На пленарным пасяджэнні, якое прайшло 23 лютага, прысутнічалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Каліна Віктараўна Капуцкая, начальнік Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Станіславаўна Кіндзірэнка, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Валянцінаўна Апраніч.
Перад удзельнікамі калегіі, прысутнымі ў аблвыканкаме, у студыях раёнаў вобласці і горада Жодзіна, выступіў начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Башко. Ён дэталёва прааналізаваў дзейнасць сістэмы адукацыі Міншчыны ў 2020 годзе, адзначыў перспектыўныя задачы работы, вызначаныя Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, выступленнем кіраўніка дзяржавы на Усебеларускім народным сходзе.
«У сферы адукацыі ў цэнтры ўвагі – развіццё асобаснага патэнцыялу падрастаючага пакалення, высокі ўзровень ведаў. Маладзёжная палітыка будзе сканцэнтравана на фарміраванні прававых, культурных і маральных каштоўнасцей у маладога пакалення. Павышэнне канкурэнтаздольнасці адукацыі, патрыятычнае выхаванне, захаванне сямейных традыцый – адны з галоўных задач адукацыі», – адзначыў М. М. Башко.
На калегіі, сярод іншага, гаварылася: стабільнае фінансаванне стала асновай устойлівага функцыянавання і развіцця сістэмы адукацыі. З бюджэту ў 2020 годзе было накіравана 907541236,93 тыс. рублёў (29,89% ад кансалідаванага бюджэту вобласці).
Сярэдняя заработная плата работнікаў склала 878,91 рубля на аднаго сярэдняспісачнага работніка (117,63% да адпаведнага перыяду 2019 года); педагагічных работнікаў – 1030,62 рубля, настаўнікаў – 1078,12 рубля.
На праектаванне і будаўніцтва 17 аб’ектаў адукацыі было накіравана з абласнога бюджэту 60,1 млн рублёў і рэспубліканскага бюджэту 48,5 млн рублёў. Завершана будаўніцтва 10 устаноў дашкольнай адукацыі на 2220 месцаў, у тым ліку ў гарадскім пасёлку Івянец.
У рамках рэалізацыі праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» выкананы капітальны рамонт з мадэрнізацыяй ДУА «Івянецкая сярэдняя школа» і іншых устаноў адукацыі. На 2021-2025 гады ў новы праект уключана 37 устаноў на суму 9,362 млн еўра.
Для арганізацыі падвозу дзяцей цэнтралізавана набыты 40 аўтобусаў.
У ліку поспехаў сістэмы адукацыі Міншчыны і тое, што павялічылася колькасць навучэнцаў, якія атрымалі атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём. У 2020 годзе адкрыта 6 STEM-цэнтраў, арганізаваны 3 выезды мабільнага STEAM-класа. Пачалі работу 4 класы прававой накіраванасці (53 навучэнцы), у 34 ваенна-патрыятычных класах навучаюцца 333 юнакі і дзяўчаты,
у 63 спецыялізаваных па спорце класах – 1026 навучэнцаў. Агучваліся і іншыя факты, якія сведчаць пра станоўчую дынаміку развіцця галіны.
Сярод пастаўленых на бліжэйшую будучыню задач – кантроль над павышэннем якасці і даступнасці адукацыі, развіццё розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі для дзяцей ранняга ўзросту і стварэнне дадатковых месцаў для яе атрымання, павышэнне камфорту і бяспекі навучэнцаў, эфектыўнае развіццё адукацыйнага турызму і шэраг іншых патрабаванняў.
На выніковай калегіі ўпраўлення былі названы пераможцы абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» за 2020 год. У той жа дзень узнагароды Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама атрымалі лепшыя педагогі Міншчыны.
Валожыншчына – у ліку лепшых.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна КРЫКАЛА адзначана Падзякай старшыні Мінскага аблвыканкама за добрасумленную плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўкад у развіццё сістэмы адукацыі вобласці, а таксама ўзнагароджана Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама за выніковы ўдзел у абласным конкурсе «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» па выніках 2020 года.
Нашаму ўпраўленню па адукацыі, спорце і турызме ўручаны Дыплом пераможцы абласнога конкурсу «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» ў намінацыі «Лідар у рэалізацыі кадравай палітыкі», Дыпломы лаўрэата гэтага ж конкурсу ў намінацыях «Развіццё эканомікі адукацыі» і «Лідар у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя».