Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Прышчэплівацца, умацоўваць імунітэт даступнымі метадамі, каб спыніць эпідэмію

14.10.2021

Прышчэпку супраць COVID -19 у нашым раёне пачалі рабіць яшчэ вясной. У людзей былі розныя погляды і адносіны да вакцынацыі, аднак перамог здаровы сэнс. І ён цалкам апраўдаў надзеі і спадзяванні.

Сёння жыхары раёна на старонках газеты дзеляцца сваімі роздумамі і меркаваннямі – спадзяёмся, што іх разумныя довады яшчэ раз пераканаюць валожынцаў у важнасці вакцынацыі.

Пётр БІБІК, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– На каранавірус перахварэў у лістападзе-снежні мінулага года – можна сказаць, захворванне праходзіла ў сярэдняй ступені: першы тыдзень было цяжкавата, пасля крыху палягчэла, тым не менш тры тыдні давялося быць на бальнічным. А вось прыйшоў у норму толькі праз тры месяцы: дагэтуль увесь час назіралася слабасць і ўвогуле адчуванне нездаровага чалавека.

Сёлета ў маі зрабіў прышчэпку – без ваганняў прыняў і 1-ю, і 2-ю дозы. Скажу без высокіх слоў: адчуваць сябе стаў больш упэўнена, бо я абараніўся.

Вакцынацыю ж супраць розных захворванняў нам праводзяць з дзіцячых гадоў – аб яе карысці і неабходнасці гаворыць уся сусветная практыка. Таму прытрымліваюся здаровага абгрунтаванага сэнсу: у коле сям’і параіліся і прышчапіліся ўсе – жонка, дачка з зяцем. Сярод сваякоў можа хто і вагаўся спачатку, але пасля браты са сваімі сем’ямі таксама зрабілі прышчэпку.

Сустракаючыся з людзьмі, стараюся сам пагаварыць на гэту тэму і пераконваю ў важнасці і правільнасці вакцынацыі. Калі разумна рассудзіць, узважыць, як кажуць, “за” і “супраць”, то прышчапіцца супраць COVID-19 павінен кожны.

Валянціна АДАМОВІЧ, дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры:

– Я ўвесь час знаходжуся ў кантакце з калегамі, роднымі, гасцямі музея і адчуваю адказнасць за іх здароўе і бяспеку.

Для мяне вакцынацыя – гэта праява сацыяльнай адказнасці кожнага з нас і павага да навакольных.

Мы стаміліся ад супрацьэпідэмічных абмежаванняў, нашэння масак і выкарыстання санітайзераў. Мы ўсе хочам вярнуцца да звычайнага ладу жыцця. І сёння прышчэпка – адзіны да гэтага шлях.

Заклікаю ўсіх зрабіць выбар на карысць вакцынацыі. Усім здароўя!

Вольга КАЗЕРСКАЯ, начальнік Валожынскага філіяла адкрытага акцыянернага таварыства “Аграхімпраект”:

– Восенню мінулага года муж захварэў на каранавірус. Да гэтага часу памятаю тое пачуццё жаху, якое адчула, калі ён патэлефанаваў і паведаміў пра станоўчы вынік тэсту. Першы тыдзень на ізаляцыі прайшоў у моцным напружанні – не ведалі, чаго чакаць. На шчасце, у мужа захворванне прайшло ў выглядзе лёгкай прастуды з невялікім павышэннем тэмпературы, а ў мяне, акрамя закладзенасці носа, ніякіх сімптомаў не было, нават тэст быў адмоўным.

Першую сустрэчу з небяспечным ворагам мы вытрымалі, але не ведалі: выпрацаваўся ў нас імунітэт ці не. У акружэнні – непрышчэпленыя людзі, перахварэўшыя адзін раз, заражаліся паўторна і цяжка пераносілі хваробу. Вырашыла: пры першай магчымасці зраблю прышчэпку.

Тыя, з кім маю зносіны, па-рознаму меркавалі пра вакцынацыю. Але паколькі па сваёй другой прафесіі я эпідэміёлаг (спецыяльнасць атрымала на ваеннай кафедры ва ўніверсітэце), сумненняў наконт эфектыўнасці вакцынавання ў мяне не было. З дзяцінства захаплялася Луі Пастарам, які ўпершыню стварыў прышчэпку супраць шаленства і выратаваў жыццё дзевяцігадовага хлопчыка, якога ўкусіў шалёны сабака ў 1885 годзе. На пытанне знаёмых, чаму рашылася на вакцынацыю, адказвала: па-першае, мне ўжо 50 гадоў; па-другое, маю хранічныя захворванні – надакучыла жыць быццам ходзіш па мінным полі: крок управа, крок улева можа быць апошнім. Па-трэцяе, не хачу абмяжоўваць свае зносіны з дзецьмі, знаёмымі. І яшчэ: лічу сваім абавязкам стаць часткай людзей, якія, нарэшце, створаць калектыўны імунітэт супраць гэтай хваробы.

У ліпені 2021 года даведалася, што можна запісацца на вакцынацыю. Папярэдне патэлефанавала ўчастковаму тэрапеўту Алене Уладзіміраўне Лушчыцкай, якая сказала, што прышчэплівацца неабходна. Гэта не дае гарантыі ад заражэння, але, па назіраннях урачоў, прышчэпленыя людзі хваробу пераносяць лягчэй.

Мы з мужам вырашылі разам рабіць прышчэпку. Чакалі каля тыдня. Безумоўна, хваляваліся. У вызначаны дзень прыйшлі ў паліклініку, прайшлі папярэдні агляд тэрапеўта і прышчапіліся. Ніякіх балючых адчуванняў ні ў мяне, ні ў мужа, ні ў людзей, якія рабілі прышчэпку разам з намі, не было. Другую прышчэпку зрабілі праз тры тыдні. Перанеслі добра.

Кожны чалавек робіць сам свой выбар у складаных жыццёвых сітуацыях. Але ўпэўнена: мы павінны прышчэплівацца, умацоўваць імунітэт усімі даступнымі метадамі, каб спыніць эпідэмію.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

– Вакцынацыю двума кампанентамі вакцыны Спадарожнік V прайшла ў маі і ў чэрвені – пасля першай і другой прышчэпак ніякіх паследкаў не адчула, але каранавірус мяне не абышоў. Пачалося ўсё з невялікага недамагання нашкталт прастуды: тэмпература паднялася да 37,8 градуса, пяршыла ў горле, знік пах. Прайшоўшы ўсе неабходныя працэдуры ў паліклініцы і атрымаўшы бальнічны ліст, чакала вынікаў тэсту. Тэст пацвердзіў каранавірус, аднак, як ні дзіўна, на наступны дзень прачнулася без тэмпературы, пяршэння ў горле, але з адсутнасцю паху, якога, дарэчы, не адчувала цэлы тыдзень. Самым складаным стала ізаляцыя ў спёку, ды яшчэ і душнай кватэры.

Адначасова са мной каранавірус пацвердзіўся ў мужа, які не быў прышчэплены. Першыя два дні яго непакоіла тэмпература пад 40, пасля на працягу двух тыдняў яна трымалася на ўзроўні 38 градусаў, дадаліся пнеўманія і ўсе адпаведныя сімптомы. У адрозненне ад мяне ён хварэў амаль тры тыдні.

Лічу, што лепш два тыдні ў душнай кватэры, чым лежачы на ШВЛ. Беражыце сябе і абавязкова зрабіце прышчэпку!

Таццяна ЦІГАНІНА, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі:

– Самае дарагое ў чалавека – жыццё. І гэта не толькі па словах вялікага пісьменніка Мікалая Астроўскага, гэта ісціна, пацверджаная часам, якую старэйшае пакаленне шануе больш, чым маладыя. А цяпер, калі свет спасцігла такая эпідэмія, надышоў час змагацца – і толькі ўсім разам.

Перажыўшы вайну, аддаўшы жыццё служэнню Радзіме, выгадаваўшы дзяцей, ёсць магчымасць пажыць спакойна. Недаравальна адыходзіць з-за кавіда. Медыкі робяць вельмі многа, але і нам трэба пайсці ім насустрач, інакш гэта зараза так і будзе перадавацца ад аднаго да другога.

Супраціўляцца супраць вакцыны – няграматнасць і неразуменне таго, што робіць увесь свет. Я прышчапілася расійскай вакцынай, хаця Кітай лічу развітой, цывілізаванай краінай. Але Расія заўсёды была вялікай магутнай дзяржавай, дзе сканцэнтраваны таленавітыя, адораныя ад Бога вучоныя, у тым ліку і беларусы.

Прышчэпкі трэба рабіць усім – і пажылым, і маладым, ствараючы моцнае замкнутае кола супраць кавіда, а не чакаць: раптам пранясе?

«ПРАЦОЎНАЯ СЛАВА»