22 жніўня ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Валожынскага раённага цэнтра культуры арганізавалі экскурсію ў Залессе Смаргонскага, дзе ў свой час жыў і плённа тварыў сусветна вядомы кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, які ўвайшоў у гісторыю і як відны палітык, дыпламат, паўстанец і грамадскі дзеяч. Аднак найбольшую славу ён заваяваў як аўтар цудоўнага паланэза «Развітанне з Радзімай», які ён напісаў у гэтых мясцінах. Да рунеўцаў далучыліся таксама ўдзельнікі гуртка паэтычнага майстэртсва «Летуценнік», іншыя зацікаўленыя валожынцы.
З дапамогай экскурсаводаў, якія былі ў касцюмах тых памятных часоў, усе з цікавасцю пазнаёміліся з экспазіцыямі пакояў адноўленай сядзібы М.-К.Агінскага, цудоўнай аранжарэяй, палюбаваліся незабыўна-прыгожымі мясцінамі, пахадзілі па тых сцяжынках-дарожках, якімі калісьці хадзіў слаўны творца, набылі памятныя сувеніры.
Са шчырай падзякай за пачутае і ўбачанае, Марыя Шакун падаравала музею-сядзібе ўласную кнігу «Мае сцяжыны», дзе змешчаны і верш «Залессе», прысвечаны М.-К.Агінскаму, а Валянціна Гіруць-Русакевіч – свой верш «На сцежках Залесся».
Па дарозе дамоў удзельнікі экскурсіі наведалі таксама Крэва, дзе вядуцца рэтаўрацыйныя работы славутага Крэўскага замка.


