Ажыўлена-людна было каля возера ў цэнтры г.Валожына вечарам 6 ліпеня. Тут, як і бывала на працягу многіх гадоў, калектыў раённага цэнтра культуры ладзіў для валожынцаў народнае свята “Купалле”. Пачалі свята Купава (Вера Лявіцкая), Купаліш (Уладзімір Ціханоўскі) і Купалінка (Аксана Квач), якая выйшла на сцэнічную пляцоўку з песняй “Купалінка”. А яе сяброўкі-купаўкі, удзельнікі ўзорнага Клуба “Грацыя”, прыгожа карагодзілі-танчылі пад гэтую песню…
Тэматычнымі народнымі песнямі, гульнямі, карагодамі, танцамі з майстар-класам парадвалі ўсіх прысутных удзельнікі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Гасцінец” з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці.
У цудоўным выкананні ўдзельнікаў народнага гурта народнай песні “Сваякі” гучалі вясёлыя песні, падпяваць якія запрашалі ўсіх прысутных.
Не абышлося, вядома ж, без купальскага ачышчальнага вогнішча, кідання вяночкаў у возера, шукання чароўнай Папараць-кветкі… Сапраўднае воднае шоу прадэмантравалі супрацоўнікі МНС.
На працягу ўсяго вечара працавалі надзімныя горкі для дзяцей, жадаючыя маглі сфатаграфавацца каля жартоўнага шчыта “Друзья”, купіць салодкую вату, папкорн, сувенір.
Закончылася Купалле святочнай дыскатэкай.