавой кафедрай і на арцы перад алтаром. У халодным сутарэнні – вялікі саркафаг з прахам магната. Вернікі замуравалі цела памершага, каб атэістам не ўздумалася парушыць вечны спакой. У 1771г. да будынка касцёла былі прыбудаваны дзве прамавугольныя бакавыя капліцы і зроблена дэкаратыўна-насычанае аздабленне інтэр’ера, а ў 1906г. дабудавалі яшчэ дзвюхвежавы галоўны фасад. У другой палове 19ст. з бутавага каменя было ўзведзена двух’яруснае збудаванне брамы-званіцы. Дзве вялікія, крыху парэпаныя фрэскі – работа Фердынанда Рушчыца. У першую сусветную вайну у сувязі з блізкім находжаннем фронта, усе абразы з касцёла былі вывезены ў Вільню і вернуты толькі ў пасляваенны час. З 1932 па 1939гг. былі набыты і навешаны тры званы. Пасля святаром у Вішневе служыў Томаш Жаброўскі. Дзякуючы яго старанням, быў адноўлены стары арган. У 1940г. айцец Томаш быў асуджаны савецкімі ўладамі і сасланы ў лагер, дзе і памёр у 1955г. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл увесь час дзейнічаў. Немалая заслуга ў гэтым ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, які быў пробашчам гэтага касцёла з 1953 па 2001 год.

13 05 2020 01 18


Касцёл Маці Божай Ружанцовай, в.Ракаў

Першы драўляны касцёл з сасновага таварнага дрэва быў пабудаваны ў Ракаве ў 1676г. Сангушкамі. У 1808г. падчас пажару гэты касцёл згарэў. На яго месцы ў 1809г. была пабудавана драўляная капліца. У 1824г. на ахвяры Ружанцовага брацтва і іншых ахвярадаўцаў пабудавалі драўляны касцёл на заходняй ускраіне Ракава на беразе ракі Іслач. У 1904г. гэты касцёл быў разбураны і на яго месцы пачалі будаўніцтва новага касцёла з трывалай жоўтай цэглы. Яе вазілі з Літвы чыгункай да станцыя Валожын, а адтуль фурманкамі дастаўлялі ў Ракаў. Вялікія ахвераванні на пабудову касцёла ўнеслі мясцовыя паны Булгакі, Здзяхоўскія, Друцкія-Любецкія. У 1906г. будаўніцтва было паспяхова скончана. 1 кастрычніка гэтага ж года новы касцёл быў асвечаны ў імя Найсвяцейшай Марыі Панны Ружанцовай. Касцёл пабудаваны ў распаўсюджаным тады неагатычным стылі. У 1912-1913гг. на сродкі пана Рудольфа Ратынскага з Манькаўшчыны былі пабудаваны галоўны і бакавыя алтары і арганы. Арганы са старога касцёла былі перавезены ў капліцу святой Ганны, што на мясцовых могілках. У 1949г. савецкімі ўладамі касцёл быў закрыты, а будынак яго перададзены пад зернесховішча Паморшчынскаму спіртзаводу. Толькі ў 1993г. будынак Ракаўскага касцёла Маці Божай Ружанцовай быў вернуты вернікам.

13 05 2020 01 19


Касцёл Св.Юзафа з брамай-званіцай, г.Валожын,пл.Свабоды

Першы драўляны будынак касцёла св.Юзафа быў пабудаваны ў 1500 годзе. У 1806 годзе быў закладзены першы камень у фундамент новага касцёла. У маі 1815 года, пад час завяршэння будаўніцтва каменнага касцёла, выпадкова згарэў стары драўляны касцёл. Гэты ж год стаў апошнім годам жыцця галоўнага фундатара будаўніцтва Юзафа Тышкевіча. Поўнасцю будаўніцтва касцёла было завершана ў 1816 годзе. У інтэр’еры касцёла быў устаноўлены барэльеф Ю.Тышкевіча. У 1850 годзе многія жыхары Валожына пастрадалі ад страшнай эпідэміі халеры, і у знак трагічных падзей перад касцёлам быў пастаўлены жалезны крыж з надпісам на польскай мове: “Господзі памілуй нас”. Гэты крыж быў зламаны і вывезены па загаду Савецкіх ўладаў у 1940 годзе. У 1866 г. касцёл быў закрыты і перададзены праваслаўнай абшчыне. На пачатку 20 ст. прыхаджане католікі актывізавалі свае дзеянні па адкрыццю касцёла ў Валожыне і нават падымлася пытанне аб пабудове новага касцёла. Было сабрана даволі шмат грошай на яго будаўніцтва, аднак улады не далі дазволу. У 1919 г. будынак былога касцёла св. Юзафа быў вернуты католікам. Аднак гэта падзея азмрочылася пажарам: згарэла страха і трэццяя частка усёй столі. Агульнымі намаганнямі прыхажане змаглі правесці рамонт касцёла і аднавіць багаслужэнні. Пад час нямецкай акупацыі ксёндз Удальскі быў арыштаваны гестапа і расстраляны. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак касцёла не быў разбураны, але патрабаваў рамонту. У канцы 50-х гадоў па распараджэнню мясцовых улад касцёл быў закрыты. Свяшчэннік пакінуў прыход і выехаў у Польшчу. Касцельная маёмасць і сам будынак падвергліся раскраданню і разбурэнню. Былі знішчаны статуі святых, разбіты і выкінуты з скляпенняў касцёла астанкі сям’і графа Тышкевіча. У будынку касцёла быў склад мэблі, затым цэх будаўнічага жалезабетону. Асабліва варварскай рэканструкцыі падвергся будынак пад час размяшчэння ў ім завода пластмасавых вырабаў.Толькі ў сярэзіне 90-х гадоў вернікі касцёла св.Юзафа атрымалі магчымасць выкарыстоўваць свой культавы будынак па назначэнню. Пры падтрымцы дзяржавы, мясцовых улад, спонсараў і ўласнай фінансавай падтрымцы вернікаў касцёл адрамантаваны і там праводзяцца службы.

13 05 2020 01 20


Касцёл Св.Юрыя, в.Пяршаі

У 1545г. у Пяршаях быў пабудаваны драўляны касцёл. У 1858г. Пяршаі разам з часткай Налібоцкай пушчы пераходзяць ва ўласнасць графа Тышкевіча. На яго сродкі тут быў пабудаваны новы драўляны касцёл, які ў 1930г. па нявысветленых прычынах згарэў. У гэтым жа годзе пры садзейнічанні графа і добраахвотных ахвераваннях вернікаў пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла, якое прадаўжалася тры гады. У 1933г. касцёл асвяцілі ў імя Святога Юрыя. У 1939г. пробашчам Пяршайскага касцёла святога Юрыя быў прызначаны святар Пухала Юзаф (Ахілес). Адначасова вікарыем гэтага касцёла стаў працаваць святар Стэнпень Кароль (Герман). Гэта былі сумленныя, міласэрныя, самаахвярныя маладыя ксяндзы, законнікі-францішканцы, ксяндзы-манахі, якія карысталіся ў парафіян высокім аўтарытэтам. У час нямецкай акупацыі 19.06.1943г. пачалася аперацыя партызан па разгрому нямецкага гарнізона ў Івянцы. У падрыхтоўцы аперацыі, па некаторых меркаваннях, прымалі ўдзел і ксяндзы Івянецкай, Пяршайскай і Каменскай парафій. Пасля разгрому нямецкай камендатуры ксёндз Івянецкага касцёла айцец Гвардыян раіў пяршайскім святарам як мага хутчэй выехаць і схавацца ад акупацыйных уладаў. Айцец Ахілес адказаўся гэта рабіць. Ён сказаў, што застанецца разам са сваімі парафіянамі і раздзеліць іх лёс. Яго аднадумцам быў таксама і айцец Герман. 15.07.1943г. гестапаўцы арыштавалі ў Пяршаях больш за 200 чалавек. Загналі іх у хлеў і збіраліся спаліць разам з людзьмі. У в.Баравікоўшчына пасля здзекаў і глумлення ксяндзоў расстралялі. Праз некалькі дзён людзі забралі астанкі замучаных ксяндзоў і пахавалі каля Пяршайскага касцёла. У 1947г. па распараджэнню савецкіх уладаў Пяршайскі касцёл быў закрыты. У яго будынку зрабілі клуб, а пасля – калгасны склад. Толькі ў 1992г. каталіцкі храм быў вернуты парафіянам. Агульнымі намаганнямі касцёл у Пяршаях у 1995г. быў рэстаўрыраваны. 13.06.1999г. у дзень беатыфікацыі мучанікаў другой сусветнай вайны група вернікаў з Пяршайскай парафіі пабывала ў Рыме на Святой Імшы, у час якой Рымскі Папа Ян Павел II аб’явіў блаславённымі пяршайскіх ксяндзоў айца Ахілеса і айца Германа.

13 05 2020 01 21


Комплекс кляштара францысканцаў: касцёл Міхаіла, кляштарны комплекс і агароджа з брамай у г.п.Івянец

У пач. 18ст. Івянец быў уласнасцю мінскага стольніка Тэадора Ваньковіча, які ў 1702г. выдаў фундуш і частку сваіх зямель манахам-францысканцам на будаўніцтва кляштарнага комплекса, у які ўваходзілі касцёл, жылы корпус манахаў і сцяна з вежай і брамай. На невялікім узвышшы, на правым беразе Валмянкі, у 1702-1705гг. пад кіраўніцтвам мясцовага майстра А.Чаховіча быў пабудаваны з цэглы касцёл і кляштар францысканцаў у стылі віленскага барока. У будаўніцтве прымалі ўдзел івянецкія муляры, тынкоўшчыкі і цесляры. На працягу стагоддзяў святыня праходзіла розныя выпрабаванні. Два разы святыню зачынялі. Змянялася таксама і прызначэнне касцёла. Кляштар францысканцаў дзейнічаў да 1832г. Пасля яго закрыцця царскімі ўладамі паступова яго будынкі пачалі разбурацца і прыйшлі ў заняпад настолькі, што спатрэбілася іх рэканструкцыя, якая адбывалася на сродкі вернікаў у 1856-1860-я гады. Пасля рамонту ў 1860г. “Белы касцёл” зрабілі парафіяльным і асвяцілі яго ў гонар святога Міхаіла Архангела. У 1868 годзе касцёл святога Міхаіла быў закрыты, а затым пераасвечаны ў праваслаўны храм. У 1904г. за справу вяртання каталіцкіх святынь узяўся генерал Каверскі. У 1918г. касцёл святога Міхаіла разам з кляштарам айцоў-францысканцаў быў аддадзены каталікам. Пінскі біскуп З.Лазінскі запрасіў айцоў-францысканцаў вярнуцца ў Івянец, у свае касцёл і кляштар св.Міхаіла. Аднак ксяндзоў не хапала, таму прыбылі ў мястэчка толькі ў 1939г., перад самай вайной. У 1921г. касцёл св.Міхаіла ў чарговы раз набывае статус каталіцкага храма, але не на доўгі час. У 1939г. савецкія ўлады касцёл закрылі. Яго святары Юзаф (Ахілес) Пухала і Кароль (Герман) Стэмпен вымушаны былі пераехаць служыць у Пяршайскі касцёл святога Юрыя. У час нямецкай акупацыі ў будынку касцёла Святога Міхаіла размяшчалася нямецкая камендатура, а жылое памяшканне кляштара пераўтварылі ў казарму для салдат. 9.06.1943г. па сігналу званоў касцёла св.Міхаіла пачалася баявая аперацыя партызан па разгрому нямецкага гарнізона ў м.Івянец. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў будынку касцёла размясціліся магазін і засолачны цэх нарыхтоўчай канторы. У жылым памяшканні кляштара знаходзілася сярэдняя школа. Пазней у будынках касцёла і кляштара размяшчалася эксперыментальная база Мінскага праектна-тэхналагічнага інстытута. Жыхары Івянца змаглі вярнуць у 1992г. касцёл і ў 1994г. – кляштар.

13 05 2020 01 22


Капліца на тэрыторыі былой Крыжаўзвіжанскай царквы ў межах рэшткаў агароджы в.Ракаў

Згодна з паданнямі старажылаў, недалёка ад Ракава каля жыватворнай крыніцы на месцы цудоўнага з’яўлення іконы Прасвятой Багародзіцы пабудавалі драўляную капліцу ў гонар Уздзвіжання Святога Крыжа Гасподня, дзе змясцілі цудадзейную ікону. З таго часу ў Ракаве ўстанавіўся звычай хадзіць крэстным ходам ад Спаса-Праабражэнскай царквы да капліцы Уздзвіжання Гасподня. Каля яе ўзвялі драўляную царкву. Крыжаўздзвіжанскі храм два разы гарэў, абодва разы Цудадзейная ікона Божай Маці была выратавана, а святыня адбудоўвалася на добраахвотныя ахвераванні ўсіх хрысціян Ракаўскай мясцовасці. У 1958г. Крыжаўздзвіжанскую царкву зруйнавалі. Тады ж была страчана і галоўная святыня храма Цудадзейная ікона Божай Маці. Улады мелі намер не толькі знішчыць прыпісныя цэрквы і капліцы, але і закрыць Спаса-Праабражэнскі храм. Але, толькі дзякуючы аб’яднаным намаганням вернікаў, гэтага не атрымалася, і царква дзейнічала ўвесь час пастаянна. У 1991г. на свята Крыжаўздзвіжання адбыўся крэсны ход да знакамітай Цудадзейнай крыніцы. Зноў аднавілася традыцыя хадзіць кожны год на Уздзвіжанне з Праабражэнскай царквы да Святога Крыжа Гасподня. Праўда, у 1993г. была занава адбудавана на сваім ранейшым месцы над Святой крыніцай каплічка з Крыжам.

13 05 2020 01 23


Курганны могільнік, в.Высокае

Размешчаны за 0,2км на паўднёвы захад ад вёскі, справа ад дарогі ў в.Кашчэлічы. Каля 40 насыпаў. Многія з іх пашкоджаны, каля асноў месцамі прасочваюцца кругавыя раўкі. У пачатку 20ст. адзін курган з пахавальным абрадам трупапалажэння раскапаў С.Яроцкі. Пахавальны інвентар – ганчарны гаршчок і бронзавы пярсцёнак. На гэтым жа могільніку знойдзены меч даўжынёй 75см, скрунявыя кольцы з заходзячымі канцамі, бронзавыя падвескі са слядамі пазалоты і геаметрычным арнаментам, бронзавая пацерка дрыгавіцкага тыпу. Належаў дрыгавічам. Некаторыя з гэтых рэчаў захоўваюцца ў Дзяржаўным археалагічным музеі ў Варшаве. Абследаваў у 1985г. Я.Г.Звяруга.

13 05 2020 01 24


Курганны могільнік, в.Лужаны

Размешчаны абапал дарогі ў в.Дубіна, у лесе. 100 курганоў вышынёй 0,6-2м, дыяметрам 5-13м. Трапляюцца прадаўгаватыя курганы вышынёй 0,6-0,7м, шырынёй 7-8м, даўжынёй 10-13м. Уздоўж асновы асобных курганоў ёсць раўкі і ямы. Вядомы з 1893г. Абследаваў у 1976г. Э.М.Зайкоўскі. Раскопкі не праводзіліся.

13 05 2020 01 25


Курганны могільнік, г.п.Івянец

Размешчаны за 1,5км на поўнач ад пасёлка,ва ўрочышчы Пішчугі, у лесе. 37 насыпаў вышынёй 2м, дыяметрам 6-10м. Трапляюцца прадаўгаватыя курганы вышынёй 0,7-0,9м, шырынёй 6-7м, даўжынёй 10-11м. Абследаваў у 1979г. А.Р.Мітрафанаў. Раскопкі не праводзіліся.

13 05 2020 01 26


Магіла В.І.Дуніна-Марцінкевіча, в.Падневічы

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (літаратурны псеўданім Навум Прыгаворка) нарадзіўся 23.1.1808г. у былым фальварку Панюшкавічы (цяпер вёска ў Бабруйскім раёне) у сям’і арандатара. У 1840г. пісьменнік купіў каля в.Пяршаі невялікі фальварак Люцынку. Дунін-Марцінкевіч адлюстроўваў у сваіх творах бытавыя і этнаграфічныя рысы вясковага жыцця, паэтызаваў духоўную прыгажосць, працавітасць, маральную чысціню сялян. Асноўныя творы: “Вечарніцы”, “Гапон”, “Люцынка, або Шведы на Літве”, камедыя “Пінская шляхта”, якую ён напісаў непасрэдна ў Малой Люцінцы ў 1866г. і шмат іншых. Адкрыў у Люцінцы школку для бедных дзяцей, ставіў спектаклі. В.І.Дунін-Марцінкевіч – першы перакладчык на беларускую мову “Пана Тадэвуша” А.Міцкевіча (1859г.) – быў шчырым прыхільнікам культурнага збліжэння ўсіх славянскіх народаў. Выступаў супраць палітыкі царызму і ўсялякага ўціску, але падзяляў тэорыю класавага міру і маральнага самаўдасканалення. В.І.Дунін-Марцінкевіч памёр у фальварку Люцінка 17.12.1884г. Яго імем названы вуліцы ў Мінску і Маладзечна, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску і г.д. У 1977г. на магіле пастаўлены помнік – бронзавы бюст пісьменніка.

13 05 2020 01 27


Праабражэнская царква з брамай-званіцай в.Ракаў

Пабудавана ў 1793г. з цэглы. У 1702г. у Ракаве на сродкі князя Казіміра Сангушкі быў заснаваны базыліянскі манастыр, у якім пасяляліся манахі. А ў 1730г. пачалося будаўніцтва мураванага ўніяцкага храма, якое зацягнулася на дзесяцігоддзі. Толькі ў 1793г. будаўніцтва святыні было скончана, і 16 верасня яна была асвечана ў гонар Праабражэння Гасподня. У 1906г. у Спаса-Праабражэнскай царкве быў зроблены капітальны ўнутраны рамонт. Мастак П.Курбатаў распісаў сцены храма, абнавіў іконастас. Пасля гэтага Ракаўская царква па свайму аздабленню ўвайшла ў лік лепшых праваслаўных храмаў Мінскай епархіі. Дзень 14.09.1910г. стаў для прыхажан Спаса-Праабражэнскага храма днём светлай урачыстасці і духоўнай радасці. Па просьбе айца Канстанціна Акаловіча ў дар Ракаўскаму царкоўнаму брацтву была прыслана з Афона копія іконы Божай Маці “Акафіснай” ці “Прадапавяшчальніцы”. Ікона напісана на афонскім Кіпарысе, а манахі з вонкавага боку іконы ўклалі часцінку жыватворнага Крыжа Гасподня, каменчык ад труны Прасвятой Багародзіцы, часцінкі мошчаў свяшчэннапакутніка Харалампія, свяціцеля Рыгора Паламы, архіепіскапа Фесаланіцкага, пакутніка Георгія Новага. У прыходзе гэта ікона называецца вернікамі “Афонская”. Яна стала адной з галоўных свтяынь храма. У час Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць Ракаўскай царквы не прыпынялася, у ёй рэгулярна адбываліся ўсе па чыну службы. У 1958г. была страчана галоўная святыня храма Цудадзейная ікона Божай Маці. Улады мелі намер не толькі знішчыць прыпісныя цэрквы і капліцы, але і закрыць Спаса-Праабражэнскі храм. Але, толькі дзякуючы аб’яднаным намаганням вернікаў, гэтага не атрымалася, і царква дзейнічала ўвесь час пастаянна.

13 05 2020 01 28


Комплекс старых праваслаўных могілак, Валожынскі раён в.Ракаў

Могілкі 19-20стст. у Ракаве маюць вялікае гістарычнае, культурнае, рэлігійнае, мастацкае, навуковае значэнне і з’яўляюцца нашай памяццю, напамінам пра нашых продкаў. Уваходзяць у адзін комплекс з гістарычнымі мясцінамі старога Ракава, беларускага мястэчка з багатай і цікавай гісторыяй: праваслаўным саборам 1790г., касцёлам 20ст., замчышчам, каталіцкімі могілкамі з капліцай 19ст., яўрэйскімі могілкамі, старой забудовай і інш. Гэта робіць Ракаў вельмі перспектыўным турыстычным аб’ектам.

13 05 2020 01 29


Рэшткі былой сядзібы мастака Ф.Рушчыца: фрагменты парку, месца пахавання Ф.Рушчыца, тэрыторыя былога касцёла, рэшткі кароўніка в.Багданава

Багданаўскія землі да паловы 16ст. ўваходзілі ў склад шырокаабсяжных уладанняў князёў Гальшанскіх. Каля 1525г. Алена, апошняя гальшанская княжна, выйшла замуж за Паўла Сапегу, а іх сын заклаў маёнтак, якому даў назву ад свайго імя – Багданаў. Багданаў пасля Сапегаў належаў Валовічам, Пацам, Данілевічам, Чаховічам. У 1836г. Багданаў з аўкцыёна набыў адвакат Фэрдынанд Рушчыц, дзед знакамітага мастака. Вось тут у 1870г. нарадзіўся вядомы пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар, педагог, пакінуўшы глыбокі след у мастацтве Беларусі, Літвы і Польшчы – Фердынанд Рушчыц. Сядзіба згарэла ў 1944г., да нашых дзён засталіся толькі падмурак дома, скляпенні, ды старыя дрэвы. У Багданаве завяршылася зямное жыццё майстра: пахаваны ён на ўскрайку сяла побач са сваімі продкамі. У Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца карціна Ф.Рушчыца “Ля касцёла” (1899), якая увасабляе сабой тагачасны будынак драўляннагаа багданаўскага касцёла. Першы касцёл у Багданаве быў пабудаваны ў 1690г. на сродкі Пятра Паца, тагачаснага ўладальніка памесця. Пад час Айчыннай вайны 1812г. будынак касцёла быў разбураны салдатамі францускай арміі. У 1846г. храм быў рэстаўрыраваны на сродкі Рушчыцаў. Новая трагедыя у жыцці касцёла адбылася 6 ліпеня 1944г. пад час адступлення нямецкай арміі. У 1945г. касцёл быў занава адбудаваны сіламі веруючых прыхыджан, аднак, у 1977г. касцёл быў спалены. У 1995г. началося будаўніцтва новай святыні. Эскізы з выявай

першага касцёла прыслала з Польшчы Барабара Рушчыц. У верасні 1999г. новы храм быў асвечаны ў гонар святога Міхаіла Архангела.

13 05 2020 01 30


Ушаноўваемы камень, в.Аўгустова

Размешчаны за 4км на паўночны захад ад г.Валожына. складзены светлым дробназярністым масіўным сіенітам. Вельмі разбураны. Прынесены ледавіком з паўночна-заходняй часткі Ленінградскай вобласці Расіі прыкладна 220-150тыс.гадоў таму ў часы сожскай стадыі з Дняпроўскага зледзянення. Абвешчаны геалагічным помнікам прыроды 22.12.1988г. Калымагу называюць Васькаў камень.

13 05 2020 01 31


Ушаноўваемы камень, в.Камень

Знаходзіцца за 6км на паўднёвы захад ад г.п.Івянец і за 26,5км на поўдзень-паўднёвы захад ад г.Валожына. Складзены гранітам сярэднезярністым, шэравата-ружовым, біятытавым. Мясцовыя жыхары захавалі аб гэтай калымазе шэраг легендаў. Так, у адной з іх распавядаецца, што “некалі на месцы, дзе ляжыць камень, стаяла хата шаўца. Майстрам ён быў умелым, але прагным. Завёў сяброўства з чарцямі. Разам з імі бражнічаў, выдумляў, як даверлівых сялянаў увесці ў зман. Перад кожным святам народ да яго валам валіў боты заказваць, шавец шыў хутка і фасонна. За гэта вялікія грошы браў. Аднойчы надышло свята. Людзі ў новых ботах ішлі ў царкву, а чэрці, якія зрабіліся нябачнымі, чакалі іх ля сенцаў царквы. І варта было людзям выйсці з той царквы, як боты распаўзаліся па швах, а падэшвы нават зусім знікалі. Спачатку сяляне лічылі гэта караю Божаю. Потым нехта западозрыў нядобрае. Пачалі за хатай шаўца сачыць. І вось аднойчы “накрылі” усю “цёплую кампанію” за чарговай пірушкай. Абкружыў народ хату, стаў клікаць шаўца на суд. А той дзверы - на замок, і не ведае, што далей рабіць. Тут з натоўпу выйшаў стары і пракрычаў: “Каб ты камянём стаў!” Помста прыйшла неадкладна, разам з пяруном, маланкаю і страшэннай залёвай: хата шаўца акамянела. Скамянеў і злодзей-шавец са сваімі сябрукамі-чарцямі. Ад тае пары і замацавалася за вёскай назва – Камень.” Побач з калымагай устаноўлены знак, на якім паказана, што яна з’яўляецца помнікам прыроды.

13 05 2020 01 32


Царква Канстанціна і Алены, г.Валожын,вул.Савецкая

Размешчана на вуліцы Савецкай (былая Віленская). Гэта самая вялікая драўляная царква ў Беларусі з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства. У 1855 годзе пачалося будаўніцтва праваслаўнага храма на сродкі дзяржавы, графа Тышкевіча і ахвераванні вернікаў. Завершана яно было у 1866 годзе 18 ліпеня. Царква была асвечана ў гонар Святых Канстанціна і Алены. З 1875 г. пры царкве існавала багадзельня, а у 1883 г. у памяшканні багадзельні была адкрыта аднакласная царкоўна-прыходская школа, у якой у першы год існавання навучаліся грамаце 44 хлопчыкі і 6 дзяўчынак. У 1918 годзе згарэла старая драўляная царква св.Параскевы, богаслужэнні адбываліся толькі у Канстанцінааленінскай. У час Вялікай Айчыннай вайны царква працавала пастаянна. У 1988г. настаяцелем быў назначаны святар Дзмітрый Агіевіч, які праводзіць богаслужэнні і зараз. З 1991г. пры царкве адкрылася нядзельная школа.

У царкоўным двары знаходзяцца дагледжаныя надмагільныя курганкі. У адной з іх пахавана Маеўская Марыя Іпалітаўна (1886-1953гг.)- першая настаўніца горада Валожына.

13 05 2020 01 33